12 красавіка ў Мінску сабраліся ўсе фіналісткі нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь». Ужо з сённяшняга дня ў дзяўчат пачалася актыўная падрыхтоўка да шоу: літаральна з ранку да ночы штодзённыя рэпетыцыі з рэжысёрамі і харэографамі, дэфіле, праца з візажыстамі і стылістамі, фотасесіі, майстар-класы.
У кастынгах «Міс Беларусь» сёлета прынялі ўдзел [3] больш за 700 дзяўчат, але строгі адбор прайшлі толькі 30. Сярод кандыдатак на званне новай каралевы прыгажосці — дзяўчаты ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з самай рознай адукацыяй, працай і захапленнямі. Напрыклад, дачка праваслаўнага святара з Бабруйска Марыя Первій не толькі прымала актыўны ўдзел у будаўніцтве храма, але і зладзіла ўласны бізнес па пракаце аўтамабіляў; Кацярына Калюта з Баранавіч паралельна атрымлівае дзве вышэйшыя адукацыі: у Белдзяржуніверсітэце транспарту яна вучыцца на інжынера-электрыка, а ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Ф. Скарыны — на эканаміста-менеджара, а Ксенія Вясельская са Слаўгарада — не толькі магістр юрыдычных навук, але і валанцёр Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Адзіная прадстаўніца Віцебшчыны — Марыя Прашковіч з Наваполацка працуе выхавальніцай і нянечкай у дзіцячым садку, а Кацярына Лайбіс — аніматарам — талісманам хакейнага клуба «Гомель». 19-гадовая мінчанка Хрысціна Бурачонак — майстар спорту па мастацкай гімнастыцы, 21-гадовая гамяльчанка Наталля Паўлоўская — артыстка балета Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, 18-гадовая мінчанка Анастасія Губарэвіч (дарэчы, падчарка футбаліста Аляксандра Глеба) сур'ёзна захапляецца лыжным спортам, а Дар'я Салодкая з Краснаполля настолькі самааддана займаецца лёгкай атлетыкай, што марыць заваяваць залаты медаль на Алімпіядзе-2024 у Парыжы... І гэта толькі малая частка цікавых фактаў пра ўдзельніц «Міс Беларусь — 2018», якіх у цэлым акрамя прыгажосці аб'ядноўвае актыўная жыццёвая пазіцыя і імкненне да самаразвіцця.
Што да ўласна фіналу конкурсу, які адбудзецца 4 мая ў сталічным Палацы спорту, то арганізатары — тэлеканал АНТ — абяцаюць гледачам двухгадзіннае захапляльнае шоу. «Яно будзе поўным высокатэхналагічных фішак, рэжысёрскіх хадоў, сюрпрызаў і гучных імёнаў, у тым ліку міжнароднага ўзроўню», — адзначыў кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Іван Падрэз. Паводле яго слоў, у пастаноўцы, якую здзяйсняе рэжысёр Ілья Баранаў (ён ужо ставіў фінал конкурсу «Mіss Supranatіonal» у 2013-м), будуць выкарыстаны вобразы чатырох стыхій: зямлі, агню, вады і паветра, кожную з якіх увасобяць беларускія прыгажуні. Таксама прагучыць тэма малой радзімы. Асобны блок праграмы будзе прысвечаны ІІ Еўрапейскім гульням, што пройдуць налета ў Беларусі.
Званне «Міс Беларусь», падкрэсліваюць арганізатары, атрымае дзяўчына, якая вызначаецца не толькі прыгажосцю і адпаведнымі мадэльнымі параметрамі, але і спалучае ў сабе духоўнасць, інтэлект, крэатыўнасць і дабрыню, размаўляе на замежных мовах, добра ведае гісторыю і мае асаблівую беларускую энергетыку — словам, можа ў будучыні годна прадставіць нашу краіну ў прэстыжных міжнародных конкурсах, у тым ліку «Міс свету» і «Mіss Supranatіonal».
Дарэчы, сёлета конкурс «Міс Беларусь» адзначае 20-годдзе — першы агляд беларускіх прыгажунь менавіта з такой назвай і фарматам адбыўся ў 1998-м і далей праходзіў з перыядычнасцю раз на два гады. Магчыма, у сувязі з гэтай датай арганізатары конкурсу (Міністэрства культуры, Нацыянальная школа прыгажосці і тэлеканал АНТ) прадугледзяць дадатковыя спецыяльныя прызы для ўдзельніц. На дадзены момант вядома, што ўладальніца галоўнага тытула атрымае ў якасці ўзнагароды адмысловую пераходную карону «Міс Беларусь», грашовы прыз у памеры 500 базавых велічынь і пазадарожнік Geely Atlas, а «Першая віцэ-міс» і «Другая віцэ-міс» — буйныя грашовыя прызы і падарункі ад партнёраў праекта.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Ліны МАЛІНІНАЙ і БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20180211/1518334717-yak-u-stalicy-prahodziu-kastyng-mis-belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus-2018