У Брэсцкай вобласці стартаваў дабрачынны праект па дыягностыцы і аказанні афтальмалагічнай дапамогі дзецям з сельскай мясцовасці. Добрую справу робяць Беларускі дзіцячы фонд, кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і Брэсцкага аблвыканкама.
Ажыццяўленне праекта на Брэстчыне пачалося з наведвання школ Камянецкага раёна. Туды накіравалася брыгада ўрачоў-афтальмолагаў на спецыяльным аўтамабілі, які абсталяваны прыборамі для дыягностыкі паталогій органаў зроку. Яшчэ адна брыгада працуе ў Маларыцкім раёне. Пазней урачы выедуць у Кобрынскі, Жабінкаўскі, Пружанскі, Бярозаўскі, Ляхавіцкі і Ганцавіцкі раёны, дзе агледзяць больш за 13 тысяч вясковых дзяцей. Як паказвае практыка, гэта вельмі патрэбна зараз, калі школьнікі шмат часу праводзяць каля манітораў камп'ютараў і бавяць час са смартфонамі.
На працягу двух мінулых гадоў праект пад назвай «Я бачу» праводзіўся ў асобных раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Па выніках агляду ў 31 % дзяцей былі выяўлены розныя паталогіі зроку. У паловы з іх захворванні дыягнаставаны ўпершыню. Малыя пацыенты атрымалі рэкамендацыі, рэцэпты на акуляры, некаторых жа накіравалі на лячэнне ў стацыянары, а 80 чалавек адправіліся на аперацыю, паведаміла прадстаўнік прэс-службы кампаніі velcom Лізавета ШАЛАЙ. І вядома ж, чым раней пачнецца лячэнне, тым лепей для пацыента. На гэта і накіраваны дабрачынны праект.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/zrok