Сёлета ў Беларусі стала на адно прафесійнае свята больш. 22 красавіка будзе адзначацца Дзень судовага эксперта. Менавіта ў гэты дзень у 2013-м годзе быў падпісаны Указ, які і стварыў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.
Да першай юбілейнай даты ДКСЭ і Белпошта падрыхтавалі адмысловы паштовы праект. Трыццацітысячным тыражом быў аддрукаваны памятны канверт, на які нанесены малюнак будынка і эмблемы Дзяржаўнага камітэта, а таксама словы: «Аб'ектыўнасць. Гонар. Айчына», якімі ў сваёй працы штодня кіруюцца ўсе супрацоўнікі адзінага экспертнага ведамства. Цырымонія гашэння канверта адбылася ў сталіцы.
- Мы стараемся ў паштовым летапісе адзначаць знакавыя для нашай краіны падзеі, у тым ліку юбілейныя, - зазначыў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шэдко. - Таму для нас было гонарам уключыць у гэты спіс і маркіраваны канверт, прысвечаны гэтай памятнай даце для судовых экспертаў.
А старшыня ДКСЭ Андрэй Швед, падводзячы вынікі першых 5 год працы ведамства, адзначыў вялікі прагрэс у беларуска-кітайскіх прафесійных стасунках.
- Мы завяршылі ў 2017 годзе трохгадовы цыкл узаемных абменаў з Кітаем. На наступным тыдні група спецыялістаў з Міністэрства грамадскай бяспекі Кітая наведае Беларусь. У нашых планах – сумесныя ўзаемныя стажыроўкі. Правялі цыкл выпрабаванняў навейшых узораў кітайскага абсталявання. Плануем даследаваць узоры ДНК, што дапамагае раскрываць злачынствы мінулых гадоў. У перспектыве аўтаматызацыя дапаможа стварыць базу, якая дазволіць выкрываць злачынцаў у тым выпадку, калі яны пакінулі свае біялагічныя сляды.
Нашы партнёры з Паднябеснай дапрацоўваюць прыборы. Таксама да нас паступаюць кітайскія расходныя матэрыялы, якія па кошце ніжэйшыя за аналагі, а па якасці ім не саступаюць.
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/sudovyya-eksperty
[3] https://zviazda.by/be/tags/belposhta