Студэнцкі праект БДУ «Экаўгнаенні для ўстойлівага развіцця сельскай гаспадаркі і зялёнай эканомікі» стаў абсалютным пераможцам у намінацыі «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць» на Рэспубліканскім маладзёжным конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Яго аўтарамі выступілі трэцякурснікі хімічнага факультэта Лізавета Сяргеева-Някрасава і Максім Мацавіла. Таксама ў каманду распрацоўшчыкаў увайшла дзесяцікласніца сталічнай гімназіі № 6 Яна Дрозд.
Ідэя, прапанаваная маладымі даследчыкамі, скіравана на вытворчасць зручных у выкарыстанні экалагічных угнаенняў. Працэс безадходны і заснаваны на прымяненні біяраскладальнай, цалкам растваральнай у вадзе плёнкі, распрацаванай у лабараторыі Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ.
Спецыяльна спакаваныя гранулы мікраўгнаенняў палягчаюць догляд раслін, зніжаюць рызыку няправільнага ўвядзення падкормкі ў глебу і скарачаюць частату паліву за кошт паступовага вызвалення дзейных элементаў і павольнага растварэння плёнкі.
У якасці асноўных кампанентаў угнаення выступаюць адходы буйнатанажных вытворчасцяў. У прыватнасці, лігнін назапашаны ў цяперашні час у адвалах у колькасці больш за тры мільёны тон. Таксама ў склад уваходзіць сумесь мона- і дыгідрафасфату калію. Дадзены састаў фарміруе канкурэнтныя перавагі інавацыі і забяспечвае яе эканамічную даступнасць.
Угнаенні былі пратэсціраваныя ў Інстытуце глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Было здзейснена аграхімічнае культываванне на глебах азімых, яравых збожжавых культур і кукурузы, а таксама на агародніне ў закрытым грунце. Паўсюдна адбылося павелічэнне ўсіх якасных паказчыкаў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/100-idey-dlya-belarusi-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/ugnaenni