Дзеянні трох сяржантаў у Печах прывялі да самагубства Аляксандра Коржыча. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Алег Шандаровіч.
На думку следства, супрацьпраўныя дзеянні трох сяржантаў 3-ці вучэбнай танкавай роты вайсковай часткі 43064 72-га АНЦ ў адносiнах да падначаленых iм ваеннаслужачых прывялі да самагубства радавога Аляксандра Коржыча. Следчыя разглядалі тры версіі прычыны смерці салдата: самагубства, давядзенне да самагубства і наўмыснае забойства. Праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што радавога давялі да самагубства дзеянні абвінавачаных сяржантаў. У адносінах да Коржыча яны з'яўляліся начальнікамі.
"У ходзе следства ўстаноўлена, што ў выніку дзеянняў трох абвінавачаных адбылося самагубства вайскоўца, - сказаў Алег Шандаровіч. - Фактычна дзеянні з'яўляюцца давядзеннем да самагубства, але паколькі яны службовыя асобы, то гэта кваліфікуецца ў якасці цяжкіх наступстваў па ч.3 арт. 455 КК (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады) ".
Як распавёў следчы, Коржыч з 17 па 26 верасня знаходзіўся на стацыянарным лячэнні ў медроце, 26-га быў суправоджаны ў вайсковую частку, аднак самавольна сышоў. З 12.40 гэтага дня Коржыча ніхто не бачыў. Цела салдата было знойдзена 3 кастрычніка. Начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Уладзімір Макараў адзначыў: "Прычына - самаўхіленне службовых асоб 3-ці школы падрыхтоўкі спецыялістаў 72-га АНЦ, уключаючы камандзіра падраздзялення, старшыну, малодшых камандзіраў. За гэта ў рамках кампетэнцыі Мінабароны яны прыцягнуты да адказнасці і зроблены адпаведныя высновы. З няўхільнай цвёрдасцю будуць спыняцца найменшыя адступлення ад статута, у тым ліку з боку службовых асобаў, якім прадпісана адказваць за падтрыманне дысцыпліны".
Усяго было заведзена 15 крымінальных спраў, якія былі аб'яднаны ў адну вытворчасць. Стаўленне да гібелі радавога маюць толькі тры крымінальныя справы, якія заводзіліся ў дачыненні да трох сяржантаў. Тры справы перададзеныя ў суд, расследаванне астатніх працягваецца.
Як паведамлялася [2], цела Аляксандра Коржыча, які праходзіў тэрміновую службу з мая 2017 года, было выяўлена 3 кастрычніка ў падвале будынка на тэрыторыі вайсковай часткі ў Барысаўскім раёне. Следчы камітэт падаўжаў тэрміны расследавання па справе аб гібелі салдата. Былі выяўлены іншыя факты нестатутных узаемаадносін не толькі ў гэтым вайсковым падраздзяленні, але і ў іншых частках, таму СК падоўжыў тэрміны расследавання, каб поўна, аб'ектыўна і ўсебакова даследаваць ўсе наяўныя заявы і паведамленні пра злачынствы.
БЕЛТА [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/be/news/20171013/1507904413-na-praparshchyka-i-starshynu-roty-u-pechah-zavedzena-kryminalnaya-sprava
[3] http://www.belta.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pechy
[5] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-sprava
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-korzhych