Больш за 115 тысяч рублёў ахвяраванняў сабралі ў Бабруйску падчас дабрачыннага марафону "Па закліку сэрца ўсім светам" на рамонт дзіцячай бальніцы.
Не перастаю захапляцца тым, як у Бабруйску могуць арганізаваць добрую справу. Каб адрамантаваць старую дзіцячую бальніцу, якой, дарэчы, сёлета спаўняецца 55 гадоў, падключыўся ўвесь горад. Прычым ахвотна і нават урачыста. Увесь дзень 18 красавіка быў насычаны рознымі дабрачыннымі падзеямі, у якіх прымалі удзел дыпламаты, артысты, дэпутаты. Гэта адбылося дзякуючы кіраўніцтву горада і вялікім энтузіястам сваёй справы, якія дапамаглі ўсё арганізаваць.
Сэрца вялікага горада
Шмат намаганняў прыклалі беларускі спявак Руслан Аляхно і таленавіты журналіст Вадзім Шчаглоў, які на базе звычайнай гарадской газеты "Бабруйскае жыццё" за некалькі гадоў змог стварыць магутны працаздольны медыяхолдынг з асабістым FM-радыё і тэлебачаннем. Зараз ён працуе першым намеснікам генеральнага дырэктара тэлеканала СТБ, а ў родны Бабруйск прыехаў, каб прыняць удзел у дабрачынным марафоне ў якасці вядучага канцэрта.
— Наогул праект стартаваў летась у верасні якраз пры падтрымцы нашага бабруйскага радыё "Zефір FM", якое тады толькі адкрылася, — паведаміў Вадзім Шчаглоў карэспандэнту "Звязды". — У нас атрымалася сабраць для дзіцячай бальніцы 170 тысяч беларускіх рублёў. Потым да справы падключыўся наш зямляк Руслан Аляхно, які ў Год малой радзімы таксама вырашыў зрабіць нешта карыснае для роднага Бабруйска. Ён сказаў, што трэба гэты праект зрабіць больш маштабным, выйсці за межы краіны, і дадаў да яго назвы "Па закліку сэрца" яшчэ два словы — "усім светам". Руслана падтрымалі Бабруйскі гарвыканкам, Белтэлерадыёкампанія, медыяхолдынг "Бабруйскае жыццё" і іншыя. Да нас прыехалі яго сябры, усе сродкі ад канцэрта будуць накіраваны на разліковы рахунак дзіцячай бальніцы. Да добрай справы падключыліся і спонсары з іншых краін. Усё гэта дапаможа прыблізіць да здзяйснення запаветную мару ўсіх бабруйскіх бацькоў, каб іх дзеці лячыліся ў больш камфортных умовах і былі здаровыя.
— Мае сябры па сцэне ахвотна адгукнуліся на просьбу дапамагчы. Тая ж Дзіяна Гурцкая, з якой мы ўжо 5 гадоў разам удзельнічаем у дабрачынных канцэртах міжнароднага фестывалю "Белы кій" у падтрымку невідушчых дзяцей, нават не раздумвала, ехаць ёй у Бабруйск ці не. Іосіф Кабзон не змог прыехаць па стане здароўя, але запісаў відэа для канцэрта. Шмат хто з сяброў адмяніў свае звычайныя канцэрты, здымкі, запісы на радыё і тэлебачанні. Гэта нармальная сітуацыя, калі прыходзіцца чымсьці ахвяраваць дзеля такой высакароднай справы. Дарэчы, мой брат Юрый распрацаваў своеасаблівы лагатып гэтага дабрачыннага праекта ў выглядзе чалавечка з вялікім сэрцам, — адзначыў Руслан Аляхно.
Дыпламаты на футбольным полі
Дабрачынны марафон "Па закліку сэрца ўсім светам" падтрымалі і прадстаўнікі пасольстваў іншых краін, якія прынялі ўдзел у аматарскім футбольным матчы. Пасол Славакіі Ёзеф Мігаш узначаліў каманду "Дыпламат", у якую увайшлі супрацоўнікі пасольстваў Расіі, Пакістана, Славакіі, Таджыкістана. Зборную Бабруйска ўзначаліў старшыня гарвыканкама Аляксандр Студнеў. У яе складзе гулялі прадстаўнікі гарадской адміністрацыі і бабруйскія ветэраны спорту.
Уваход на стадыён быў бясплатны, але кожны змог унесці сваю лепту і папоўніць агульную скарбонку. З невялікім адрывам 2:1 перамаглі бабруйчане, але стаўка рабілася не на перамогу, а на дабрачыннасць.
У чаканні абнаўлення
За Бабруйскай дзіцячай бальніцай замацавана больш за 46 тысяч дзяцей з горада і з навакольных раёнаў. Летась тут прайшло лячэнне каля 6 тысяч маленькіх пацыентаў. У 2009 годзе была зроблена рэканструкцыя часткі бальніцы, у выніку чаго з'явілася сучаснае рэанімацыйнае аддзяленне. Была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя і на астатнія плошчы бальніцы, але ўзніклі фінансавыя цяжкасці. Падчас дабрачыннага марафону прадстаўнікі дыпламатычных місій змаглі ўсё ацаніць сваімі вачыма, а заадно азнаёміцца з магчымасцямі рэанімацыйнай дапамогі дзецям. Дарэчы, аддзяленне абсталявана сапраўды сур'ёзна. На ўзбраенні медыкаў высакакласная сучасная апаратура.
— У год праз аддзяленне праходзіць да 400—500 хворых дзяцей, яшчэ столькі ж абслугоўвае выязная брыгада, — адзначыў яго загадчык Аляксей Батыраў. — Мы лечым пацыентаў з цяжкімі неўралгічнымі паталогіямі, хваробамі органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы. Пасля адкрыцця рэанімацыі ў нас з'явілася магчымасць выходжваць неданошаных немаўлят і нованароджаных дзяцей з цяжкімі паталогіямі.
Не ўсё вымяраецца грашамі
Радзівон Газманаў, Анатоль Ярмоленка, Дзяніс Клявер, Дзіяна Гурцкая, Аляксандр Саладуха, Дзмітрый Калдун, Ірына Дарафеева, Анастасія Ціхановіч, група "Фрыстайл", зорка мюзіклаў "Нотр-Дам дэ Пары", "Рамэа і Джульета" Эд Шульжэўскі і шмат іншых артыстаў прыехалі ў горад на Бярэзіне, каб даць грандыёзны канцэрт на вялікай лядовай "Бабруйск-арэне".
— Удзел у канцэрце прымаюць людзі, з якімі мяне звязвае сапраўднае сяброўства, — прызнаўся Радзівон Газманаў. — Я лічу, што дабрачыннасць — гэта паказчык здароўя грамадства. І калі яно займаецца дабрачыннасцю, значыць, свет станавіцца лепшы. Сам я з'яўляюся папячыцелем апякунскага фонду "Старасць у радасць". Мы ездзім па дамах састарэлых Маскоўскай і іншых абласцей, выступаем для адзінокіх пажылых людзей з канцэртамі.
— Мы з Русланам даўно знаёмы, і я захапляюся тым, што ён змог арганізаваць такі грандыёзны канцэрт з тэлетрансляцыяй, — прызнаўся Дзмітрый Калдун. — Гэта вельмі добрая справа, і тут я падтрымліваю Руслана цалкам.
Да марафону далучыўся і шэраг бабруйскіх прадпрыемстваў, прадстаўнікі сярэдняга і малога бізнесу, грамадскасць, Белтэлерадыёкампанія, іншыя сродкі масавай інфармацыі. Паводле каштарыса, на капітальны рамонт і тэхнічнае ўдасканаленне другой чаргі Бабруйскай дзіцячай бальніцы патрэбна больш за 8 мільёнаў рублёў. Дзякуючы дабрачыннаму канцэрту было сабрана яшчэ 115 тысяч такіх неабходных для гэтай установы рублёў.
— Марафон набірае абароты. І я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто адгукнуўся на нашу акцыю. Вялікі дзякуй артыстам, якія адклалі ўсе свае справы і прыехалі ў Бабруйск. Не сумняваюся, што знойдзецца яшчэ шмат неабыякавых да гэтай праблемы людзей. Тое, што мы зараз робім, называецца добрым прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства, — адзначыў старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Аляксандра АНТАШКЕВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dabrachynnasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/babruysk