Апошні абсалютны манарх у Афрыцы, кароль Свазіленда Мсваці III пераназваў сваю дзяржаву ў Каралеўства Эсваціні, піша lenta.ru [1].
У перакладзе з мовы сваці новая назва азначае "зямля свазі".
Пра сваё рашэнне кароль абвясціў падчас святочнай цырымоніі ў гонар 50-годдзя незалежнасці народа свазі і 50-годдзя самога Мсваці III. Ён заявіў, што адной з прычын перайменавання была блытаніна ў назвах: "Куды б мы не ездзілі, людзі называюць нас Швейцарыяй" (Swaziland - Switzerland).
Эсваціні знаходзіцца на поўдні Афрыкі паміж ПАР і Мазамбікам. Каралеўства здабыла незалежнасць ад Вялікабрытаніі ў 1968 годзе. Насельніцтва складае прыкладна 1,35 мільёна чалавек, аднак гэтая лічба можа быць недакладнай - у краіне больш за чвэрць дарослых жыхароў (26,1%) заражаны вірусам імунадэфіцыту.
У 2013 годзе паведамлялася, што Мсваці III абраў для сябе чарговую нявесту. Паводле інфармацыі Independent Online, 18-гадовая фіналістка конкурсу прыгажосці Сіндзісва Дламіні стала 15-й жонкай караля.
Спасылкі
[1] https://lenta.ru/news/2018/04/20/eswatini/