Напярэдадні рэспубліканскага суботніка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на тэрыторыі Плешчаніцкага лясніцтва паказалі, як працаваць талакой. Задача была засадзіць дзялянку ў тры гектары 15 тысячамі сосен і бяроз. Акцыя ўжо стала традыцыйнай.
— Для лясной галіны вельмі важна лесааднаўленне і лесаўзнаўленне. Такія «тыдні лесу» — прапаганда сярод дзяржаўных служачых, супрацоўнікаў розных устаноў, рэлігійных, грамадскіх арганізацый і звычайных грамадзян па ўсёй краіне. Мэта акцыі — паказаць не толькі тое, што лес — наша багацце, але і што ён мае патрэбу ў абароне і ахове, — сцвярджае Таццяна Кананчук, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы.
На думку дэпутатаў, пасадзіць лес — толькі пачатак справы. Важная праца, якая ўскладзена на лесаводаў, — дагледзець дрэвы і іншыя лясныя культуры. Таму адна з задач акцыі: дапамагчы працаўнікам лясной галіны і выказаць ім сваю павагу.
Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу», арганізатарам якой стала Міністэрства лясной гаспадаркі, прымеркавана да Года малой радзімы.
— Многае ўжо рэалізавана ў сельскай мясцовасці — і праграма аграгарадкоў, і адраджэння вёскі, — адзначыў Баляслаў Пірштук, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў. — Прыйшла вялікая механізацыя, прыйшлі буйнатаварныя вытворцы — і насельніцтва засталося без ручной працы. Гэта, з аднаго боку, плюс, аблягчэнне, а з другога — мінус, бо вельмі мала засталося працоўных месцаў. Таму нам усім разам трэба стварыць умовы, пры якіх нашы маладыя людзі будуць заставацца ў вёсцы.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/les
[5] https://zviazda.by/be/tags/tydzen-lesu
[6] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou