Беларуская гандлёва-прамысловая палата падвяла вынікі рэспубліканскага конкурсу "Лепшы экспарцёр 2017 года". У ліку пераможцаў і лаўрэатаў — лесагаспадарчыя ўстановы Міністэрства лясной гаспадаркі. Пра гэта паведамляе яго прэс-служба.
Так, Мазырскі доследны лясгас перамог у намінацыі "Лясная гаспадарка і лесанарыхтоўчая прамысловасць". У сваім складзе дзяржаўная доследная лесагаспадарчая ўстанова мае цэх дрэваапрацоўкі, абсталяваны лініяй па вытворчасці пілавальных нарыхтовак, комплексам па вытворчасці дранкі паліўнай.
У 2017 годзе ўстановай было адгружана на экспарт прадукцыі на суму 5262,9 тысячы долараў ЗША. Сярод рынкаў збыту — Польшча, Літва, Румынія, Узбекістан, Германія, Бельгія, Венгрыя, Нідэрланды, Украіна.
У ліку лаўрэатаў конкурсу і Гомельскі лясгас. Лесагаспадарчая ўстанова набрала максімальна блізкую колькасць балаў да пераможцы і была адзначана заахвочвальным дыпломам у намінацыі "Лясная гаспадарка і лесанарыхтоўчая прамысловасць".
У фінальны этап конкурсу "Лепшы экспарцёр 2017 года" выйшлі 160 прадпрыемстваў краіны. Пераможцы былі вызначаны ў 22 намінацыях. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых экспарцёраў па выніках мінулага года адбудзецца ў канцы мая ў Палацы Рэспублікі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/lyasgas
[2] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-lyasnoy-gaspadarki-belarusi