Куба ўступіла ў новую эру: упершыню амаль за 60 гадоў на чале першай у Заходнім паўшар'і сацыялістычнай дзяржавы стаў чалавек, які не носіць прозвішча Кастра. На мінулым тыдні на пасяджэнні Нацыянальнай асамблеі народнай улады новага склікання старшынёй Дзяржсавета быў абраны Мігель Дыяс-Канель, якому днямі споўнілася 58 гадоў. За яго прагаласавалі 603 з 604 дэпутатаў аднапалатнага парламента. Паводле кубінскай канстытуцыі, старшыня Дзяржсавета з'яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада. З 2013 года Дыяс-Канель займаў пасаду першага намесніка старшыні Дзяржсавета і Савета Міністраў, гэта значыць быў другой асобай у кубінскай уладнай іерархіі. У тым, што менавіта ён стане пераемнікам 86-гадовага Рауля Кастра, сумненняў практычна не было. Выступаючы перад парламентарыямі, Кастра адзначыў, што з абраннем Дыяс-Канеля кубінцы «папалі ў самую кропку». «Няма ніякага сумневу ў тым, што Дыяс-Канель — дзякуючы сваім асабістым якасцям, досведу і працавітасці — будзе мець абсалютны поспех на даверанай яму пасадзе», — падкрэсліў Кастра. Якія змены чакаюць Востраў свабоды?
«Бітлы» і кар'ера
Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудас, якога парламент Кубы абраў на пасаду кіраўніка Савета Міністраў і Дзяржсавета краіны, раней не быў публічнай персонай і не заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Першыя чуткі пра тое, што Дыяс-Канель можа стаць пераемнікам Рауля Кастра, які ўзначальваў Кубу апошнія 12 гадоў, пачалі цыркуляваць яшчэ ў 2013-м, калі ён быў прызначаны першым намеснікам старшыні дзяржсавета Кубы. Неўзабаве пасля гэтага яго пачалі называць правай рукой Кастра.
Наваспечаны кубінскі лідар нарадзіўся ў красавіку 1960-га, амаль праз год пасля таго, як Фідэль Кастра ўзначаліў Савет Міністраў Кубы. Ён вучыўся на інжынера-электроншчыка і пачаў сваю палітычную кар'еру ў якасці члена Саюза маладых камуністаў у Санта-Клары — горадзе, у якім адбылася фінальная бітва кубінскай рэвалюцыі і дзе сёння стаіць маўзалей Чэ Гевары. Малады Дыяс-Канель выкладаў інжынерную справу ў мясцовым інстытуце і паралельна будаваў кар'еру ў Саюзе маладых камуністаў. У 33 гады ён становіцца яго другім сакратаром. Дыяс-Канеля лічаць больш даступным і адкрытым лідарам, чым братоў Кастра, заўважае ВВС. Ён адыгрываў важную ролю ў кампартыі ў сваёй роднай правінцыі Вілья-Клара, якая лічылася больш свабоднай і ліберальнай, чым іншыя рэгіёны краіны. Напрыклад, там праходзілі рок-канцэрты, якія былі забароненыя ў іншых месцах. У маладосці новы кіраўнік дзяржавы насіў доўгія валасы і адкрыта захапляўся Thе Bеаtlеs, нягледзячы на тое, што ў першыя дзесяцігоддзі пасля рэвалюцыі творчасць «ліверпульскай чацвёркі» лічылася на Кубе чымсьці накшталт «ідэалагічнай дыверсіі».
Аднак захапленні маладосці ніколькі не перашкаджалі прасоўванню палітычнай кар'еры. З правінцыйнага партыйнага ўзроўню новы кубінскі лідар паступова дарос да Палітбюро Камуністычнай партыі Кубы, куды ён быў прыняты ў 2003 годзе. У 2009-м Дыяс-Канель займае пасаду міністра вышэйшай адукацыі, а яшчэ праз чатыры гады становіцца першым намеснікам старшыні Дзяржсавета Кубы. Рауль Кастра хваліў Дыяс-Канеля за яго стабільны палітычны рост і «ідэалагічную цвёрдасць». Таксама Кастра адзначаў, што яго будучы пераемнік не з'яўляецца выскачкай у кубінскай палітыцы.
У Дыяса-Канеля ёсць два сыны ад першага шлюбу. Зараз ён жанаты на Ліс Куэста, універсітэцкай выкладчыцы і супрацоўніцы турыстычнага агенцтва Раrаdіsо.
У адрозненне ад братоў Кастра, якія часта з'яўляліся на публіцы ў вайсковай форме, новага кубінскага лідара звычайна можна ўбачыць у гуаяберы — простай ільняной кашулі з кароткімі рукавамі.
Такім чынам, Дыяс-Канель з юных гадоў з'яўляецца часткай кубінскай палітычнай сістэмы і мае вялікі досвед працы на розных пасадах. Аднак ён не карыстаецца ў кубінскім грамадстве такім беспярэчным аўтарытэтам, як «ветэраны рэвалюцыі», у першую чаргу Рауль Кастра. На думку экспертаў, заваяваць гэты аўтарытэт ён зможа толькі шляхам прыняцця мер для паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы краіны.
«Палітычная будучыня пераемніка Рауля Кастра будзе залежаць ад таго, як ён праявіць сябе на эканамічнай ніве», — адзначае колішні першы намеснік міністра замежных спраў Кубы Хасэ Рауль Віера Лінарэс. У гутарках з карэспандэнтам ТАСС многія кубінцы называлі Дыяса-Канеля эфектыўным менеджарам і прагматыкам, а таксама адзначалі яго блізкасць да народа. «Калі Мігель у цяжкія для нашай краіны 1990-я гады працаваў у Санта-Клары, ён ездзіў па горадзе не на ўрадавым аўтамабілі, а на веласіпедзе, і заўсёды імкнуўся быць там, дзе ён сапраўды патрэбны», — расказала пажылая жыхарка Гаваны.
Сацыялізм або смерць!
Рауль Кастра мае намер неўзабаве пераехаць з Гаваны на ўсход вострава — у Сант'яга-дэ-Куба, адміністрацыйны цэнтр аднайменнай правінцыі, ад якой ён быў абраны дэпутатам Нацыянальнай асамблеі. У гэтым горадзе на могілках Санта-Іфігенія знаходзіцца магіла яго старэйшага брата, лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра, які памёр 25 лістапада 2016-га ва ўзросце 90 гадоў. Урна з прахам камандантэ замуравана ў гіганцкім гранітным камені, на якім замацавана мармуровая шыльда з адзіным словам «Фідэль».
Пры гэтым з вялікай палітыкі Рауль Кастра пакуль не сыходзіць. Яшчэ летась у снежні ён абвясціў, што пакіне пасаду старшыні Дзяржсавета і Савета Міністраў, якую займае з 2008-га, але застанецца на чале Кампартыі — адзінай легальнай палітычнай арганізацыі на Кубе — як мінімум да яе наступнага з'езда ў 2021-м. «Рауль Кастра па-ранейшаму будзе карыстацца велізарным уплывам пры прыняцці найважнейшых палітычных рашэнняў», — заўважыў ВВС прафесар Амерыканскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне, эксперт па Кубе Уільям Леаграндэ.
Дыяс-Канель у сваім першым выступленні ў якасці кіраўніка дзяржавы паабяцаў заставацца верным спадчыне Фідэля і Рауля Кастра. «Я прымаю на сябе адказнасць, якую вы мне даверылі, і перакананы ў тым, што ўсе кубінцы будуць верныя спадчыне гістарычнага лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра і прыкладу Рауля Кастра, — сказаў ён. — Відавочна, што толькі Кампартыя гарантуе адзінства нашага народа. Рауль будзе прымаць удзел у рашэннях, найбольш важных для сучаснасці і будучыні краіны». Рауль Кастра, у сваю чаргу, адзначыў, што менавіта Дыяс-Канель пасля 2021 года зможа ўзначаліць Кампартыю.
Новы кіраўнік дзяржавы заявіў, што мае намер працягваць курс на актуалізацыю сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця краіны. Гэтыя рэформы, пачатыя Раулем Кастра ў 2010 годзе, прадугледжваюць пашырэнне прыватнага сектара эканомікі і прыцягненне замежных інвестыцый пры захаванні сацыялістычнага характару грамадскага ладу і кіраўнічай ролі Кампартыі. «Для тых, хто хоча вяртання да капіталізму, месца не будзе, — падкрэсліў Дыяс-Канель. — Сацыялізм або смерць! Мы пераможам!»
Новыя перспектывы
Новы кубінскі лідар заявіў, што знешняя палітыка астраўной дзяржавы не зменіцца, нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце становіцца ўсё больш пагроз міжнароднаму міру і бяспецы. «Куба не адмовіцца ад свайго суверэнітэту і незалежнасці, не будзе абмяркоўваць свае прынцыпы і не пойдзе на саступкі пад ціскам і пагрозамі. Але мы заўсёды будзем гатовыя весці дыялог», — сказаў Дыяс-Канель. Рауль Кастра, у сваю чаргу, папракнуў ЗША ў вяртанні да «неакаланіяльнай палітыкі» ў дачыненні да Кубы пасля таго, як у студзені 2017 года новым кіраўніком Белага дома стаў Дональд Трамп. «Прыход Трампа прывёў да развароту ў адносінах, якія характарызуюцца агрэсіўным і пагрозлівым тонам», — падкрэсліў ён.
Нягледзячы на ініцыятывы Барака Абамы, які пабываў у сакавіку 2016 года на Кубе з візітам, Вашынгтон па-ранейшаму не адмяняе эканамічнае эмбарга, уведзенае ў 1961-м. Адносіны паміж ЗША і Кубай абвастрыліся пасля скандалу вакол амерыканскага пасольства ў Гаване, 24 супрацоўнікі якога былі эвакуіраваны з сімптомамі акустычнай паразы нервовай сістэмы. І ўсё ж, як лічаць у навуковым фондзе вашынгтонскага бюро па Лацінскай Амерыцы, адыход Кастра ад дзяржаўнага кіравання можа тэарэтычна адкрыць новыя перспектывы для дыялогу з ЗША. «З-за геаграфічнай блізкасці, падабенства рызык і небяспек Злучаныя Штаты павінны захоўваць і паглыбляць супрацоўніцтва з Кубай. Калі гэтага не адбудзецца, то нацыянальныя інтарэсы ЗША апынуцца пад пагрозай, а дасягнуты прагрэс у важных сферах агульных інтарэсаў будзе пастаўлены пад пытанне», — гаворыцца ў заяве фонду.
Супрацоўнік Цэнтра палітычных даследаванняў Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Эдуард Белы ў размове з «Коммерсантом» адзначыў: «Палітыка Трампа досыць эксцэнтрычная, але гэта палітыка бізнесмена, які перш за ўсё вымярае ўсё грашыма». Эксперт мяркуе, што прэзідэнт ЗША цалкам можа зацікавіцца выгаднымі з эканамічнага пункту гледжання праектамі на Кубе. Дарэчы, за год знаходжання Дональда Трампа ва ўладзе тавараабарот паміж ЗША і Кубай павялічыўся на 15,4 % і склаў $283 млн.
Без рэзкіх крокаў
Рауль Кастра абвясціў, што кубінскія ўлады ў найбліжэйшы час зоймуцца распрацоўкай новай канстытуцыі краіны. Такі крок неабходны для таго, каб асноўны закон, цяперашні варыянт якога быў прыняты ў 1976 годзе, адпавядаў патрабаванням часу. «На ліпеньскім пасяджэнні Нацыянальнай асамблеі будзе прапанавана стварыць дэпутацкую камісію, якая зоймецца распрацоўкай і прадстаўленнем праекта новай канстытуцыі Кубы, якую неабходна абмеркаваць з насельніцтвам і вынесці на рэферэндум», — сказаў Кастра.
Ён таксама адзначыў, што адной з прыярытэтных эканамічных задач, якія давядзецца вырашаць новаму кубінскаму ўраду, з'яўляецца валютная ўніфікацыя. Пра неабходнасць гэтай рэформы гаворыцца ўжо больш за дзесяць гадоў. Цяпер на востраве адначасова выкарыстоўваюцца дзве валюты — нацыянальны, а таксама канвертаваны песа. Бівалютная сістэма ўведзена на Кубе ў 1994 годзе і афіцыйна лічыцца адной з асноўных перашкод для развіцця краіны і прыцягнення замежных інвестыцый.
Па факце Куба ўжо даўно ўяўляе сабой постіндустрыяльнае грамадства. 72 % насельніцтва занята ў сэрвісных паслугах, тут жа ствараецца амаль 3/4 ВУП. Дзяржава магла б узяць прыклад з В'етнама і пачаць інтэнсіўна развіваць сэрвісную эканоміку — пляжы і клімат вострава ў Карыбскім моры ствараюць усе ўмовы для прыцягнення турыстаў. Тым больш што на Кубе апошнім часам сапраўдны турыстычны бум. Летась тут пабывалі 4,7 млн замежных турыстаў, у тым ліку 1,1 млн амерыканцаў, што амаль утрая больш, чым у 2016 годзе. Чакаецца, што сёлета інтурыстаў будзе да 5 млн — найбуйнейшыя амерыканскія авіякампаніі плануюць павелічэнне колькасці рэйсаў на карыбскі востраў. У турыстычную галіну паступаюць асноўныя замежныя інвестыцыі, у тым ліку з Іспаніі, Францыі, Канады, Кітая, Германіі.
Пакуль незразумела, якую канкрэтна праграму будзе рэалізоўваць Дыяс-Канель і наколькі радыкальныя ён будзе праводзіць рэформы. Аднак большасць экспертаў сыходзіцца ў меркаванні, што падстаў чакаць ад яго нейкіх рэзкіх крокаў, прынамсі ў найбліжэйшы час, няма. Як відаць, новы кіраўнік дзяржавы будзе працягваць распачатую Раулем Кастра палітыку «актуалізацыі» сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця краіны, якая прадугледжвае ў першую чаргу пашырэнне прыватнага сектара эканомікі пры захаванні сацыялістычнага характару грамадства і кіраўнічай ролі Кампартыі.
Як заўважаюць эксперты, лібералам новага кіраўніка дзяржавы не назавеш. Напрыклад, летась ён выступіў з жорсткай заявай у адрас Злучаных Штатаў. Апошнія падзеі ў рэгіёне даказваюць вернасць слоў Чэ Гевары пра тое, што «ніколі не варта верыць імперыялізму — ні на вось столечкі, ні ў чым», сказаў тады Дыяс-Канель, маючы на ўвазе ціск ЗША на Венесуэлу і рашэнне прэзідэнта Дональда Трампа павярнуць назад нармалізацыю адносін з суседнім востравам, распачатую Баракам Абамам.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty