Ужо на наступным тыдні будзе названа імя пераможцы Нацыянальнага конкурсу прыгажосці, які праводзіцца ў Беларусі раз на два гады, пачынаючы з 1998-га. На карону прэтэндуюць 30 абаяльных, прывабных, разумных, актыўных і таленавітых дзяўчат ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў.
Як расказалі «Звяздзе» на тэлеканале АНТ, які ўжо 10 гадоў выступае адным з арганізатараў конкурсу, у фіналістак шоу вельмі насычаны графік падрыхтоўкі: кожны дзень распісаны з 9 да 22 гадзін. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўрокам харэаграфіі, бо рэжысёры фінальнага шоу вырашылі разнастаіць звыклыя дэфіле харэаграфічнымі пастаноўкамі ў стылістыцы чатырох стыхій — зямлі, агню, паветра і вады. Ужо вядома, што вядучымі «Міс Беларусь» будуць акцёр Дзмітрый Мухін і спявачка Ганна Шаркунова, а ў зале за сцэнай канкурсантак падтрымае акцёр Максім Сокал.
Спецыяльнымі гасцямі фінальнага шоу стануць Уладзімір Праснякоў і Наталля Падольская. Акрамя таго, на сцэне сталічнага Палаца спорту адбудзецца прэм'ера адразу дзвюх песень. Так, спецыяльна для «Міс Беларусь» кампазітар Яўген Алейнік напісаў песню «Беларускія прыгажуні», якую ў кулуарах ужо называюць неафіцыйным гімнам конкурсу. А песня «Хварэем за сваіх» Леаніда Шырына, якую выканае мужчынскі квартэт у складзе Івана Вабішчэвіча, Тэа, Юзары і Аляксандра Патліса, прысвечаная будучым ІІ Еўрапейскім гульням.
«Міс Беларусь — 2018» атрымае не толькі адмысловую карону і права прадставіць нашу краіну на міжнародных конкурсах прыгажосці, але таксама грашовы прыз у памеры 500 базавых велічынь і пазадарожнік Geely Atlas. Значныя сумы атрымаюць і ўладальніцы тытулаў «Першая віцэ-міс» і «Другая віцэ-міс», падарункі ад партнёраў і спонсараў прадугледжаны і для ўладальніц іншых намінацый. Паўдзельнічаць у выбары адной з іх, «Міс глядацкіх сімпатый», дарэчы, можа кожны ахвотны — галасаванне ўжо ідзе на сайце тэлеканала АНТ [3].
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://ont.by/
[4] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus-2018