Двухбаковыя прыярытэты ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства, лічбавая эканоміка, энергетычная бяспека, сфера фінансаў, сацыяльнай абароны — гэтыя і іншыя пытанні ў цэнтры ўвагі пятага пасяджэння Каардынацыйнай групы ЕС — Беларусь.
Група збіраецца два разы на год для таго, каб разгледзець спектр адносін Еўрапейскага саюза і Беларусі і ўзгадніць далейшыя крокі. У гэты раз дэлегацыю еўрапейскіх дыпламатаў у Мінску ўзначальваў Томас Майр Хартынг, кіруючы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў. Кіраўнік прадстаўніцтва з беларускага боку — Алег Краўчанка, намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Удзельнічалі ў пасяджэнні супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, няўрадавых арганізацый і экспертнай супольнасці.
"ЕС і Беларусь знаходзяцца ў прасунутай стадыі ўзгаднення новых, індывідуальна распрацаваных Прыярытэтах партнёрства ЕС—Беларусь, якія дадуць імпульс і накірунак іх адносінам на наступныя гады. ЕС прэзентаваў бягучыя праграмы дапамогі Еўрапейскага саюза і магчымасці для пашырэння гэтага інструментарыя дапамогі пасля таго, як Прыярытэты партнёрства будуць узгоднены", — паведамляе прэс-служба Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі.
Дзеля далейшага развіцця кантактаў адзначана важнасць хуткага завяршэння перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.
На палях пасяджэння Каардынацыйнай групы дэлегацыю Еўрапейскага саюза прынялі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў і міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
Чарговае пасяджэнне Каардынацыйнай групы плануецца правесці да канца года ў Бруселі.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/es
[4] https://zviazda.by/be/tags/aleg-krauchanka
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus