Мая дарога ў школу ляжала праз стары будынак, дзе вісела чырвоная таблічка з надпісам «Дабрыня». Цяпер, калі школа ўжо ў іншым месцы, а я іду кароткай сцежкай на мясцовы рынак – праходжу праз дом, дзе знаходзіцца народны клуб ветэранаў. Адтуль на ўсё бліжэйшае наваколле даносяцца гукі гармоніка і бойкія галасы. Адразу хочацца зайсці і падглядзець, што там адбываецца. Так я і зрабіла, калі прыехала ў красавіку да мамы ў Краснаполле. Зайшла на пяць хвілін, каб паслухаць некалькі песняў, а засталася на дзве гадзіны. Тут цёплая і добрая атмасфера. Цікавыя людзі. На першы погляд, слова «пенсіянер» ні ў якім разе не асацыюецца з імі. Яны – гарэзлівыя і маладыя. Жартуюць адзін з аднаго, як, напэўна, жартавалі і ў маладосці. Ужо потым пачынаеш прыглядацца. Разумееш, што ў кожнага за плячыма свой шлях.
Заходжу ў памяшканне і не застаюся незаўважанай. Мяне адразу ж сустракае цяперашні кіраўнік клуба – Людміла Бондарава. Яна распавяла пра гісторыю «Дабрыні». Аказваецца, першая сустрэча аматараў песні адбылася яшчэ ў 1989 годзе. Для новай ініцыятывы раёна выбралі назву «Ветэран». Ужо з 2004 года ўсе актыўныя і неабыякавыя да музыкі людзі збіраліся ў клубе пад назвай «Дабрыня».
Потым падыходзяць і астатнія ўдзельнікі, ахвотна дзеляцца поспехамі канцэртнай дзейнасці, распавядаюць пра гастролі і любімы рэпертуар. У Краснапольскім раёне ні адно свята не праходзіць без выступлення «Дабрыні». «Чалавек павінен спяваць – тады і хварэць не будзе», – кажуць і ўсміхаюцца ўдзельнікі клуба.
Рэпетыцыя скончылася, касцюмы акуратна складзены і запакаваны, усе музычныя інструменты раскладзены па сваіх месцах. І ў Краснаполле зноў вяртаецца ўласцівая для невялікага пасёлка цішыня.
Таццяна ТКАЧОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dabrynya
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/narodnaya-muzyka