Роў рухавікоў, на старт, увага... Так пачынаюцца амаль усе гонкі, і, калі бачыш, як аўто эфектна дрыфціць па асфальце, уздымаючы клубы дыму, хочацца паспрабаваць так жа. Але часцей кіроўцы сустракаюцца з іншым экстрэмальным ваджэннем: калі на слізкай дарозе калёсы губляюць счапленне і машыну пачынае заносіць. Прадухіліць аварыю атрымліваецца далёка не заўсёды, бо ў аўташколах усе небяспечныя сітуацыі вывучаюцца толькі ў тэорыі, а на практыцы так лёгка разгубіцца і «злавіць» дрэва.
У Беларускім клубе аўтамотатурызму ведаюць гэтыя сітуацыі лепш за многіх, бо дапамагаюць у выпадку ДТЗ нашым і замежным грамадзянам. Гэты клуб пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінтранса і МНС арганізаваў спецыяльны выезд для дыпламатаў і іх сем'яў, дзе яны змаглі самі адчуць, як гэта — ездзіць на няўстойлівых колах, успомнілі правілы і прыёмы першай медыцынскай дапамогі і зноў жа звярнулі ўвагу на бяспеку на дарогах. Ініцыяваў мерапрыемства ганаровы консул Бахрэйна ў Беларусі і старшыня праўлення БКА Рафаэль МУСАЕЎ.
Спадар Мусаеў расказаў, што аўтаклуб працуе ўжо больш за 20 гадоў у Беларусі. Яны аказваюць дапамогу як членам аб'яднання, так і іншаземцам. Напрыклад, калі ў ДТЗ трапіў грамадзянін іншай краіны, консульствы часта звяртаюцца да іх і арганізацыя дапамагае ў тым ліку перавезці аўто на радзіму гаспадара. «Сёння шмат дыпламатаў уступаюць у члены клуба, — гаворыць Рафаэль Мусаеў, — таму што ва ўсім свеце ёсць аўтамабільныя клубы, якія аказваюць такія паслугі. І, будучы ў сябе на радзіме, дыпламаты прывыкаюць атрымліваць іх».
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір МАКЕЙ адзначыў, што бяспека дарожнага руху сёння з'яўляецца надзвычайна важнай праблемай не толькі ў Беларусі. Ён расказаў, што нядаўна на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН была прынята рэзалюцыя «Паляпшэнне бяспекі дарожнага руху», сааўтарам якой таксама выступіла і наша краіна. Па сутнасці, да аварыйнай сітуацыі можа прывесці і тэхнічная паломка, і сам кіроўца, які, напрыклад, палічыў, што выпіць сто грам на дарожку не пашкодзіць. Як лічыць кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, «у канчатковым выніку ўся праблема заключаецца ў чалавечым фактары, таму трэба зыходзіць з таго, што нам неабходна вучыцца культуры ваджэння». Уладзімір Макей звярнуў увагу на тое, што, паколькі наша краіна транзітная, неабходна, каб яна асацыявалася з узорнымі паводзінамі на дарозе. Гэта імідж Беларусі, і мы ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у гэтым кірунку. Напрыклад, як заўважыў міністр, у нас амаль ніхто не пераходзіць дарогу на чырвоны.
Дыпламаты змаглі самі адчуць, як гэта — калі заносіць на дарозе. Трэнажорная сістэма Drіftcar уяўляе з сябе красовер на колцах. Літаральна: заднія колы стаяць на спецыяльнай падстаўцы з чатырма меншымі, таму шафёр не можа кіраваць імі. Калі садзішся, пад тваёй уладай толькі пярэднія колы і ўласныя майстэрства і вопыт. Уладзімір Макей заўважыў: «Мы правільна зрабілі, што сёння праводзім гэтую акцыю. Сапраўды, калі ўзнікаюць неардынарныя сітуацыі, трэба ведаць, як паводзіць сябе. Мы дамовіліся з калегамі, якія паказваюць нам сёння правілы кіравання, што абавязкова падумаем, як арганізаваць і для дыпламатаў падобныя курсы і як патрэніравацца правілам экстрэмальнага кіравання».
Можна было сапраўды адчуць, як гэта важна — прышпільвацца: спецыяльная ўстаноўка пераварочвае машыну вакол сябе. Калі вісіш уніз галавой, сапраўды адчуваеш, што супраціўляецца сілам гравітацыі і выратоўвае цябе ад падзення толькі гэты рэмень. Яшчэ падчас акцыі валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прадэманстравалі, як дзейнічаць пры розных траўмах, якія можна атрымаць у ДТЗ, а супрацоўнікі МНС далі патрымаць інструменты, з якімі працуюць на месцах аварый.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр ДЭТМАР адзначыў, што розніца ў дарожным руху нашых краін толькі ў тым, што па аўтабане можна ездзіць нашмат хутчэй. З уласнага вопыту дыпламат расказаў, што ў нашай краіне кіроўцы за горадам паводзяць сябе больш дысцыплінавана, але ў межах населеных пунктаў часам непрадказальныя. У Германіі ўсё наадварот. Адзін з галоўных момантаў у горадзе, які адзначыў Петэр Дэтмар, — выкарыстанне мабільных тэлефонаў падчас руху. Гэта вельмі небяспечна, паколькі кіроўца не можа цалкам кантраляваць сітуацыю на дарозе.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dyplamat
[4] https://zviazda.by/be/tags/autamabil
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-klub-autamotaturyzmu