Гэта адзначыў у сваім дакладзе на пашыраным пасяджэнні праўлення начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка Дзмітрый Мурын. Па сутнасці, даклад гэты быў прысвечаны вынікам рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі за студзень — сакавік гэтага года.
Індэкс эканамічных настрояў у плюсе
Па словах Дзмітрыя Мурына, за І квартал года наша эканоміка вырасла на 5,1 %, а дадатны ўклад у прырост ВУП зрабілі ўсе асноўныя віды дзейнасці.
Нароўні з паляпшэннем фактычнай сітуацыі застаюцца аптымістычнымі і эканамічныя чаканні дзелавых колаў. Вычышчаны ад сезоннасці зводны індэкс эканамічных настрояў, разлічаны Нацыянальным банкам паводле маніторынгу прадпрыемстваў, на працягу шасці месяцаў знаходзіцца ў дадатнай зоне. Такія чаканні рэальнага сектара спрыялі актывізацыі інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемстваў і павелічэнню заработнай платы работнікаў.
Разам з тым рост рэальнай заработнай платы і даходаў насельніцтва тэмпамі, якія апярэджваюць дынаміку прадукцыйнасці працы, стварае перадумовы для ўзмацнення інфляцыйнага ціску як у цяперашні час, так і ў найбліжэйшай перспектыве.
У прыватнасці, на спажывецкім рынку ўжо назіраецца высокая актыўнасць насельніцтва. Толькі за студзень — сакавік рознічны тавараабарот павялічыўся амаль на 10 % да адпаведнага перыяду мінулага года. Пры гэтым узмацняецца попыт насельніцтва на тавары замежнай вытворчасці, перш за ўсё нехарчовыя. Так, іх доля ў рознічным тавараабароце арганізацый гандлю павялічылася з 54,2 % у 2016 годзе да 55,8 % летась.
Такім чынам, актывізацыя спажывецкага попыту мае важныя наступствы не толькі ў частцы інфляцыйных працэсаў, але і ў збалансаванасці знешняга гандлю.
Спажывецкі імпарт расце
Гадавы аб'ём спажывецкага імпарту ў лютым гэтага года вырас да 7,9 млрд долараў. Для параўнання: у лютым мінулага года ён складаў толькі 6,7 млрд долараў. Пры гэтым асноўны прырост імпарту — звыш 90 % — прыйшоўся на нехарчовыя тавары. Нягледзячы на гэта, у цэлым сітуацыя ў знешнім гандлі ў першыя два месяцы 2018 года склалася трохі лепшая, чым у пачатку мінулага года. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг вырас на 28,5 %. Станоўчае сальда знешняга гандлю перавысіла 200 млн долараў.
Ключавымі фактарамі такой дынамікі сталі спрыяльная знешняя кан'юнктура, аднаўленне фізічных аб'ёмаў продажу энергарэсурсаў, а таксама рост экспарту паслуг, абумоўлены нарошчваннем экспарту камп'ютарных і транспартных паслуг на фоне павелічэння тавараабароту.
Экспарт неэнерганосьбітаў павялічыўся на 24 %. Пры гэтым яго рост у большай ступені быў сфарміраваны за кошт павелічэння фізічных аб'ёмаў. Разам з тым найбольшы прырост ствараўся за кошт нарошчвання экспарту прамежкавых тавараў з нізкай дабаўленай вартасцю.
У сваю чаргу, імпарт неэнерганосьбітаў рос хутчэй (амаль на 31 %), галоўным чынам за кошт імпарту прамежкавых неэнергетычных тавараў.
Насельніцтва валюту прадае
У цэлым за І квартал на ўнутраным валютным рынку сфарміравалася чыстая прапанова замежнай валюты, абумоўленая пераважна яе продажам насельніцтвам. З пачатку года на чыстай аснове фізічныя асобы прадалі 303 млн долараў (годам раней — 500 млн долараў). Скарачэнне чыстага продажу валюты звязана з апераджальным павелічэннем валавога попыту ў параўнанні з прапановай з прычыны росту даходаў насельніцтва.
З'яўленне ў пачатку года на ўнутраным валютным рынку залішняй прапановы прывяло да змянення дынамікі абменнага курса беларускага рубля. Пасля паслаблення нацыянальнай валюты ў другім паўгоддзі 2017 года ў справаздачным квартале яе курс стабілізаваўся. Цана кошыка валют з пачатку года зменшылася на 0,4 %.
Адбылося зніжэнне рэальнага абменнага курса. Гэта, з аднаго боку, дазволіла падтрымаць цэнавую канкурэнтаздольнасць айчыннага экспарту — толькі за мінулы год рэальны курс нашага рубля, разлічаны па індэксе цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі, знізіўся на 6,8 %. Але з іншага боку, улічваючы недаацэненасць беларускага рубля, гэта стварае дадатковы інфляцыйны ціск у краіне, у тым ліку праз захаванне павышаных інфляцыйных чаканняў.
Самі не верым у малую інфляцыю
Дзмітрый Мурын адзначыў, што, паводле апытанняў насельніцтва і кіраўнікоў прадпрыемстваў, інфляцыйныя чаканні зніжаюцца досыць павольна. Пры гэтым бягучая і чаканая інфляцыя больш чым у два разы перавышае яе фактычны ўзровень.
У аснове дадзеных ацэнак ляжыць перш за ўсё псіхалагічны фактар. Насельніцтва будуе свае здагадкі датычна будучай інфляцыі згодна з назіраннямі за бягучай і мінулай цэнавай дынамікай, якая на працягу доўгага часу ў мінулым характарызавалася высокімі тэмпамі. Пры гэтым людзі схільныя пераносіць рост цэн па асобных, найбольш значных для іх з пункту гледжання спажывання, таварах і паслугах на агульны рост цэн у эканоміцы.
Падтрымлівае завышаны ўзровень інфляцыйных чаканняў і незбалансаванасць публікацый у СМІ. Пры асвятленні тэмы спажывецкага рынку большасць навін канцэнтруецца вакол пазіцый, дзе цэны выраслі, выпускаючы, як правіла, з-пад увагі тавары і паслугі, цэны на якія не змяніліся або знізіліся.
Дадатковым фактарам, які перашкаджае зніжэнню інфляцыйных чаканняў, з'яўляецца таксама недасканаласць палітыкі адміністрацыйнага цэнавага рэгулявання. Частыя і нескаардынаваныя рашэнні дзяржаўных органаў аб павышэнні цэн і тарыфаў фарміруюць у насельніцтва адчуванне пастаяннага росту цэн. Пры гэтым рэгуляваныя цэны і тарыфы нярэдка павышаюцца дзяржавай на велічыню, якая перавышае ўстаноўлены мэтавы параметр па інфляцыі.
Растуць уклады ў рублях
На фоне павелічэння банкамі даходнасці па новапрыцягнутых укладах тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва ў І квартале павялічыліся на 6,7 %. У структуры дэпазітаў фізічных асоб у нацыянальнай валюце працягнулася тэндэнцыя росту долі безадзыўных укладаў, удзельная вага якіх павялічылася ў сакавіку да 56,6 %. Сярод іх галоўным чынам растуць доўгатэрміновыя ўклады, доля якіх у агульным аб'ёме безадзыўных дэпазітаў насельніцтва ў беларускіх рублях перавысіла на 1 красавіка 70 %.
У частцы валютных зберажэнняў варта адзначыць, што аб'ём прыцягнутых банкамі валютных сродкаў у насельніцтва за І квартал 2018 года практычна не змяніўся і склаў каля 8,4 млрд долараў. У той жа час у іх структуры расце доля пераводных дэпазітаў, адлюстроўваючы жаданне людзей мець больш ліквідныя актывы на фоне зніжэння працэнтных ставак па ўкладах у замежнай валюце. Так, тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва за І квартал знізіліся амаль на 160 млн долараў. Пры гэтым пераводныя дэпазіты выраслі на 112 млн, аблігацыі банкаў — на 28 млн і дэпазіты каштоўных металаў — на 15 млн долараў.
Вяртаючыся да дынамікі працэнтных ставак на рублёвым сегменце дэпазітнага рынку, варта адзначыць наступнае. У сакавіку сярэднія працэнтныя стаўкі па новых тэрміновых банкаўскіх укладах фізічных асоб у рублях склалі 9 працэнтаў гадавых, павялічыўшыся з пачатку года на 1,5 %. Гэта павышэнне працэнтных ставак у асноўным звязана са зніжэннем прафіцыту рублёвай ліквіднасці ў банкаўскім сектары ў цэлым і ўзнікненнем яе дэфіцыту ў асобных банкаў. Пры гэтым бягучыя стаўкі па дэпазітах, паводле ацэнак Нацыянальнага банка, знаходзяцца бліжэй да свайго «натуральнага» ўзроўню, чым тыя, якія банкі прапаноўвалі на працягу большай частцы 2017 года ва ўмовах структурнага прафіцыту ліквіднасці.
У І квартале стаўка рэфінансавання была зніжана з 11 да 10,5 працэнта гадавых. Паводле ацэнак Нацыянальнага банка, такая велічыня стаўкі на міжбанкаўскім рынку з'яўляецца «нейтральнай». Пры гэтым яе значэнні ўзровень інфляцыі адпавядае мэтаваму параметру, а ў краіне назіраецца ўстойлівы эканамічны рост. З улікам існуючай эканамічнай сітуацыі гэта азначае, што з высокай імавернасцю працэнтныя стаўкі на дэпазітным і крэдытным рынках сёлета будуць заставацца блізкія да сённяшняга ўзроўню. Пры гэтым магчымыя іх нязначныя ваганні ў той ці іншы бок у залежнасці ад існуючай на рынку кан'юнктуры.
Зніжэнне крэдытнай нагрузкі
Спецыяліст Нацбанка адзначае, што банкамі на пастаяннай аснове праводзяцца мерапрыемствы па зніжэнні крэдытнай нагрузкі крэдытаатрымальнікаў, у тым ліку шляхам зніжэння памеру працэнтнай стаўкі па раней заключаных крэдытных дагаворах.
Сярэдняя працэнтная стаўка па ўсіх крэдытах у беларускіх рублях (без уліку льготных) з пачатку года зменшылася на 0,5 працэнтнага пункта, склаўшы ў сакавіку 12,2 працэнта гадавых. Па ўсім крэдытным партфелі ў беларускіх рублях, у тым ліку па крэдытах, выдадзеных на льготных умовах, працэнтная стаўка ў сакавіку знізілася да 8,5 працэнта гадавых.
Адзначаецца рост як рублёвага, так і валютнага крэдытавання. У большай ступені раслі рублёвыя крэдыты. За квартал яны павялічыліся на 2,8 %, у замежнай валюце ў доларавым эквіваленце — на 0,7 %. Як і ў мінулым годзе, асноўны прырост крэдытавання прыходзіцца на насельніцтва. На фоне зніжэння ў І квартале інтэнсіўнасці спажывецкага крэдытавання насельніцтва пачало больш актыўна прыцягваць крэдыты з мэтай набыцця нерухомасці.
За мінулы год павялічыўся аб'ём крэдытавання насельніцтва амаль на 27 %, у тым ліку на спажывецкія мэты — на 75 %. На думку Нацыянальнага банка, цікавасць насельніцтва да крэдытаў шмат у чым выклікана «адкладзеным попытам». Для таго каб банкі адэкватна ацэньвалі плацежаздольнасць пазычальнікаў, а крэдытаатрымальнікі больш адказна супастаўлялі свае жаданні і магчымасці, Нацыянальны банк з 1 мая ўвёў новыя інструменты для рэгулявання рознічнага крэдытавання — паказчык забяспечанасці крэдыту (для крэдытаў на нерухомасць) і паказчык пазыковай нагрузкі (для спажывецкіх крэдытаў).
Золатавалютныя рэзервы трэба зарабіць
Задача нарошчвання золатавалютных рэзерваў павінна выконвацца не за кошт устойлівага назапашвання доўгу, а за кошт уласных сродкаў, лічыць Дзмітрый Мурын. Фактычна гаворка павінна ісці аб папаўненні рэзерваў пераважна за кошт валюты, якую краіна зарабляе ў выніку сваёй знешнеэканамічнай дзейнасці.
Аднак, як ужо адзначалася, попыт з боку суб'ектаў гаспадарання на замежную валюту перавышае яе прапанову. Таму ў існуючых макраэканамічных умовах актуальнай задачай у частцы золатавалютных рэзерваў з'яўляецца паляпшэнне іх структуры за кошт зніжэння ў ёй долі пазыковых сродкаў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/inflyacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-muryn
[6] https://zviazda.by/be/tags/nacbank