У Віцебскай вобласці запланавалі падчас першага ўкосу нарыхтаваць не менш за 670 тысяч тон травяных кармоў. А ўсяго — каля 1,2 мільёна тон.
Як адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў, агульная плошча травянога поля на поўначы краіны перавышае 650 тысяч га. Акрамя іншага, трэба пасеяць больш за 60 тысяч гектараў кукурузы на сілас і прыблізна 34,5 тысячы гектараў аднагадовых культур.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў на пасяджэнні, дзе ў ліку іншага абмяркоўвалася пытанне нарыхтоўкі кармоў, патрабаваў вырашаць своечасова ўсе пытанні. У прыватнасці, займацца падкормкай, араць землі, дзе так званыя непрадукцыйныя травы, забяспечыць падрыхтоўку тэхнікі. Падчас нарыхтоўкі кармоў у палях будуць выкарыстоўвацца каля 640 кормаўборачных камбайнаў, прыблізна 1,3 тысячы трактарных касілак, больш за 650 прэс-падборшчыкаў і гэтак далей.
Каб, не зацягваючы, правесці якасную ўборку, механізатары будуць працаваць у дзве змены. А трамбоўка будзе весціся кругласутачна. У раёнах, дзе не хапае неабходнай тэхнікі, будуць працаваць спецыяльна створаныя міжгаспадарчыя корманарыхтоўчыя атрады.
Таксама вырашана стварыць мабільныя атрады і звенні, каб аператыўна рамантаваць тэхніку ў полі. У «падраздзяленнях» будуць працаваць найлепшыя спецыялісты, у якіх будзе транспарт і мабільная сувязь.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці Уладзімір Андрэйчанка, які прысутнічаў на пасяджэнні, заклікаў кіраўнікоў райвыканкамаў больш актыўна дапамагаць гаспадаркам набываць угнаенні, камбінаваныя прэс-падборшчыкі з адначасовай абмоткай кармоў сеткай і плёнкай. Спікер парламента нагадаў пра даручэнне кіраўніка дзяржавы ўзводзіць сучасныя збудаванні для захоўвання кармоў. На сёння ў лідарах Глыбоцкі раён.
Спецыялісты падлічылі, што ўборку траў першага ўкосу можна правесці на працягу прыкладна двух тыдняў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/korm
[4] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka