Святкаванне Дня Перамогі пачалося ў Магілёве з традыцыйнага ўскладання вянкоў і кветак да мемарыяла на сімвалічным Буйніцкім полі і шэсця-парада па галоўнай вуліцы горада Першамайскай. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і горада, працоўных калектываў, ветэраны, моладзь, грамадскасць. Ветэранаў, якія павольна ехалі ў спецыяльных аўто, сустракалі кветкамі і прывітальнымі воклічамі. Яшчэ большымі сталі шэрагі удзельнікаў акцыі "Беларусь помніць", якія пранеслі ў руках фота сваіх загінулых на фронце блізкіх або ўжо пайшоўшых з жыцця ветэранаў вайны. Святочны мітынг, які звычайна адбываецца на плошчы Славы, на гэты раз у сувязі з яе рамонтам быў перанесены на плошчу Леніна. Там жа прайшоў і тэатралізаваны канцэрт для ветэранаў.
- Нізкі вам паклон, працаўнікі тылу, лозунг "Усё для фронту, усё для Перамогі!" - стаў для вас сэнсам жыцця. Паважаныя ветэраны, вы навекі праславілі Прыдняпроўскі край, родную Беларусь, - звярнуўся да прысутных старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. Ён выказаў таксама словы ўдзячнасці моладзі, якая з'яўляецца дастойным пераемнікам традыцый гераічнага пакалення. У гэты ж дзень губернатар завітаў у шпіталь ветэранаў, каб павіншаваць са святам тых, хто не змог асабіста прыняць удзел у парадзе.
Асаблівасцю сёлетняга свята стала шоу самалётаў над цэнтрам горада. Прасякнуцца атмасферай свята дапамагалі канцэрты, кінапаказы, кропкі з салдацкай кашай у розных канцах горада. Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, стартавалі ў вобласці яшчэ на мінулым тыдні. А калі сцямнее, неба над мірным Дняпром расквеціцца рознакаляровымі агеньчыкамі святочнага салюта.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Галіны РАДЗЬКОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-peramogi-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/9-maya
[6] https://zviazda.by/be/tags/magilyou