Выпадак рэдкі. Адчуць гэта могуць толькі тыя, хто добра ведае беларускую паэзію. Юлія Алейчанка, першая кніга якой «Пад чароўным шкельцам» выйшла ў 2017 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда», ведае беларускую паэзію цудоўна. У гэтым пераконвае ужо верш «***Жыць весела і лёгка...». Напачатку светлы, пяшчотны па танальнасці, а затым — з філасофскім роздумам. Той прозай жыцця, якая — хочаш ці не — не толькі пастаянна прысутнічае ў буднях, але і спакваля чымсьці кранаецца і твайго лёсу, прымушае забыцца на тую прыгажосць, якая яшчэ нядаўна цешыла:
Жыць весела і лёгка,
Калі ты ёсць яшчэ «праектам чалавека».
Калі марыцца
Пасадзіць пальму,
Пабудаваць горад,
Разбіць сотні сэрцаў,
Знайсці матылька пад чароўным шкельцам.
Невыносна цяжка робіцца,
Калі зямля ўжо стамлёна дыхае пад нагамі.
Калі пальма ніяк не расце ў кадцы,
Горад рассыпаецца па цаглінцы,
Ды аскепкі шкельца так глыбока ў сэрцы,
Што не бачыш танец
Запаветнага матылька.
Вобраз «матылька пад чароўным шкельцам» набывае важкі сэнс. Знайсці яго, убачыць, любавацца — значыць не згубіць умення радавацца прыгажосці ў самым звычайным. У шчаслівую часіну юнацтва гэта не так і складана, было б толькі жаданне ўспрымаць навакольны свет свежа і паэтычна. З гадамі, безумоўна, рабіць гэта ўсё цяжэй, бо сапраўды «зямля ўжо стамлёна дыхае пад нагамі», а шмат якія мары разбіваюцца ўшчэнт. Толькі верыцца, што лірычная гераіня з цягам часу захавае душэўную і духоўную чысціню, а там, дзе шчырасць і непасрэднасць, там і сапраўдная паэзія.
Знаўцы беларускай класікі адразу прыгадаюць радкі Максіма Багдановіча: «Б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі / Сінякрылы матылёк». А ўспомніўшы іх, перакінуць своеасаблівы масток бліжэй да нашых дзён, і ў памяці ажывуць вобразы Рыгора Барадуліна, створаныя пад уплывам Багдановіча: «Лілею / Млявы плёс / Люляе, / З-пад злежалых / Аблок / Здалёк / Ляціць, віхлясты і бялявы, / Пялёстак лёгкі — матылёк. / Ён кліча у блакіт лілею»...
«Святло і лёгкасць, напоўненыя шчырасцю, праўдай светабачання, — як адзначае аўтар прадмовы “Сонца, святла ахвяруй!..” Алесь Карлюкевіч, — вылучаюць лірыку маладой паэтэсы, чароўна магнетызуюць, прыцягваюць да яе чытача». А што ёй блізкая творчасць згаданых Багдановіча і Барадуліна, невыпадкова. Ю. Алейчанка не толькі захапляецца класічнай паэзіяй, але і даследуе: яе кандыдацкая дысертацыя прысвечана рытма-метрычнай арганізацыі паэзіі Янкі Купалы.
Зборнік «Пад чароўным шкельцам» вылучаецца сярод большасці дэбютных зборнікаў маладых паэтаў высокай мастацкасцю і пашанотлівым стаўленнем да таленту прызнаных майстроў слова. Гэтым характарызуецца адзін з лепшых вершаў «***Я павінна прысыпаць...», напоўнены метафарычнымі асацыяцыямі, якія прывабліваюць навізной і нечаканасцю. Урэшце, пераказваць сапраўдную паэзію — справа няўдзячная. Пры пераказе, няхай і падрабязным, уважлівым, з павагай да таленту, усё адно ўспрыманне будзе не тое. Цэласнасць яго разбурыцца. Знікне непасрэднасць і першароднасць, што магчымыя толькі тады, калі гэта прамаўляецца самім паэтам, бо гучыць як споведзь ягонай душы, а ўжо праз гэтае выказванне набалелага і сама лірычная гераіня паўстае ва ўсёй цэласнасці:
Я павінна прысыпаць
Шэрым друзам будзённасці
Агмень майго палкага сэрца,
Бо аднойчы ён шугане
І спаліць мяне дашчэнту...
Унутраны свет лірычнай гераіні Юліі Алейчанкі неабсяжны, гэта, па сутнасці, космас маладой душы, якая прагне радасці, асалоды кахання, гармоніі. Гэта добра відаць з верша «***Рукамі ўсіх тых...»
Рукамі ўсіх тых,
хто абдымаў мяне,
Шыва даўно ўжо
руйнуе Сусветы.
Вачыма ўсіх тых,
хто пажадна
глядзеў на мяне,
Аргус даўно ўжо
вартуе бясконцыя статкі.
Вуснамі тых,
хто горка мяне цалаваў,
Прараслі кветкі
у садзе зямных асалодаў.
Толькі сэрцам сваім,
быццам Данка,
Ты й дагэтуль
змагаешся з цемрай маёй.
У Юліі Алейчанкі па-сапраўднаму паэтычнае бачанне наваколля. Нехта скажа, што ў паэта яно і не можа быць інакшае. Аднак колькі вершаў, у якіх, здавалася б, усё правільна, усё на месцы, ды толькі чытаеш іх і застаешся абыякавы... Затое ў Ю. Алейчанкі ў кожным радку такая шчырасць, праўдзівасць пачуцця, што цёплай хваляй кранае душу замілаванне.
Лепшымі якасцямі сваёй душы, характару лірычная гераіня раскрываецца і ў вершах аб прыродзе. Сама радуючыся навакольнымі краявідамі, гэткае ж пачуццё замілавання імі абуджае і ў чытача. Ён таксама, узіраючыся ў іх, прапускае хараство праз сябе, каб стаць душэўна чысцейшым і святлейшым. Чытаеш верш «***Хтосьці з неба вырашыў паслаць...» — і нібыта не над кнігай схіліўся, нібыта перад табой не бісер літар на белай паперы... А спыніўся на ўзлеску, узіраешся ў снежны цалік, што ляжыць суцэльнай белай коўдрай. Наўкола такая харашынь, ажно сэрца замірае. Ды камусьці ўверсе падалося, што яе мала:
Падстаўляйце сэрцы пад снягі,
Дайце душам піць святую сілу.
Снег ляціць на рэчак берагі,
На дзяцей, на даўнія магілы.
Снег ляжыць на ганку, на шашы,
Выпадае зноў і зноў вякамі.
Вы ніколі гэту бель душы
Не кранайце бруднымі рукамі...
«Бель душы» сказана надзіва ўдала. Ю. Алейчанка не проста адушаўляе прыроду, а паказвае яе такой, што яна літаральна «раствараецца» ў чалавеку, а чалавек, у сваю чаргу, у ёй. Такая знітаванасць дазваляе яшчэ выразней падкрэсліць, наколькі лірычная гераіня — плоць ад плоці ўсяго жывога, як упэўнена адчувае сябе сярод людзей.
Маладая паэтка прафесійна займаецца мастацкім перакладам: аднолькава паспяхова перастварае як паэзію, так і прозу. Але, паколькі сама мае большы творчы вопыт у паэзіі, аддае перавагу ёй. Пераўвасабляе па-беларуску не толькі вершы з украінскай і рускай, якімі дасканала валодае, але і прадстаўнікоў бліжняга і далёкага замежжа. Вядома, у працы дапамагаюць падрадкоўнікі ці рускамоўныя пераклады. Майстэрства ж дасягаецца дзякуючы таленту і добраму веданню творчасці таго, каго перакладаеш, эпохі, у якой творца жыў. Такі падыход асабліва заўважаецца пры перакладзе твораў найвыдатнейшага кітайскага паэта канца эпохі Тан — Лі Хэ (790—816), які вылучаўся надзіва неардынарным і вобразным стылем. Знаёмства з перакладамі Ю. Алейчанкі дазваляе адчуць творчую індывідуальнасць Лі Хэ, вобразную напоўненасць яго паэзіі. Спасцігнуць тое, што прама і не выказваецца, але сваёй сканцэнтраванасцю думкі нараджае такія асацыяцыі, якія быццам спалучаюць сабой стагоддзі. Як у вершы «Песня аб невычэрпнасці часу»:
І сівой даўніны доўгі шлях
Адбіваецца болем у скронях.
Сотні год — як раса ў траве,
Як пясчынка ў ветра далонях.
Час не толькі няўмольны ў сваёй хадзе — ён яшчэ і бязлітасны. Знішчае нават тое, што, як думалася, не знікне ніколі: «...Там, дзе мост бессмяротнасці Цсінь — / Зараз толькі луска на вадзе». Нейкая самотная наканаванасць і ў вершы «Іду ў палях ля Паўднёвых гор». Але далёка не радасны настрой лірычнага героя дазваляе глыбей і паўней адчуць і каштоўнасць жыцця, якое, хоць і імгненне ў вечнасці, найвышэйшы дар:
Белы вецер у стракатых палях.
У гарах спяць сівыя аблокі.
Каля сажалкі ціхай мой шлях
Прывядзе ў край жалобы далёкі.
У кнізе прадстаўлены і вершы эквадорца Хорхэ Карэра Андрадэ, непальца Мадхафа Прасада Гхімірэ, удмурда Сяргея Матвеева, туркмена Агагельды Аланазарава, кітайца Ван Гачжэня.
Паспяхова выступае Ю. Алейчанка як празаік. Яе творы выходзілі ў часопісе «Наш современник» — тым самым, дзе друкаваліся Фёдар Абрамаў, Віктар Астаф’еў, Васіль Бялоў, Сяргей Залыгін, Уладзімір Салаухін, Валянцін Распуцін, Васіль Шукшын і іншыя. Часта змяшчаюцца ў друку яе рэцэнзіі і літаратурна-крытычныя артыкулы, па-ранейшаму плённа творца займаецца перакладам, сведчаннем чаго — выхад новай кнігі «Вецер у валасах» («Выдавецкі дом “Звязда”», 2018). Але пра яе гаворка іншым разам.
Тамаш БЕРАСНЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka