Мянушкі — трапныя, дасціпныя, хоць падчас і крыўдныя — бытуюць, відаць, у кожнай вёсцы. Нейкія з іх «прыліпаюць» да людзей з дзяцінства, нейкія — нажываюцца цягам жыцця. У прыватнасці, добразычліваму, вясёламу Антону Міхайлавічу (Антосіку, як называў яго ў маленстве бацька) яшчэ ў першых класах далі імя Пакацігарошак — напэўна, таму, што быў ён сярод дзяцей і самым ніжэйшым, і самым таўсцейшым. Потым, калі хлопец трохі падрос і патанеў, ён стаў проста Гарошкам, а калі да гэтага яшчэ і пасталеў, то ўжо і Гарохам.
Добрым ён чалавекам быў: хораша спяваў, граў на гармоніку, ведаў безліч прыпевак — і лірычных, і сатырычных, і сціплых, і так званых салёных... Па маладосці трактарыстам працаваў, потым — даглядчыкам бычкоў. А тады, вядома ж, не было сучасных комплексаў — скаціну на фермах трымалі папросту — у звычайных вялікіх хлявах, прычым досыць халодных. Не дзіва, што жывёлаводам хацелася часам пагрэцца. Чым? Ну вядома ж, бутэлечкай-другой «пладова-выгаднага» віна.
Дык вось, аднойчы, ужо глыбокай восенню, дзядзька Антось вызваўся «падсочыць» па «яго» ў мясцовую краму. Гэта кіламетры за тры ад фермы. «Але ж мой Буян, — пахваляўся Гарох, — як Канёк-Гарбунок — умомант дамчыць. Вы толькі закусь рыхтуйце».
...Пра далейшы ход падзей дзядзька расказваў сам — часам са скрухай, а найчасцей са смехам і з задавальненнем.
Значыць, даехаў ён да крамы і атаварыўся: купіў дзве бутэлькі віна. Адну з іх паклаў у воз, у салому, другую, каб трохі сагрэлася, засунуў сабе за пазуху. Потым борздзенька ўскочыў на воз і сапраўды мігам даехаў бы, але па дарозе расшпілілася папруга. «Трэба паправіць», — вырашыў «кіроўца», спыніў каня і скочыў з воза.
Разам з ім, як і варта было чакаць, на мерзлую зямлю «скочыла»... бутэлька, якую дзядзька трымаў за пазухай, і не ўцалела, на жаль, — разбілася, адпаведна — віно разлілося, праўда, не па «ўсёй зямлі»: добрая палова яго трапіла ў глыбакаваты «кубак» — ямку ад конскага капыта.
— Была б лыжка, пасёрбаў бы, — са смехам потым расказваў Гарох. — Была б якая трубачка, — высмактаў, быў бы хлеб — вымакаў... А так — ну не прападаць жа дабру — давялося стаць на калені і піць: як алень той — з калень...
Гэта дужа нязручна, скардзіўся Гарох. І гнуцца, маўляў, давялося, і нос замінаў, і калені балелі...
Так што круціўся ён і гэтак, і так...
А зверху нібы голас яшчэ: не пі з капытка, а то козлікам станеш...
Вось Гарох і кінуў гэты занятак — не дапіў віно, зашпіліў папругу, прыспешыў каня.
Але ж спазніўся ўсё роўна: сябрукі яго, даўно сабраўшы закуску, сем разоў знерваваліся. І таму, калі «экспедытар» нарэшце прыехаў ды сказаў, што адна з бутэлек разбілася, хлопцы не ўтрымаліся — абазвалі яго... І казлом таксама.
Праўда, было ўсё гэта пад гарачую руку, што называецца. Потым яны падабрэлі, павесялелі, нават віна налілі. Аднак Гарох рашуча адмовіўся, сказаў: «Не, браткі, я сваё выпіў... І нават вашага... Хоць мне і цяжка было».
Альфрэд Тычко, в. Ідолта, Мёрскі раён
Цётка Зося з цёткай Палашкай даўно на пенсіі, час маюць, а таму калі-нікалі сыдуцца разам ды ўспамінаюць сваё мінулае. На ферме, расказваюць, працаваць было цяжка. У кожнай даяркі па 25, а то і па 30 кароў... Пакармі іх, падаі, стойлы пачысці — усё ўручную! Але ж мы тады маладыя былі, трывушчыя: не стамляліся, на жыццё не наракалі, не крыўдавалі.
Хоць, калі паслухаць гэтых жанчын, дык павінны былі. Ва ўсякім разе — на мой погляд.
...У той год, як расказвалі даяркі, зіма расцягнуся, як у гэты. Не дзіва, што кармоў не хапала: і калгас жабраваў па суседніх гаспадарках, і калгаснікі — хто дзе мог.
Гэтыя жанчыны, ну вядома ж, «маглі» на ферме.
Неяк, значыць, управіліся яны, кінулі вочкамі па баках — ці не трэцца тут хто чужы, падхапілі цюкі (раней яны невялічкія былі, не тое што цяпер) і падаліся з кароўніка. Хуценька ішлі, але ж нядоўга: толькі завярнулі за рог, як бачаць — з дарогі і проста на іх нясецца машына.
— Мусіць, з праверкай? Сам старшыня?! — спалохалася Зося.
— Уліплі! — падхапіла Палашка і па цемры, не разбіраючы, што пад нагамі, збочыла са сцежкі.
Зоська далася следам.
У страха, як той казаў, вочы па яблыку: колькі метраў і ў які бок прабеглі, жанчыны не ведалі, але ж хутка адчулі, што ногі нібы ў багне якой — пачынаюць гразнуць, прычым з кожным крокам глыбей...
— Дык гэта ж, мусіць, адстойнік? — з жахам прашаптала Зося.
Але паварочваць назад ужо не выпадала. Каб не выдаць сябе лішнім гукам, жанчыны стаялі там, дзе стаялі.
Начальства між тым пад'ехала да фермы і хутка ад'язджаць не збіралася. Час ішоў. Даярак, апроч страху, стаў даймаць холад...
Але ж вось, здаецца, залапатаў рухавік, засвяціліся яго фары і пры павароце ўсё святло сваё скіравалі ў... бок жанчын. Тыя, бедныя, ледзь паспелі паздзіраць з галоў свае светлыя хусткі ды прыгнуцца...
На «бераг», на сухое сталі выбірацца толькі тады, калі адчулі, што пранесла, што можна ўжо.
Ногі выцягваць вельмі цяжка было, абутак заставаўся ў жыжы, сена — таксама.
— І калгасных кароў недакармілі, і сваім не перапала, — шкадавалі даяркі.
...Што здзіўляе, яны і сёння ўспамінаюць гэту прыгоду з рогатам, шкадуюць не сябе, не сваю гаротную маладосць, што прапала — як у процьму ўпала, а тых недакормленых каровак і сена.
Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён
Не без таго: многія з нас часам думаюць, што ў іншых людзей — суседзяў, знаёмых, калег, сяброў — усё лепшае: праца, жытло, мэбля, машына, а ўжо дзеці, жонкі-мужы, бацькі...
Аднак вось тут, у сямейных адносінах, лепш увогуле не меркаваць, бо, як казаў нехта з разумных, часам рэчы зусім не такія, як здаюцца на першы погляд. Пацвярджэннем таму наступная гісторыя.
...Пятроўне, нашай галоўнай бухгалтарцы, употай зайздросцілі ці не ўсе жанчыны.
— Ёй добра, — захапляліся адны, — не трэба пасля працы дамоў спяшацца. Там і без яе ўсё пароблена...
— Гэта ж як пашанцавала: муж сам на кухні завіхаецца, — здзіўляліся другія, — яе да пліты ні на крок не падпускае.
— А як гатуе...
У тым, што муж бухгалтаркі выдатны кулінар, мы пераконваліся пастаянна: падчас абедзеннага перапынку Пятроўна частавала нас то хатнім печывам, то блінчыкамі з рознымі начынкамі, то адмыслова засоленай паляндвіцай... І пры гэтым заўсёды гаварыла: «Пакаштуйце, дзяўчаты, што мой Юрка прыгатаваў. Пальчыкі абліжаце!»
І мы сапраўды аблізвалі. А тым больш калі віншавалі Пятроўну з днём нараджэння і потым чаявалі з тортам, які спёк для жонкі любімы кулінар.
Яго, дарэчы, мы ведалі і асабіста, бо ён, прабягаючы міма нашай установы, часцяком зазіраў да жонкі ў кабінет, каб паказаць — пахваліцца зробленымі пакупкамі ці, наадварот, даручыць «палавіне»:
— Будзеш ісці дадому, не забудзься хлеба купіць, чуеш?
— Чую, — адказвала Пятроўна.
І па тым, як жа цяжанька ўздыхала, можна было здагадацца, што дома ў яе не ўсё так проста...
Аднойчы, напрыклад, бухгалтарка, заўсёды вясёлая ды гаваркая, ледзь не паўдня зацята маўчала.
— У вас нешта зрабілася? — далікатна спытала я, бо мы (кабінеты побач) зрэдку дзяліліся набалелым.
— Зрабілася?.. Сорам сказаць, — прызналася Пятроўна. — Узялася на балконе парадак навесці і, у яго не спытаўшы, вазон адзін выкінула. У ім засохлая кветка была... Дык мой з-за яе такую калатнечу ўзняў — аж вокны ў хаце дрыжэлі.
Гэта быў пачатак маналогу. А ў канцы...
— Каб хто толькі ведаў, як жа цяжка з такім чалавекам жыць! — усклікнула жанчына. — Мяне ж ён за гаспадыню не лічыць!..
...Чым я магла дапамагчы Пятроўне?
Толькі тым, што цярпліва выслухала яе, бо што параіш немаладой жанчыне, якая і без мяне цудоўна ведае, што сямейнае жыццё — гэта суцэльны кампраміс.
Ірына Матусевіч, Дзяржынскі раён
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou