III Міжнародныя навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці заснавальніка беларускай школы нумізматыкі, прафесара Валянціна Рабцэвіча, адкрыюцца 16 мая ў БДУ. Удзел у іх возьмуць каля 50 навукоўцаў, даследчыкаў, нумізматаў, калекцыянераў і экспертаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Кыргызстана, Літвы, Малдовы, Польшчы, Чэхіі і Швецыі.
Сярод дакладчыкаў — супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург), Дзяржаўнага гістарычнага музея (Масква), Нацыянальнага музея Літвы, універсітэтаў Вільнюса, Санкт-Пецярбурга, Стакгольма, Харкава, а таксама прадстаўнікі Міжнароднага нумізматычнага клуба і сябры Беларускага нумізматычнага таварыства.
Запланавана работа пяці секцый: "Нумізматыка антычнасці і ранняга сярэднявечча", "Сфрагістыка, геральдыка, фалерыстыка", "Фальшываманецтва", "Грашовае абарачэнне ў XIV—XVI стагоддзях" і "Грашовае абарачэнне ў XVII-XX стагоддзях".
Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанню падробкі грошай. Даследчыкі разгледзяць дадзеную праблему ў кантэксце розных гістарычных эпох. А працягне тэму фальшываманецтва выстаўка "Злачынныя грошы". Яе адкрыццё адбудзецца 17 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі (вул. К. Маркса, 12). Экспазіцыю складуць экспанаты з фондаў нумізматычнага кабінета музея гістарычнага факультэта БДУ, Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Музея крыміналістыкі Акадэміі МУС, а таксама з прыватных калекцый. На выставе можна будзе ўбачыць манеты, выпушчаныя ў розныя эпохі — ад антычнасці да сучаснасці (самая старажытная датуецца канцом IV да н.э.), а таксама банкноты, інструменты фальшываманетчыкаў і іншыя цікавыя тэматычныя экспанаты. Будуць прадстаўлены і скарбы фальшываманетчыкаў, у тым ліку Рагачоўскі скарб 1830-х гадоў
Арганізатарам чытанняў выступае гістарычны факультэт БДУ.
Рабцэвіч Валянцін Навумавіч (1934—2008) — прафесар, доктар гістарычных навук, вядомы вучоны ў галіне беларускай нумізматыкі. Аўтар кніг "Пра што расказваюць манеты" і "Нумізматыка Беларусі". Стваральнік нумізматычнага кабінета на гістарычным факультэце БДУ, асноўную частку экспазіцыі якога склала асабістая манетная калекцыя прафесара.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancin-rabcevich
[2] https://zviazda.by/be/tags/numizmatyka