У перыяд Другой сусветнай вайны акрамя ваеннай тэхнікі выкарыстоўвалася нямала аўтамабіляў і матацыклаў, якія сёння можна сустрэць толькі ў музеях або ў прыватных калекцыях. Спецыяльны выпуск гэтай рубрыкі было вырашана прысвяціць менавіта такім машынам — магутным і непатрабавальным, час эксплуатацыі якіх супаў з найстрашэнным ваенным канфліктам у гісторыі чалавецтва.
Што хаваецца пад дахам
...Пустынная прасёлкавая дарога ў глухім лесе не выклікае аптымізму — ці туды мы завярнулі? Паступова шчыльныя шэрагі дрэў расступаюцца, і яркае святло сонца залівае аўтамабіль — машына выбралася з лесу і нетаропка рухаецца ўздоўж звычайных палёў. І вось нарэшце віднеецца месца прызначэння, канчатковы пункт маршруту — аднапавярховыя дагледжаныя домікі вёскі Заброддзе.
З набліжэннем да гэтага незвычайнага па многіх параметрах месца пачынае мільгаць у вачах: калі здалёку віднеюцца толькі карычневыя будынкі, якія патанаюць у зеляніне, то зблізку праз просты драўляны плот, які атачае вёску, прабіваюцца аранжавы, блакітны, сіні, чырвоны і многія іншыя колеры. Увесь гэты калейдаскоп аказваецца сапраўднай марай для кожнага аўтааматара — тут сабрана неверагодная колькасць рарытэтных аўтамабіляў. Класічныя савецкія і замежныя легкавушкі, кабрыялеты, грузавікі і матацыклы запаланілі палянкі, аднак найбольш займальныя экзэмпляры клапатліва схаваны пад зводамі гаражоў, а таксама пад адмысловымі прылеглымі навесамі.
Калекцыю гэтых легендарных машын нам пагадзіўся паказаць скульптар Даніла ЦІТОВІЧ, які можа расказаць усю паднаготную кожнага аўто. «У мяне стаіць шэраг аўтамабіляў войскаў вермахта, а таксама Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, — адзначыў ён. — Гэта тыя машыны, якія рэальна ваявалі. Ім па 80 гадоў — і ўсе яны на хаду».
Што да працэсу аднаўлення, то ў кожнай мадэлі ўсё індывідуальна, але ў цэлым каманда, якая працуе над «ажыўленнем», стараецца ўзнавіць тое, што было ў арыгінале. Здараецца і так, што запчасткі на некаторыя аўтамабілі не ўдаецца знайсці нават у дзяржаве-вытворцу — напрыклад, так было з Nаsh Аmbаssаdоr, дэталяў да якога няма нават у ЗША. Аднак, на думку скульптара, у такіх выпадках лепш уставіць, напрыклад, іншы матор, але машына здабудзе новае жыццё.
Аднак мы трохі адхіліліся. Дык якія ж рарытэты часу вайны хаваюцца ў цёмных гаражах Заброддзя?
Жывая гісторыя на колах
У глыбіні будынка віднеецца аўтамабіль, які для многіх людзей быў прадвеснікам страшнай бяды — легендарны «чорны варанок» ці ГАЗ М-1. Гэта самая масавая даваенная савецкая машына, якая выпускалася з 1936 да 1943 года. У вольны продаж яна не паступала, на ёй ездзілі прадстаўнікі сілавых ведамстваў, партыйнай наменклатуры, а падчас вайны — камандзіры, генералы і агенты НКУС. У рэдкіх выпадках яе атрымлівалі звычайныя людзі за асаблівыя заслугі. Усяго было выраблена каля 63 тысяч такіх аўтамабіляў.
За ім выглядае амерыканец Wіllуs МB, які выпускаўся ў перыяд 1941—1945 гадоў. Удзел у конкурсе на распрацоўку прынялі 135 фірмаў, пры гэтым патрабаванні для таго часу былі вельмі сур'ёзныя: падрыхтаваная маса — 585 кг, максімальная хуткасць — не менш за 80 кіламетраў у гадзіну, вуглы ўезду і з'езду — 45 і 35 градусаў, здольнасць пераадолець брод да 30 сантыметраў.
У Чырвоную Армію па дамове ленд-лізу ён патрапіў улетку 1942 года. Цікава, што ў СССР іх адпраўлялі ў звычайных драўляных скрынках — такім чынам, «канструктар» збіралі разам ужо на месцы. Канструкцыя аўтамабіля вельмі простая, таму і ламацца ў ім няма чаму — трывалая рама, два вядучыя мосты, надзейны чатырохцыліндравы рухавік магутнасцю 60 конскіх сіл. Дарэчы, аднаўлялі гэтую выдатную мадэль тры гады.
За ім стаіць, можна сказаць, першы савецкі джып — ГАЗ-67Б. На ім падчас вайны перавозілі параненых, пяхоту, ён выкарыстоўваўся не толькі як штабны і разведвальны аўтамабіль, але і як лёгкі артылерыйскі цягач. Вырабляўся ён з 1943 да 1953 года: на свет з'явілася больш за 90 тысяч такіх аўто. Гэты джып атрымаў поўны прывод і матор аб'ёмам 3,3 літра магутнасцю 54 конскія сілы. Максімальная хуткасць — 90 кіламетраў у гадзіну. Сапраўдны працаўнік, аўтамабіль быў здольны пацягнуць за сабой амаль тону грузу.
Цікава, што ўся калекцыя ў мястэчку Заброддзе пачалася менавіта з гэтага прыгажуна: ён належаў інжынеру, якога ўгаворвалі прадаць машыну чатыры гады! Пры тым наўзамен мужчына атрымаў яшчэ і «Капейку».
Паважаны Захар Іванавіч
Ёсць у засеках Заброддзя і аўтамабілі, якія не толькі перавозілі людзей, але яшчэ па-сапраўднаму ратавалі жыццё. Вядома, гаворка пра легендарны ЗІС-5, праўда, у беларускай вёсцы прадстаўлена крыху больш позняя яго мадыфікацыя 1942—1943 года з індэксам 5В. Гэтую машыну шафёры называлі Захар Іванавіч, а таксама трохтонка. У самыя кароткія тэрміны — усяго за 4 месяцы — быў сабраны гэты экзэмпляр, пры тым, што ў наяўнасці была толькі рама, колы, пярэдняя бэлька і частка капота! Ён вазіў людзей, а таксама прадукты харчавання.
Што толькі не рабілі на базе ЗІСа — стваралі аўтобусы, пажарныя машыны, бронемабілі, гэта даволі стандартныя мадыфікацыі. Але акрамя таго, мадэль трансфармавалася ў перасоўныя друкарні, снегаачышчальнікі, мясакамбінаты, цэлыя комплексы супрацьпаветранай абароны! Вось такі шматгранны быў аўтамабіль.
Як жа тут не ўспомніць пра ГАЗ-АА, так званую паўтаратонку (з-за грузападымальнасці ў 1,5 тоны). Згаданая мадэль — гэта мадэрнізаваны Форд-АА. На Горкаўскім аўтазаводзе яго збіралі задоўга да вайны — з 1932 года, а ў 1938 годзе ён атрымаў новы рухавік на 50 конскіх сіл і назву ГАЗ-ММ. Гэты аўтамабіль здзейсніў шматлікія подзвігі: менавіта ён першы стаў курсіраваць па магістралі на лёдзе Ладажскага возера, адвозіў у Ленінград прадукты харчавання, а назад вёз людзей, абсталяванне і розныя культурныя каштоўнасці. Нямала гераічных шафёраў разам з гэтым аўто апынуліся на дне возера, паколькі лёд не заўсёды вытрымліваў падарожнікаў... Але гэта толькі адзін маршрут — а колькі было іншых, колькі абедзве машыны выратавалі!
Аб конях у жалезе
У кутку шырокага гаража хаваецца матацыкл М-72, які вырабляўся з вясны 1941 года да 1960-га. Узорам для поўнага капіравання стаў BMW R71 з апазітным рухавіком. Цікава, што канструкцыя немца была арыентаваная не столькі пад ваенныя патрэбы, колькі пад масавае спажыванне. Інжынеры Маскоўскага матацыклетнага завода перанялі нямала тэхнічных навін, якія да таго моманту ў савецкай практыцы не ўжываліся.
Дарэчы, гэты матацыкл быў сканструяваны менавіта пад ваенныя мэты, таму да сярэдзіны 50-х гадоў у вольны продаж не паступаў. І паколькі як кожны такі матацыкл абсталеўваўся стралковай зброяй, ён класіфікаваў менавіта як бранятэхніка.
На долю гэтай тэхнікі выпала мноства складаных выпрабаванняў, якія з гонарам былі пераадолены. Страшная вайна скончылася, машыны сталі змяняць пакаленні — у завяршэнне наш гід паказаў яшчэ некалькі аўтамабіляў, якія маюць пэўнае значэнне для большасці савецкіх грамадзян.
Як жа мы без Перамогі?
...З-пад асобнага навеса, схаванага пад магутнымі дрэвамі, віднеецца легендарны ГАЗ-М-20 «Пабеда». Аўтамабіль мае цудоўную двухколерную афарбоўку — верх і частка капота ў яго сакавітага зяленага колеру, а астатнія часткі — цёмна-зялёныя. Гэта першы савецкі аўтамабіль з апорным кузавам і адзін з першых у свеце, які серыйна выпускаўся з кузавам цалкам пантоннага тыпу — без крылаў, якія выступаюць, і іх рудыментаў, падножак і фар.
Літаральна кожная дэталь «Пабеды» напоўнена гісторыяй — вось, напрыклад, эмблема на капоце. Калі ствараўся ГАЗ-М-20, у савецкіх аўтазаводаў не было пастаянных эмблем, таму пад кожны аўтамабіль рыхтавалі свой арыгінальны шыльдзік. На «Пабедзе» — гэта літара М, якая паказвала на назву «Молатавец» — тады завод у Горкім насіў імя Молатава. Яшчэ ў эмблеме можна разглядзець намёк на чайку, а таксама на зубец сцяны Ніжагародскага крамля. Заліўка шыльдзіка — чырвоная, у колер сцяга СССР.
Вядома, шмат хто чуў папулярную гісторыю пра назву гэтага аўтамабіля: першапачаткова яго хацелі назваць «Радзіма», але калі ў 1944 годзе Іосіфу Сталіну паказалі ўзор будучай серыйнай машыны, ён спытаў: «І пачым мы будзем Радзіму прадаваць?» Лічыцца, што пасля гэтага аўто вырашылі назваць «Пабеда», але, як аказалася, гэта ўсяго толькі міф. Розныя крыніцы пацвярджаюць, што ў гонар хуткай перамогі СССР над Германіяй назва «Пабеда» была замацавана яшчэ на пачатковых этапах распрацоўкі.
Дарэчы, у засеках Заброддзя ёсць вельмі цікавая мадыфікацыя «Пабеды» — ГАЗ-М-72, якая выпускалася з 1955 да 1958 года. Гэта сапраўдны пазадарожнік! У пасляваенны час было ўзнята пытанне аб стварэнні новага камфартабельнага аўтамабіля павышанай праходнасці. Ідэю яго з'яўлення, дарэчы, прапанаваў сам Мікіта Хрушчоў. Па задуме, машына павінна была выкарыстоўвацца ў якасці службовага аўто сельскіх абкамаў КПСС, старшыняў перадавых калгасаў і — неафіцыйна — як машына для ўрадавых паляўнічых гаспадарак. Гэты незвычайны аўтамабіль не стаў масавым — было выпушчана ўсяго 4677 экзэмпляраў. Дарэчы, існуе кінастужка, на якой Мікіта Хрушчоў і Фідэль Кастра адпраўляюцца на зімовае паляванне менавіта на гэтай машыне.
Цепліцца жыццё
Сёння гэтыя легендарныя аўтамабілі, лепшыя гады якіх прыйшліся, на жаль, на вельмі цяжкі час — вайну і аднаўленне пасля яе — здабылі нават не другое і нават не трэцяе жыццё. Сапраўдныя ветэраны аўтамабільнай галіны, яны сышлі на заслужаны адпачынак у цёмныя гаражы, але да гэтага часу іх не пакінулі і не пакінуць запал і энергія матораў-сэрцаў...
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
в. Заброддзе Вілейскага раёна
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/klaksan
[4] https://zviazda.by/be/tags/autamabil
[5] https://zviazda.by/be/tags/autamabili
[6] https://zviazda.by/be/tags/drugaya-susvetnaya-vayna