Напрыканцы красавіка англійскай каралеве Лізавеце ІІ споўнілася 92 гады, а напярэдадні яна атрымала жаданы падарунак — лідары краін — членаў Садружнасці нацый вырашылі, што наступным кіраўніком арганізацыі стане прынц Чарльз.
На двухдзённым саміце, які ўпершыню за 32 гады праходзіў у Вялікабрытаніі, каралева сама папрасіла аб гэтым. «Я шчыра жадаю, каб Садружнасць і надалей забяспечвала будучым пакаленням стабільнасць і пераемнасць, а таксама аднойчы вырашыла, што працягнуць распачатую маім бацькам у 1949 годзе работу павінен прынц Чарльз», — заўважыла Лізавета ІІ. Guardіan назвала гэтую заяву «незвычайна шчырай», да якой кіраўнікі дзяржаў-удзельніц, вядома, не маглі не прыслухацца. «Аднойчы» наступіла літаральна на наступны дзень, калі было абвешчана (сустрэча прайшла ў зале Ватэрлоа Віндзарскага замка), што Чарльз, прынц Уэльскі, стане пераемнікам Лізаветы ІІ на гэтай пасадзе. Што гэтая падзея значыць для Вялікабрытаніі і для ўсёй Садружнасці?
Вернасць Кароне
Садружнасць нацый (Commonwealth of Natіons) — добраахвотнае аб'яднанне 53 незалежных краін, куды ўваходзяць амаль усе колішнія калоніі, пратэктараты і дамініёны Брытаніі, якія палічылі за лепшае захаваць асаблівыя адносіны з Лонданам. Але ёсць там і краіны, якія ніколі не былі брытанскімі калоніямі, — напрыклад, Руанда і Мазамбік. Гісторыю асацыяцыі адлічваюць з Вестмінстэрскага статута 1931 года, які замацаваў становішча дамініёнаў у складзе імперыі і іх узаемаадносіны з метраполіяй. Пасля таго як Брытанская імперыя страціла 13 амерыканскіх калоній, пакінуўшы за сабой Канаду, Індыю, некаторыя ўладанні ў Вест-Індыі і шэраг раскіданых і аддаленых паселішчаў, у метраполіі намеціліся дзве палітычныя лініі. Першая прадугледжвала арыентацыю на пашырэнне брытанскага ўплыву ў Індыі і на Далёкім Усходзе. Другая лінія, разам з пашырэннем гэтага ўплыву (у інтарэсах брытанскай прамысловасці і ў мэтах эканоміі дзяржаўных расходаў) дапускала развіццё ў калоніях самакіравання, каб прадухіліць паўтарэнне вайны за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній.
Тэрмін «Садружнасць нацый» быў уведзены брытанскім прэм'ер-міністрам лордам Розберы ў 1884-м. Пачатак Садружнасці быў пакладзены праведзенай у 1887 годзе ў Лондане міжнароднай канферэнцыяй, на якой замацаваліся асновы новай каланіяльнай палітыкі: з гэтага часу найбольш развітым калоніям быў падараваны статус дамініёнаў — аўтаномных квазідзяржаўных утварэнняў (пазней — фактычна незалежных дзяржаў), пры гэтым усе яны станавіліся часткай Брытанскай Садружнасці нацый — аб'яднання, што пакліканае аб'яднаць велізарную імперыю. Такімі дамініёнамі сталі Канада, Аўстралійскі Саюз, Новая Зеландыя, Паўднёва-Афрыканскі Саюз, Дамініён Ньюфаўндленд і Ірландыя. На канферэнцыі прэм'ер-міністраў Вялікабрытаніі і брытанскіх уладанняў 1926 года была прынята Дэкларацыя Бальфура, у якой Вялікабрытанія і дамініёны прызналі, што гэтыя дзяржавы маюць «роўны статус і не з'яўляюцца залежнымі адна ад адной». Прававы статус Садружнасці быў замацаваны Вестмінстэрскім статутам ад 11 снежня 1931 года, і аж да 1947-га яно ўяўляла сабой падабенства саюзу дзяржаў, кожная з якіх была аб'яднана з Вялікабрытаніяй асабістай уніяй (кіраўніком дамініёнаў прызнаваўся брытанскі манарх).
З абвяшчэннем Індыі незалежнай рэспублікай у 1947-м арганізацыю прыйшлося рэфармаваць. Яна атрымала сучасную назву «Садружнасць нацый» і засяродзілася на рашэнні перш за ўсё сацыяльна-эканамічных праблем.
Чвэрць сушы
Першым кіраўніком Садружнасці нацый стаў кароль Георг VІ, а пасля яго раптоўнай смерці Лізавета ІІ фактычна атрымала ў спадчыну гэтую пасаду ў 1953 годзе. У цяперашнім выглядзе арганізацыя паўстала ў 1949-м — тады яе членамі былі Брытанія, Індыя, Канада, Аўстралія, ПАР, Пакістан, Шры-Ланка і Новая Зеландыя. Брытанскі манарх юрыдычна лічыцца кіраўніком 16 краін Садружнасці. У шасці дзяржаў ёсць свае манархі: гэта Лесота, Свазіленд, Бруней, Малайзія, Самоа і Тонга. Аднак сярод членаў арганізацыі большасць краін — рэспублікі.
Дзяржавы Садружнасці займаюць чвэрць сусветнай сушы. Самыя буйныя па плошчы з іх — гэта Індыя і Канада, сярод самых маленькіх — астраўныя дзяржавы ў Ціхім акіяне (Науру, Самоа, Тувалу, Вануату), а таксама Дамініка, Антыгуа і Барбуда ў Карыбскім рэгіёне. Краіны-ўдзельніцы Садружнасці размешчаны па ўсім свеце — у Афрыцы, Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Еўропе і Ціхаакіянскім рэгіёне. Усе члены маюць роўнае права голасу незалежна ад памеру і эканамічнага росту. Прадстаўнікі краін-членаў фарміруюць палітыку і прыярытэты дзейнасці Садружнасці. Кожныя два гады яны сустракаюцца, каб абмеркаваць усе надзённыя пытанні.
Цяпер у Садружнасці пражываюць 2,4 мільярда чалавек. Большасці з іх яшчэ не споўнілася 30 гадоў. Насельніцтва планеты пры гэтым складае 7,4 млрд. Самая густанаселеная краіна Садружнасці — Індыя, на якую прыпадае каля паловы насельніцтва 53 краін. Арганізацыя ў мінулым губляла членаў. У 2003 годзе прэзідэнт Зімбабвэ Роберт Мугабэ спыніў сяброўства ў супольнасці пасля таго, як яно было прыпынена з-за падазрэнняў у махлярстве на выбарах. Між тым падчас апошняга саміту брытанскі ўрад агучыў гатоўнасць зноў прыняць у шэрагі членаў Садружнасці гэтую афрыканскую рэспубліку. Міністр замежных спраў Брытаніі Борыс Джонсан сказаў, што Зімбабвэ «дамаглася ўражальных вынікаў» пад кіраўніцтвам пераемніка Мугабэ Эмерсана Мнангагвы, аднак трэба дачакацца правядзення «свабодных і сумленных выбараў» у ліпені.
У 1999 годзе, пасля ваеннага перавароту ў Пакістане, членства гэтай краіны ў Садружнасці было прыпынена, а праз чатыры гады — адноўлена. У 1961 годзе з супольнасці выйшла ПАР, пасля таго як іншыя краіны раскрытыкавалі яе за палітыку апартэіду. У 1994 годзе гэтая краіна зноў увайшла ў Садружнасць. Гамбія выйшла з арганізацыі ў 2013-м, назваўшы яе «неакаланіяльным інстытутам». Апошнімі па часе з супольнасці выйшлі Мальдывы, гэта адбылося ў 2016 годзе.
Цяперашні статут прадугледжвае прыхільнасць членаў Садружнасці 16 ідэям, сярод якіх дэмакратыя, роўнасць полаў, устойлівае развіццё, мір і міжнародная бяспека. Садружнасць крытыкуюць, называючы «посткаланіяльным клубам» і арганізацыяй з вельмі абмежаваным уплывам. Прыхільнікі Садружнасці кажуць, што яе члены атрымліваюць дапамогу ў развіцці і саюзнікаў на сусветнай арэне. «Члены нашай арганізацыі адданыя ідэі развіцця і абароны дэмакратыі, эканамічнага развіцця і павагі да разнастайнасці», — пераканана генеральны сакратар Садружнасці Патрыцыя Скотланд (дарэчы, ураджэнка Дамінікі, якая вырасла ў Вялікабрытаніі).
Трон у спадчыну
Пасада кіраўніка аб'яднання — не тытул, ён не перадаецца ў спадчыну. Традыцыйна яе займае брытанскі манарх, якога фармальна прызначаюць на пасаду лідары краін-удзельніц. Асноўны абавязак — аб'ядноўваць удзельнікаў, наладжваць паміж імі гандлёвыя сувязі і іншыя віды супрацоўніцтва. Для гэтага кіраўнік пастаянна ездзіць па краінах аб'яднання і асабіста сустракаецца з іх лідарамі.
У лютым 2018 года журналісты BBC паведамілі пра тое, што Садружнасць сфарміравала спецыяльную «групу высокага ўзроўню», каб вырашыць праблему перадачы паўнамоцтваў ад Лізаветы ІІ пераемніку. Заява каралевы зняла многія пытанні. Больш за тое, яна справакавала новую хвалю дыскусій у Вялікабрытаніі аб тым, хто атрымае ў спадчыну трон. Брытанская прэса разглядае заяву Лізаветы ІІ на саміце ў Лондане як магчымы этап перадачы паўнамоцтваў менавіта Чарльзу. «Каралева публічна падтрымала прынца Чарльза як будучага кіраўніка Садружнасці — і пачынае згортваць свае паўнамоцтвы», — азагаловіла матэрыял брытанская The Telegraph. «Яе (Лізаветы ІІ) словы далі ясна зразумець, што правапераемнасць Чарльза ў гэтай працы — што ніколі не гарантавалася і часам нават выклікала сумненне, — зараз вырашанае пытанне», — піша The Tіmes. У сваю чаргу, таблоід The Sun расцэньвае такі крок як працяг падрыхтоўкі да магчымага адмаўлення ад пасады на карысць Чарльза. Яшчэ ўлетку 2017 года The Daіly Maіl паведаміла пра тое, што каралева ўсур'ёз разглядае магчымасць адмовіцца ад кароны пасля дасягнення 95 гадоў і перадаць трон.
69-гадовы прынц Уэльскі — першы ў чарзе на брытанскую карону. Аднак у апошнія гады ў мясцовых СМІ неаднойчы выказваліся здагадкі, што каралева можа перадаць трон наступнаму фармальнаму прэтэндэнту — свайму ўнуку прынцу Уільяму, старэйшаму сыну прынца Чарльза і прынцэсы Дыяны. На яго баку сімпатыі большасці брытанцаў. Згодна з нядаўнімі апытаннямі YouGov, 56 % рэспандэнтаў хацелі б бачыць Уільяма наступным каралём (13 % — у прынца Чарльза), а 78 % апытаных перакананыя, што старэйшы ўнук каралевы аказвае пазітыўны ўплыў на манархію (толькі 36 % згодныя з такім жа сцвярджэннем пра яго бацьку).
Напярэдадні «брэксіту»
Вядома ж, стратэгічным застаецца эканамічны фактар. Сумарны ВУП супольнасці складае 10 трыльёнаў долараў. Сярод тэм для абмеркавання на апошнім саміце быў міжнародны гандаль. Кіраўнікі дзяржаў пагадзіліся «змагацца з пратэкцыянізмам» з мэтай давесці абарот гандлю паміж краінамі Садружнасці да $2 трлн да 2030 года. Арганізацыя — важны гандлёвы партнёр Лондана: каля 8,9 % брытанскага экспарту і прыкладна 7,8 % імпарту прыпадаюць на яе ўдзельнікаў. Вялікабрытанія — самы эканамічна развіты член Садружнасці (прынамсі пакуль). Неўзабаве — магчыма ўжо налета — яе абгоніць Індыя. Невыпадкова, што падчас сустрэчы з Тэрэзай Мэй індыйскі прэм'ер Нарэндра Модзі (які ўзяў удзел у саміце) заявіў, што пасля выхаду з ЕС гэтая краіна будзе настолькі ж важнай для Індыі, як і цяпер, перадае Reuters. Акрамя таго, ён дадаў, што «брэксіт» прапануе яшчэ больш магчымасцяў для павышэння гандлёвых адносін паміж Лонданам і Нью-Дэлі. «Ён сказаў, што Лондан быў вельмі важны для Індыі дзякуючы доступу да сусветных рынкаў», — паведаміла прэс-сакратар кіраўніка брытанскага ўрада.
На фоне выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза прыхільнікі «брэксіту» заўважаюць, што Садружнасць павінна набыць большае значэнне. «Яны разлічваюць на новыя гандлёвыя дамовы і на тое, што са змяненнем заканадаўства аб памежным кантролі, мігрантаў, якія прыбываюць праз ЕС, заменяць выхадцы з краін супольнасці», — паведаміў Euronews. Пры гэтым застаецца адкрытым і пытанне наконт узбуйнення арганізацыі. Напрыклад, як заявіла міністр замежных спраў Аўстраліі Джулія Бішап у інтэрв'ю газеце The Australіan, гэтая краіна падзяляе зацікаўленасць Вялікабрытаніі ў пашырэнні Садружнасці за кошт прыняцця ў яе склад дзяржаў, якія ў мінулым не былі брытанскімі калоніямі. Так што пры ўсіх цяперашніх супярэчнасцях супольнасць застаецца на зайздрасць жыццяздольнай.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/lizaveta-ii
[6] https://zviazda.by/be/tags/prync-charlz
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyalikabrytaniya