Як сучаснаму аўтару знайсці свайго чытача і атрымаць пэўны прыбытак з літаратурнай творчасці? Размаўляць пра літаратуру цікава не толькі з літаратарамі, але і з рупліўцамі іншых прафесій. Мы запрасілі да размовы Івана Панамарова і Ганну Лаўніковіч — супрацоўнікаў беларускага прадстаўніцтва міжнароднай рэкламнай сеткі.
— Нярэдка здараецца, што чалавек піша добрыя рэчы, але яго выданні ляжаць стосам на складзе выдавецтва, кніга не знаходзіць чытача, аўтар не атрымлівае прыбытку. У чым прычына з вашага пункту гледжання?
Іван Панамароў: Мне падаецца, што беларуская літаратура — закрытая супольнасць. І нават шырэй: Мінск — гэта закрытая супольнасць. Тут адбываецца шмат цікавага, калі ты ўваходзіш у пэўнае кола. Калі ж у цябе няма знаёмых праграмістаў, музыкаў, наўрад ці будзеш ведаць, дзе прэзентуюць модную пласцінку, куды прывезлі выстаўку. Альбо даведаешся пра падзею праз два тыдні, альбо патрапіш на сустрэчу і будзеш адчуваць сябе не ў сваёй талерцы. Тое самае варта перанесці і на плоскасць літаратуры. На цяперашні момант закрытасць суполак вядзе да крызісу дыялогу і ў выніку — да крызісу ідэй.
Яшчэ пытанне з пункту гледжання рэкламшчыка: ці ведае пакупнік пра прадукцыю? І гэта істотна, таму што немагчыма хацець альбо набыць тое, пра што я не ведаю. Як ісці: прадукт за мной, альбо я за прадуктам — іншая гісторыя. Я адчуваю сябе адсечаным ад плыні, якая мае дачыненне да беларускай літаратуры. Пры гэтым чытаю нобелеўскіх лаўрэатаў, праглядаю калумністаў, але, шчыра кажучы, рэдка турбуюся думкай «Якую беларускую кнігу мне прачытаць?», у мяне не сфарміравана гэта патрэба як у спажыўца.
— Магчыма, справа ў тым, што аўтары не маюць магчымасці шырока рэкламаваць сваю прадукцыю?
І. П.: Мы жывём ва ўнікальны час. Сацсеткі — пры ўсім сваім спрашчэнні — тэст на тое, наколькі моцная твая ідэя. Яе можна адразу праверыць на мільёнах чалавек. Але нехта з аўтараў можа паспрабаваць сябе ў сетках і сутыкнуцца з тым, што яго ідэі проста не патрэбныя...
— Якія крытэрыі поспеху?
Ганна Лаўніковіч: Калі нешта выклікае рэакцыю, адказ — значыць, аўтар на правільным шляху, звяртаецца да важных праблем, спрабуе правільныя механізмы. І нават калі ваш твор атрымаў шмат негатыўных каментарыяў — усё не так кепска, магчыма, ён мае характар супрацьяддзя. Самы горшы вынік — адсутнасць якой-небудзь рэакцыі.
І. П.: Чалавек, які прывык дзяліцца ідэямі, адразу адчуе водгук: гэта могуць быць нават тры каментарыі патрэбнай танальнасці. Сёння адбываецца пераход ад эканомікі вытворчасці да эканомікі ідэй, якая не мае сакрэтнага інгрэдыенту поспеху. Бо эканоміка ідэй адрозніваецца ад эканомікі вытворчасці тым, што стваральнік і ёсць формула, яго ўспаміны, паездкі, траўмы, боль, першае, другое каханне, спрэчкі — гэта ўсё ён, і чым больш ён сябе ўвабраў, тым мацнейшая яго пазіцыя і тым лепш яна гучыць.
Крэатыўная эканоміка разам з ІТ-техналогіямі абапіраюцца на такія сферы, як дызайн, кіно, тэлебачанне, фота, відэа, рэклама, мастацтва, музыка, архітэктура, кнігавыданне, рамёствы. Росквіт крэатыўных рынкаў у еўрапейскіх краінах карэлюе з наступствамі чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі, якая адбываецца ў наш час. Людзі губляюць працу на вытворчасці і ў офісах з-за аўтаматызацыі зборачных ліній і праграм штучнага інтэлекту. А творчыя прафесіі дазваляюць рабіць тое, што падабаецца, і ў чым чалавек дасягае добрых вынікаў.
— Аўтар выклаў старонку твора, водгукі чытачоў яго матывавалі, выйшла кніга — і тут ёсць меркаванне, што пры добрай рэкламе можна прадаць амаль усё: спінар, бутэльку кока-колы, мячык-антыстрэс... А кнігу?..
І. П.: Ёсць вядомая рэкламная прымаўка, што рэкламай спажыўца можна падмануць, але толькі аднойчы. Калі прадаць кепскі, нецікавы, графаманскі раман на цудоўнай беларускай мове, можна назаўсёды адштурхнуць чытача ад усёй беларускай літаратуры. Таму разлічваць, што рэклама нас усіх выцягне — гэта міф. Яна працуе, калі гаворка ідзе пра барацьбу на высокаканкурэнтным рынку тавараў, блізкіх па якасці, калі людзей неабходна падштурхнуць набываць тавар рэгулярна альбо растлумачыць, чаму гэты тавар каштуе болей і якую карысць можна з гэтага атрымаць. А кніга — гэта акт творчасці, а каб акт творчасці адбыўся, патрэбна, па-першае, думка, а падругое, аўдыторыя.
Напрыклад, што датычыцца замежнай камерцыйнай літаратуры, музыкі ці кіно, самая значная асоба — прадзюсар. Гэта вытворчасць, у лепшым выпадку — майстэрства. Ёсць бізнес, ёсць прыбытак, ёсць піяр-праграма, жорстка пралічаная для продажы любой паперы, на якой будзе стаяць імя канкрэтнага аўтара. А ёсць акт творчасці: чалавек тонка адчувае, рэфлексуе наконт таго, што адбываецца ў нашай рэчаіснасці. Яму не істотна, купяць ці не.
— Паэтам важна выказаць сябе, прапанаваць нешта істотнае, магчыма, пайсці насуперак традыцыі. Паэты не арыентуюцца на прыбытак, і выдаўцы рэдка выдаюць паэтычныя зборнікі вялікімі тыражамі, бо лічыцца, што паэзія запатрабаваная менш за прозу.
І. П.: Не пагаджуся: рэп-батлы Versus Battle збіраюць па некалькі мільёнаў праглядаў, а расійская паэтэса Вера Палазкова ўвесь час на гастролях. Калі кажам пра Versus, то я бачу запыт з боку шырокай аўдыторыі маладых людзей (прычым дастаткова агрэсіўных) на тэмпарытм, вобразнасць, сэнс, прычым сэнс вострасацыяльны. Калі б Маякоўскі жыў у ХХІ стагоддзі, ён, напэўна, выступаў бы на версусах. Ён бы не пісаў на stihi.ru, дзе пяць падпісчыкаў. Запыт ва аўдыторыі ёсць.
Лічу, што Паэт робіцца паспяховым, калі можа выказаць у словах тое, што адчуваю я, але выказаць не магу. Гэта і ёсць талент, але трэба адчуваць, чым хварэе канкрэтны пласт людзей.
Думаю, што кожны аматар літаратуры разумее: магчымасць набыць кнігу — гэта матэрыяльны спосаб сказаць аўтару «дзякуй».
— Дзіцячая літаратура — гэта ўжо іншая сфера, магчыма, і тут у вас знойдуцца карысныя падказкі?
Г. Л.: Для пачатку прапаную паглядзець рэкламу ад TBWA/Paris шпалер фірмы Castorama. Дзіця скануе выявы казачных герояў на шпалерах з дапамогай смартфона альбо планшэта і потым можа абраць казку пра гэтых персанажаў. Кажучы пра дзіцячую літаратуру, мы абмяркоўваем звыклую для нас форму, але не абмяркоўваем патрэбы сучаснага маленькага чытача. Калі кажам пра дзяцей, то ёсць вялікі пласт індустрыі лічбавых забаў, дзе пісьменнік не проста рыфмуе «плач» і «мяч», а спрабуе ўцягнуць дзіця ў гісторыю, выкарыстоўвае ўсе магчымыя формы ўзаемадзеяння з маладым чытачом. Сёння існуюць кнігі для дзяцей, дзе змяняюцца гісторыі, лічбавыя кнігі з убудаванымі квэстамі, сумяшчаецца відэа і тэкставы кантэнт, дапоўненая рэальнасць і інтэрактыў. Таму перш чым ствараць нешта для дзяцей, неабходна вывучаць існуючыя фарматы ўзаемадзеяння дзіцяці і прылады, на якой знаходзіцца гэта гісторыя, бо рынак тавараў для дзяцей самы інавацыйны, хутка развіваецца і вельмі прыбытковы.
І. П.: Калі сучасны аўтар плануе паўтарыць, напрыклад, лёс Агніі Барто, то гэта, на жаль ці на шчасце, сёння немагчыма. У часы Агніі Барто было прасцей: пра знакамітых аўтараў распавядалі ўсяго некалькі інфармацыйных каналаў. А цяпер ёсць мільён інфармацыйных плыняў, таму наколькі моцнай павінна быць ваша ідэя, каб вылучацца з агульнага шэрагу? Пры гэтым кожны можа канвертаваць свае ідэі ў рэальныя прадукты. Часам з гэтага атрымліваюцца і кнігі. Напрыклад, можна зрабіць мультфільм па матывах кнігі, можна і наадварот. Мульцікі пра Свінку Пэпу маюць сотні мільёнаў праглядаў, зразумела, што потым гісторыі пра яе выходзяць у друкаваным варыянце... Адзінага шляху да поспеху сёння няма.
— Ёсць шмат магчымасцей зацікавіць дзяцей беларускай культурай. Можна рабіць буктрэйлеры, камп’ютарныя гульні па-беларуску. Але вялікага выбару прадукцыі пакуль няма. Чым, на вашу думку, гэта абумоўлена?
І. П.: Па-першае, большасці прадпрымальнікаў справы да гэтага няма. Зразумець іх можна: пабачыць рынак у забаўляльнай індустрыі на беларускай мове здольны далёка не кожны бізнесмен. Рабіць што-небудзь цяпер можна паспрабаваць праз краўдфандынг. Калі сама культура прадпрымальніцтва пачне трансліраваць: «рэгіструйцеся, спрабуйце, аб’ядноўвайцеся» — нішы, звязаныя з культурай, мовай і забавамі вельмі хутка будуць запоўненыя.
Г. Л.: Калі чагосьці няма, чаму б не быць першым і не паспрабаваць зрабіць нешта значнае?..
— Ці прапанавалі б вы беларускім вытворцам шпалераў зрабіць казку на беларускай мове? Здаецца, гэты праект лёгка перанесці на нашу глебу...
І. П.: Мы з радасцю паглядзелі б работы беларускіх аўтараў, якія хацелі б сябе паспрабаваць у такім праекце. Трэба ісці насустрач адно аднаму!
Алеся ЛАПІЦКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alesya-lapickaya
[2] https://zviazda.by/be/tags/krytyka