Падчас сустрэч прэзідэнтаў нашых краін вырашаюцца важныя пытанні, ставяцца задачы на будучыню, а таксама ўмацоўваюцца культурныя сувязі: кіраўнікі дзяржаў абменьваюцца падарункамі, якія адлюстроўваюць нацыянальныя традыцыі і каштоўнасці народаў.
У Палацы Незалежнасці можна ўбачыць шмат культурных каштоўнасцяў Таджыкістана. Падарункі з дзяржавы, што знаходзіцца ў Цэнтральнай Азіі, займаюць у палацы вялікую плошчу. Так, у аснове калекцыі можна ўбачыць прыгожую карціну, выкананую ў роспісе кундаль, падораную Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам Аляксандру Лукашэнку 30 лістапада 2017 года падчас праходжання Саміта АДКБ у Мінску. Кундаль — незвычайны роспіс, які выкарыстоўваецца ў дэкоры элементаў будынкаў. Спалучае выкарыстанне натуральных фарбаў, пазалоты і рэльефу, які ствараецца пры дапамозе чырвонай гліны. З дапамогай тэхнікі кундаль мастакі Таджыкістана ствараюць сапраўдныя шэдэўры, працягваючы традыцыі продкаў. Аўтары звяртаюцца да прыродных матываў і кветкавага арнаменту. Паверхня карціны пакрытая золатам.
Яшчэ адзін цікавы экспанат Палаца Незалежнасці — карціна з натуральнага каменю, на якой намаляваны горны казёл. Мастацкі твор падорыў Прэзідэнту Беларусі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь Хакдод Махмадшарыф ад імя Прэзідэнта Таджыкістана, гэта адбылося падчас уручэння даверчых грамат новым паслам 17 студзеня 2018 года. Твор дэманструе прыгожую прыроду Таджыкістана, яна ўвабрала ў сябе разнастайную каляровую палітру горнай краіны.
А сувенір «Ваўчыца, якая корміць» падораны падчас аднаго з афіцыйных візітаў Эмамалі Рахмона ў Беларусь. Скульптура вырабленая з рэдкіх металаў у горадзе Худжанд. Яна выкананая на аснове шахрысціянскай фрэскі, якую знайшлі ў 1967 годзе ў Палацы ўструшанскіх цароў — афшынаў. Вобраз скульптуры цалкам скапіраваны з фрэскі, на якой выяўлена ваўчыца з двума немаўлятамі.
Нельга не згадаць памятны падарунак з боку Таджыкістана Беларусі, праз які раскрываецца нацыянальнае мастацтва краіны. Дэкаратыўныя талеркі таксама зробленыя ў тэхніцы кундаль, выразаныя ў камені. Талерка дыяметрам каля 60 сантыметраў інкруставана па контуры каштоўнымі камянямі. Яна была падораная Аляксандру Лукашэнку падчас візіту Эмамалі Рахмона 24 мая 2014 года.
Усе прадстаўленыя экспанаты нагадваюць пра важныя праекты і задумы, якія абмяркоўваліся падчас афіцыйных візітаў, аб’ядноўваюць культуры, дапамагаюць народам быць бліжэй.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/naviny