2 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску ў другі раз пройдзе "Агульная дыктоўка" па беларускай мове. Ідэя мерапрыемства – даць магчымасць кожнаму ахвотнаму праверыць сваё валоданне роднай мовай. Летась у праекце прынялі ўдзел больш за 170 чалавек.
Арганізатары не парушылі традыцыю і падрыхтавалі спецыяльны тэкст. Калі летась дыктоўка была прысвечана 950-годдзю беларускай сталіцы, то сёлета яе змест прысвячаецца 400-годдзю першага беларускага буквара. Чытальнікам праекту выступіць Руся – cпявачка, актрыса беларускага дубляжу, “голас беларускай чыгункі”, трэнер па голасу.
Тыя, у каго не атрымліваецца прыехаць у сталіцу, таксама змогуць далучыцца і напісаць дыктоўку разам з Мінскам. Для гэтага будзе арганізавана трансляцыя праз Нацыянальнае радыё і інтэрнэт. Для ўдзелу ў дыктоўцы неабходна зарэгістравацца [1]. 2 чэрвеня трэба з'явіцца ў Нацыянальную бібліятэку (праспект Незалежнасці, 116) не пазней за 11.30 (уваход з боку рэстарана "Явар", другі паверх) альбо падключыцца да Першага канала Нацыянальнага радыё ці інтэрнэт-трансляцыі дома.
Дыктоўка пачнецца ў 12.20 і працягнецца да 13.20. Пасля дыктоўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы ўдзельнікі змогуць у спецыяльнай зоне пагуляць у беларускія настольныя гульні і сфатаграфавацца.
Работы правераць прафесійныя філолагі. Вынікі паведамяць на працягу пяцi працоўных дзён. Усе ўдзельнікі дыктоўкі атрымаюць па электроннай пошце свае вынікі, а таксама электронныя сертыфікаты аб удзеле ў дыктоўцы. Арганізатарам мерапрыемства выступае ААТ “Лідскае піва”.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] http://lidskae.by/praektyi/agulnaya-dyiktouka-2018
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-mova
[3] https://zviazda.by/be/tags/tatalnaya-dyktouka