У Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы ствараецца рэсурсны цэнтр, дзе змогуць практыкавацца будучыя кухары і кандытары. Новая сучасная база дазволіць весці падрыхтоўку навучэнцаў іншых устаноў па гэтых спецыяльнасцях, а таксама павышаць кваліфікацыю ўсім работнікам дадзенага напрамку.
Мяркуецца, што рэсурсны цэнтр пачне дзейнічаць у новым навучальным годзе. Але і цяпер відаць, што двухпавярховая прыбудова амаль поўнасцю гатовая, застаецца толькі ўстанавіць неабходнае абсталяванне для кулінарных лабараторый. Як расказаў дырэктар каледжа Леанід Бялей, гэта работа вядзецца, ужо аб'яўлены тэндар на закупку.
— Мы бачым вялікую запатрабаванасць такіх спецыялістаў, як кухар і кандытар. Апошнім часам у рэгіёне актыўна адкрываюцца аб'екты грамадскага харчавання, і там патрэбны кадры. Папулярнасць прафесіі відаць і па конкурсе ў наш каледж, у мінулым годзе конкурс на спецыяльнасць «Грамадскае харчаванне» склаў больш за тры чалавекі на месца, а каб яго прайсці, сярэдні бал атэстата павінен быць не ніжэйшы за сем, — адзначыў Леанід Іосіфавіч.
У каледжы набіраюць чатыры групы кухараў — гэта 110 чалавек. А ўсяго тут займаюцца 650 навучэнцаў з усёй вобласці. Можна сказаць, што рэсурсны цэнтр створаны на даволі трывалай навучальнай базе. Тут рыхтуюць высокапрафесійных спецыялістаў. Аб гэтым сведчаць і дасягненні на шматлікіх конкурсах — як рэспубліканскіх, так і міжнародных.
— Вопыт удзелу ў конкурсах вельмі карысны для навучэнцаў, майстроў вытворчага навучання, педагогаў. Гэта добры імпульс у самаўдасканаленні, пошуку новага, магчымасць пазнаёміцца з сусветным вопытам, — лічыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Брушко. — А калі ў 2014 годзе Беларусь далучылася да міжнароднага руху WоrldSkіlls, які папулярызуе рабочыя прафесіі праз конкурсы прафесійнага майстэрства, нашы навучэнцы адразу ўключыліся ў спаборніцтва.
І вынікі не прымусілі доўга сябе чакаць. У каледжы па праве ганарацца сваёй «залатой» Златай Шпак, якая атрымала перамогу на рэспубліканскім этапе прэстыжнага конкурсу ў намінацыі «Кандытарскае мастацтва» і трапіла ў склад нацыянальнай каманды на міжнародным чэмпіянаце, які праходзіў у Арабскіх Эміратах у 2017 годзе. За дасягненні яна сёлета ўвайшла ў лік адораных навучэнцаў і студэнтаў, якія атрымалі падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Таксама варта адзначыць поспехі будучых кандытараў на міжнародным чэмпіянаце кандытарскага майстэрства «Арт-клас» 2017 года. Залатыя медалі атрымалі адразу два навучэнцы каледжа — Аляксей Курыльчык (работа з шакаладу) і Ірына Лукашун (мастацкая нарэзка гародніны і садавіны). А ўжо сёлета прызёрам на міжнародным конкурсе ў Варшаве стала Аляксандра Васільчык, якая зрабіла салодкую кампазіцыю з шакаладу «Цудоўнае далёка».
— Мы рыхтуем не толькі кухараў і кандытараў, — тлумачыць Леанід Бялей. — У каледжы ёсць магчымасць набыць прафесію бармена, афіцыянта, прадаўца, кантралёра-касіра. Навучанне можна працягваць на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі і засвоіць прафесіі тавараведа, тэхніка-тэхнолага.
Дарэчы, з адкрыццём рэсурснага цэнтра ў тэхналагічным каледжы могуць павысіць кваліфікацыю работнікі сферы грамадскага харчавання і гандлю, а беспрацоўныя — набыць спецыяльнасць. Такі дагавор ёсць з гарадскім Цэнтрам занятасці. Плануецца пашырыць работу кандытарскага цэха і рэалізоўваць прадукцыю ў горадзе. Аб тым, што тут з такой задачай справяцца, сумнявацца не прыходзіцца. Большасць навучэнцаў не проста праходзяць практыку, а ўладкаваны на працоўныя месцы з заработнай платай, што сведчыць аб іх прафесіяналізме.
Дарэчы, у новым рэсурсным цэнтры размясціліся не толькі кабінеты для вучобы і лабараторыі грамадскага харчавання. Тут яшчэ па-сучаснаму абсталяваны бібліятэка, лінгафонны кабінет, ёсць танцавальная зала. Прыемна ўражваюць вялікія «французскія» вокны, якія адкрываюць прыгожую гарадскую панараму, у тым ліку і 9-павярховы інтэрнат каледжа. Кожны, хто прыязджае на вучобу ў Гродна, знаходзіць у ім камфортнае жыллё.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodna