Што было — было: на адным прадпрыемстве ў чаканні высокіх гасцей начальства ўсіх перадавікоў сабрала, загадала фотакарткі прынесці — на Дошку гонару, прычым заўтра ж...
Асобныя з жанчын тут жа пабеглі прыбірацца, фарбавацца і здымацца, асобныя з ветэранаў селі гартаць сямейныя альбомы, каб там адшукаць партрэты...
Нешта годнае — не ў альбоме, дык у сваіх мабільніках — спадзяваліся знайсці і трое хлапцоў. Увесь вечар шукалі і, як потым прызналіся, нічога не знайшлі, бо на фотакартках яны то з чаркамі, то з цыгаркамі, то з дзяўчатамі. Вось і пасталі яны ля гатовай дошкі — разглядаюць партрэты іншых, а можа...
Гэта досыць даўняя звяздоўская завядзёнка: газета друкуе здымак з маўклівым «Што б гэта значыла?», чытачы дасылаюць свае здагадкі (яны ж — варыянты подпісаў), потым збіраецца журы — вялікае чытацкае і маленькае рэдакцыйнае...
Зрэшты, аб гэтым, як заўжды, — напрыканцы, а пакуль...
Успомнім кінашэдэўры, уважліва разгледзеўшы здымак, прапануе спадар Мікалай Старых з Гомеля. Галоўны герой «Трактарыстаў» знайшоў сваё каханне ў газеце, «Альпійскай балады» — у гарах, «Службовага рамана» — на працы, «Рымскіх канікулаў» — на вуліцы, Масквы — той, што слязам не верыць — у электрычцы... Конкурсны здымак падказвае ўсім яшчэ адзін варыянт:
Талкавалі у народзе:
«Шукай жонку
у гародзе».
Але ўжо каторы год
Не ва ўсіх ёсць агарод...
Дзе ж цяпер знайсці
«Яніну,
Працавітую дзяўчыну»?
— Выйсце ёсць, — прамовіў Лёва. —
Тут, на дошцы
ганаровай!
Лічыць так спадар Мікалай і мае пры гэтым не толькі рацыю, але і аднадумцаў у многіх кутках краіны. У Жыткавічах, напрыклад, гэтак жа разважае спадарыня Валянціна Гудачкова:
Жаніхі глядзяць
партрэты:
Можна й тую браць,
і гэту...
Каб пражыць, як песню
спець,
Самых лепшых трэба
мець!
Але ж погляды на гэта ў кожнага свае. Ну, у прыватнасці, на думку спадара Міколы Кісяля з Мінска,
Янак жонку выбірае
Самую завітую...
— Не «тупі», —
калегі раяць, —
Лепей — працавітую.
Калі гэтакую ўзяць,
Не спазнаеш гора.
Зажывеш, што і казаць,
За людзей — не горай!
І сапраўды, згадзіцеся, недурныя сябры ў Янкі — слушную параду яму даюць. Ды і самі, падобна, часу не губляюць, бо ім (на думку спадара Івана Сіманёнка з Пастаў):
Можа, людзі падказалі
Ці шапнуў хто
звышай, —
Хлопцы вочы скіравалі
На дзяўчат увішных.
Прыгажуні — як адна,
Хоць цалуй партрэты!
Жонак трэба выбіраць
Не па інтэрнэту!
Не будзем адмаўляць, каму-нікаму шчасціць і там: знаходзяць сваіх палавінак, спраўляюць вяселлі — дзетак гадуюць, ладзяць... Бо што галоўнае ў жыцці? Знайсці сваіх (сужэнцаў, сяброў, аднадумцаў) і супакоіцца...
Але ж сам працэс пошуку, як лічыць спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска, нельга пускаць на самацёк:
Каб у масах не згубіцца,
Трэба з розумам
жаніцца:
Калі цешча пры
пасадзе,
Месца зяцю —
у першым радзе!
Не без таго... Бо, як даўно вядома, рука руку мые, чорт чорта крые, і сакрэт вось гэткага аднадушша на паверхні ляжыць. Адзін жаніх яшчэ да вяселля папрасіў сваю абранніцу: калі ласка, паабяцай, што ты пра нашы «цёркі» ды канфлікты ніколі не будзеш расказваць сваёй маці, бо мы з табою хутка памірымся (я змагу дараваць табе, ты, спадзяюся, мне...), а вось цешча — тая наўрад ці зможа.
Адкуль і вечная варожасць — у іншых. А вось гэты жаніх, падобна, абачлівы, ён, відаць, Маруа чытаў і ведае, прынамсі, што шлюб — гэта збудаванне, якое (прабачце за таўталогію) дабудоўваецца кожны дзень, і што на гэтым «аб'екце» (як, зрэшты, і на іншых...) ёсць і свае няўмекі-гультаі, і сапраўдныя рупліўцы, вартыя (на думку спадарыні Чыгрынавай) шчырай пашаны:
Каб на дошцы
«павісець»,
Трэба пастарацца:
Часам — шчыра
папацець,
Часам... паўгінацца.
Бо справа гэтага вартая, бо (на думку спадарыні Ніны Бурко з Бярэзіншчыны):
Хто разумны, працавіты,
Той і лаўрамі увіты:
Даяры і дактары,
Сталяры і песняры,
Кухары, аратыя
Працаю багатыя.
Ім — пашана
і прызнанне,
Як спартсменам у Пхёнчхане.
Яны, гэтыя спартсмены, і сапраўды вялікія малайцы — моцныя духам, упартыя ў дасягненні мэты, працавітыя... Пра такіх радкі спадарыні Іны Алісевіч з Уздзеншчыны:
Што, малойчыкі,
здранцвелі?
Й вы на Дошку
захацелі?
Той Алімп, хоць
і мясцовы,
Не прымае выпадковых:
На халяву —
не ўзляцець,
Трэба добра папацець...
Дык смялей за працу,
хлопцы:
Мёд збіраецца
па дробцы.
Той жа заклік да працы, да дзеяння і ў радках спадарыні Наталлі Шкут з в. Прудок, што на Светлагоршчыне. На адрас малойцаў яна піша:
До «таўчыся»,
нібы мошкі,
Вам ля ганаровай
дошкі...
«Узляцець» туды
ахвота?
Дык спярша — бывай
лянота.
Лёгка гэта сказаць, а вось развітацца...
Ва ўсякім разе, спадар Віктар Сабалеўскі з Узды, уявіўшы партрэты (а пад імі прозвішчы, месцы працы, пасады...), піша:
Доктар тут і трактарыст,
Токар, пекар і артыст...
«Мне б сюды!» —
Антосік кажа,
Дармаед з вялікім
стажам.
Але ж нават ён, вось такі — на думку спадарыні Гудачковай — ведае:
Хто на дошцы,
Той у трэндзе —
Гэткая традыцыя:
Лепш на ёй быць,
Чым на стэндзе...
Росшуку з міліцыяй.
Стэндаў такіх у краіне і сапраўды шмат, трапіць на іх як плюнуць. А вось з Дошкай гонару (лічыць спадар Сабалеўскі) такія нумары не праходзяць:
— Плошча тут зусім
малая, —
Разважаюць хлопцы
ўслых, —
На ёй месца не хапае
Сама меней для траіх.
Што несправядліва, бо (спадарыня Гудачкова іх размову падслухала):
Шчыравалі мы на дзіва,
Але ж месца не хапіла.
Ні ім, ні, дарэчы, яшчэ дзвюм асобам. Пра першую радкі ўсё той жа спадарыні Гудачковай:
Чуў не раз Кузьма
ад Томкі,
Што няма ёй роўнай
жонкі!
Правяраць пайшоў
Кузьма:
Сярод лепшых, бач...
няма!
Пра другога з адсутных карціна алеем, як той казаў, ад спадарыні Алісевіч:
Біў сябе Ігнась у грудзі:
— Паважаюць мяне
людзі!
Гаспадар здалёк відзён:
Ганарыцца мной раён...
Перабіў Ігната Грышка:
— Каўтануў ты,
мабыць, лішку?
Тваё фота тут бывала?..
Што Ігнась?
Ды ўцёк удала.
Як (паводле спадара Сабалеўскага) і... кіраўнік прадпрыемства, дзе працуюць гэтыя хлопцы. Ва ўсякім разе, яны паміж сабой гавораць:
— На заводзе
наш дырэктар
Зараз вельмі рэдкі
госць.
Паглядзім хоць
на партрэце:
Тут напісана, што ёсць...
Значыць, трэба верыць таму, што напісана, і шчыраваць далей? Ці прыгадаць, што рыба гніе з галавы — з усімі адсюль высновамі?..
Наяўнасць адной з іх (што «хвост» не лепшы) канстатуе спадарыня Чыгрынава, якая ля той самай дошкі «пачула»:
— Гіне, валіцца ўсё
з рук,
Цэхі апусцелі...
Мы, браткі, падсеклі сук,
На якім сядзелі:
Што ламалі,
што ўкралі —
Быў такі замах?!
Не сваё —
не шкадавалі,
Вось заводу й крах.
Сумна, балюча, але ж як ёсць, так ёсць (месцамі): з песні слова не выкінеш. А тым больш — з праўдзівай, складзенай, у прыватнасці, сужэнцамі Астроўскімі з Мінска:
У краіне
й не калісьці
Дошкі ГОНАРУ вяліся.
А цяпер каторы год
Замест гонару —
«почет».
Пэўна гэта нездарма,
Можа... гонару няма?
Не ў традыцыях рубрыкі завяршаць агляд вось такімі сумнымі радкамі, але ж хочацца, каб менавіта над імі ды разам мы хоць трошкі падумалі і, магчыма, зрабілі пэўныя высновы. Як і рэдакцыйнае журы, падводзячы вынікі.
Такім чынам, на папярэднім конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 21 сакавіка г. г.) былі дзве прыгажуні: жывая, з веласіпедам, у чырвонай куртачцы, і скульптурная — у выглядзе русалкі.
Найлепшыя радкі пра іх, на думку вялікага чытацкага журы, склалі спадарыні Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны, Любоў Чыгрынава з Мінска, спадары Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Іван Сіманёнак з Пастаў, Мікалай Старых з Гомеля, Віктар Сабалеўскі з Узды, сужэнцы Астроўскія з Мінска і Аляксандр Матошка з Расонаў...
З гэтым, апошнім, меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. Адпаведна прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «родную газету на роднай мове» накіроўваецца ў Расоны.
Вы хочаце, каб «Звязда» прыходзіла і да вас? Тады, калі ласка, уважліва паглядзіце на ніжні здымак, прыдумайце адзін альбо некалькі дасціпных кароткіх (не больш за восем радкоў) подпісаў і дашліце ў рэдакцыю. Шанц на выйгрыш ёсць у кожнага. Хто не спрабуе (перафразуючы), той не выйграе!
Валянціна Доўнар
Фота Анатоля Клешчука
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago