Дзеянні разгорнуцца на малой радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў вёсцы Вязынка (Маладзечанскі р-н). Пачатак у 12.00.
Традыцыя правядзення злётаў на радзіме Янкі Купалы была закладзена студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ў 1976 годзе. Тады выезд у Вязынку арганізоўваўся вельмі ўрачыста. Ад факультэта да чыгуначнага вакзала рушылася шэсце са сцягамі і транспарантамі, а ў электрычцы філолагі займалі некалькі вагонаў. Дарога да купалаўскай радзімы напаўнялася звонкімі студэнцкімі галасамі: песнямі, жартамі, вясёлым смехам. Праграма Вязынкі ўключала афіцыйную частку з ускладаннем кветак да помніка Песняру і дэкламаваннем вершаў Янкі Купалы. А конкурсная частка складалася з інсцэніроўкі песень, чытання вершаў, пастаноўкі сцэнак, прэзентацыі насценгазеты будаўнічых атрадаў, разнастайных спартыўных спаборніцтваў.
У XXI стагоддзі акцыя набыла статус агульнаўніверсітэцкай. Штогод мерапрыемства прысвячаецца знамянальным датам айчыннай гісторыі і роднага універсітэта. Сёлета яно прымеркаванае да абвешчанага ў Беларусі Года малой радзімы.
Удзельнікамі акцыі стануць кіраўніцтва, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты філалагічнага факультэта БДУ. У якасці гасцей запрошаны прарэктары і дэканы факультэтаў ВНУ. Усяго ў гэты дзень Вязынка збярэ больш за 200 чалавек.
Ва ўрачыстым адкрыцці прымуць удзел дэкан філалагічнага факультэта Іван Роўда і ганаровы старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша.
Традыцыйна мерапрыемства пачнецца святочным канцэртам каля дома Янкі Купалы. Асноўныя падзеі акцыі разгорнуцца на сімвалічнай гары Парнас. Тут пройдзе спартыўна-забаўляльнае свята, у праграму якога ўвойдуць конкурсы “пенальці дэкану”, перацягванне ліны, пляжны валейбол, а таксама выкананне песень ля вогнішча і многае іншае. Акрамя таго, курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі і рыцарскі клуб "Саюз вольных ратнікаў” параадуюць паказальнымі выступленнямі.
Ключавой падзеяй Вязынкі стане чытанне на розных мовах свету верша Янкі Купалы “А хто там ідзе”. У дэкламацыі прымуць удзел прарэктары, дэкан факультэта міжнародных адносін Віктар Шадурскі, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Вадзім Гігін і дэкан гістарычнага факультэта Аляксандр Каханоўскі.
Таксама ўсіх гасцей акцыі чакае “каша ад дэкана”.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu