Пройдзе ён на базе Бізнес-інкубатара Парку высокіх тэхналогій (вул. Акадэміка Купрэвіча, 1/5). Мерапрыемства накіравана на аказанне дапамогі моладзі ў прасоўванні і рэалізацыі ідэй, развіццё прадпрымальніцкага мыслення і прыцягненне прадстаўнікоў бізнес-супольнасці да ўдзелу ў адукацыйных праектах.
У фінальным паядынку II Міжнароднага конкурсу стартап-праектаў выступяць 32 каманды з БДУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Беларускага інстытута правазнаўства, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога, школ, тэхнікумаў і кампаній нашай краіны. У ліку фіналістаў — восем студэнцкіх каманд БДУ. Гэта прадстаўнікі факультэтаў: эканамічнага, радыёфізікі і камп'ютэрных тэхналогій, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
Стартапы будуць падзеленыя па пяці катэгорыях: BizTech Джуніёр (для школьнікаў), сацыяльна-значныя, адукацыйныя, глабальныя і фінтэх-стартапы. Праекты ацэняць прадстаўнікі бізнес-супольнасці і выкладчыкі эканамічнага факультэта БДУ.
Стваральнікі лепшых стартапаў атрымаюць падтрымку інвестараў і змогуць прайсці стажыроўку ў бізнес-кампаніях. Таксама беларускі бізнес-інавацыйны цэнтр "EEN Belarus" акажа садзейнічанне па размяшчэнні праектаў у Еўрапейскай сетцы падтрымкі трансферу тэхналогій, развіцця прадпрымальніцтва і ўстанаўлення партнёрстваў у галіне навуковых даследаванняў.
Усяго на конкурс было пададзена 46 праектаў студэнтаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана. Арганізатарам мерапрыемства выступіў эканамічны факультэт БДУ і Парк высокіх тэхналогій.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/biztech-bsu-startup-contest
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu