Учора ў сталічнай галерэі «Арт-Беларусь» пісьменніца Наталка Харытанюк і мастачка Воля Кузьміч прэзентавалі кнігу гісторый для дзяцей і дарослых «Казкі старога Адамкова». Прэзентацыя праходзіла ў цёплай утульнай атмасферы ў суправаджэнні выставы ілюстрацый Волі Кузьміч [4].
На мерапрыемства завіталі сем'і з дзецьмі, пісьменнікі і мастакі. Урачыстую імпрэзу ад імя галерэі адкрыў кандыдат мастацтвазнаўства і куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка Аляксандр Зіменка. Пісьменнік і мастак Адам Глобус пасля натхняльнай прамовы пра казкі і літаратуру прэзентаваў кнігу «Казімір Малевіч для дзяцей», якая таксама была выдадзеная сёлета праз падтрымку чытачоў, а рэдактарка кнігі пісьменніца Марыя Мартысевіч пачытала вясёлыя вершы пра дзетак.
У пачатку краўдфандынгавай кампаніі, дзякуючы якой кніга пабачыла свет, ніхто не мог уявіць, што неабходная для выдання сума будзе сабраная так скора: літаральна на трэці дзень пасля старту. У цэлым агульная падтрымка склала 120% ад запланаванай і дазволіла аўтаркам увасобіць свае самыя амбітныя мары. Так, тры казкі размясціліся на 44 поўнакаляровых шчыльных старонках вялікім фарматам, а кожны разварот кнігі змяшчае дэталізаваныя вялікія сюжэтныя ілюстрацыі.
У цэнтры «Казак» — тры гісторыі, якія адбываюцца з братам і сястрой, Кастусём і Наталкай, у іх двары на самым захадзе горада Брэста, у старым раёне Адамкова. Нефармальны дэвіз выдання — «Усе загадкі схаваныя за гаражамі» жыве ў ілюстрацыях літаральна ў некалькіх вымярэннях.
Кнігу «Казкі старога Адамкова» можна набыць у кнігарні «Логвінаў», галерэі «Арт-Беларусь» і краме Symbal.by.
Ганна БАГІНО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ganna-bagino
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] http://zviazda.by/be/news/20170315/1489594652-dlya-samaga-vazhnaga-u-zhycci-zausyody-znoydzecca-mesca
[5] https://zviazda.by/be/tags/kazki-staroga-adamkova
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachaya-litaratura
[7] https://zviazda.by/be/tags/volya-kuzmich
[8] https://zviazda.by/be/tags/natalka-harytanyuk