У Гарадку днямі адкрылі помнік двойчы Герою Савецкага Саюза, маршалу Івану Хрыстафоравічу Баграмяну. Войскі першага Прыбалтыйскага фронту, якім ён камандаваў, вызвалялі гэту зямлю. Дарэчы, першую Зорку Героя Баграмян атрымаў у 1944 годзе за вызваленне Беларусі.
У ганаровай цырымоніі адкрыцця помніка ўдзельнічалі яго нашчадкі. У прыватнасці, унук і поўны цёзка Іван Баграмян. У райцэнтр у гэты дзень таксама прыехалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Беларусі Алег Есаян, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Рэспубліканскай камісіі па ўвекавечанні памяці загінулых, ахвяр і абаронцаў Айчыны Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Сяргей Азаронак і іншыя.
Помнік знаходзіцца ў маляўнічым скверы ў пачатку вуліцы, якая носіць імя Баграмяна. Ініцыятарам увекавечання памяці маршала стаў Фонд развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў «АНІЎ» (у перакладзе — «кола»).
Як падкрэсліў старшыня Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта Пётр Карабач, адкрыццё помніка — важная падзея для горада. Ён будзе спрыяць ваенна-патрыятычнаму выхаванню тутэйшай моладзі.
Спецыяльна да адкрыцця помніка герою ў горадзе арганізавалі святочны канцэрт, а таксама экспазіцыю раённага музея баявой славы і тэматычную выстаўку «Палкаводцы Вялікай Перамогі». Яна спецыяльна была падрыхтавана Дзяржаўным музеем ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь да 120-годдзя з дня нараджэння маршала.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/ivan-bagramyan
[4] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-karabach
[5] https://zviazda.by/be/tags/garadok-0