«Брыгада № 901, на выезд!» — чуем, ступаючы на парог падстанцыі № 9 хуткай медыцынскай дапамогі сталіцы. «Вы з намі або пачакаеце тут? — звяртаецца да нас з фотакарэспандэнтам Уладзімір РАГАЧЭЎСКІ, урач кардыя-рэанімацыйнай брыгады. — Калі рашыліся, тады паспяшайцеся».
* * *
— Вуліца Мендзялеева, — кажа кіроўцу Уладзімір. — Мужчына выпаў з акна.
Спецсігналы, або, як кажуць у народзе, мігалкі, уключаюцца толькі па рашэнні старшага выязной брыгады.
— Зараз гэта неабходнасць, — тлумачыць «навічкам» урач. — Па правілах на экстранны выклік медыкі павінны прыбыць не пазней чым за 19 хвілін, на тэрміновы — не пазней чым за 30, на неадкладны — не пазней чым за гадзіну пятнаццаць хвілін. Тут улічваецца час, які неабходны на дарогу і перадачу брыгадзе інфармацыі аб выкліку. Для звычайнага чалавека гэтыя словы — сінонімы. Для нас — строгая градацыя!
Да экстранных выклікаў прылічаюцца, напрыклад, паведамленні аб падзенні з вышыні, аварыях з пацярпелымі, надзвычайных сітуацыях, стратах прытомнасці. Тэрміновы — гэта арытмія, сардэчныя прыступы, траўмы, кровацячэнні. Неадкладнымі выклікамі лічацца, у прыватнасці, скаргі на ціск, высокую тэмпературу, болі ў жываце.
Мы на месцы. На дарогу пайшло 11 хвілін.
— Што ты нарабіў? Навошта? — рыдае мужчына гадоў пяцідзесяці, схіліўшыся над сынам. — Як мне жыць далей?
— Ён упаў з сёмага паверха. Вось там, — паказвае на шэры дзевяціпавярховік сведка трагедыі, — іх балкон. — Жывы ці не?
Уладзімір адмоўна махае галавой: «На жаль, вышыня нікога не шкадуе. Быў на маёй практыцы толькі адзін падобны выпадак з добрым зыходам. Дзяўчыну выратаваў казырок інтэрната, на які яна ўпала».
* * *
— Не так, канешне, хацелася пачаць свой панядзелак. Шакавала мяне ўбачанае, — не хавае сваіх эмоцый фатограф, вяртаючыся з першага выкліку.
— Вы, дзяўчаты, увогуле істоты ўразлівыя, а тут яшчэ з непрывычкі, — кажа Уладзімір. — Я, калі толькі прыйшоў сюды працаваць, таксама прымаў усё блізка да сэрца. Але своечасова зразумеў, што ў нашай справе эмоцыі трэба адкідаць у бок. Бо калі я буду кожнаму суперажываць, то сам доўга «не працягну» — выгару маральна. Пачну губляцца, панікаваць, збіваць з толку сваіх калег. А каму патрэбны такі гора-ўрач?
Уладзімір у медыцыне з 2011 года. Хлопец скончыў педыятрычны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
— Я крыху папрацаваў у дзіцячым хірургічным цэнтры і зразумеў, што педыятрыя — не маё. Іншая справа — хуткая дапамога. Тут сумаваць дакладна не прыйдзецца. Падчас інтэрнатуры падпрацоўваў на хуткай санітарам, таму добра разумеў, ува што, як кажуць, увязваюся, — успамінае ўрач.
Хлопец жартуе, што медыцына выбрала яго сама:
— Мой дзед па мамінай лініі быў урачом-тэрапеўтам, мама — медыцынская сястра. Я, калі можна так сказаць, з дзяцінства ведаў усю медыцынскую кухню знутры.
— І ніколі не было ніякіх сумненняў наконт будучай прафесіі? — пытаюся.
— Мне заўсёды вельмі падабалася важдацца з тэхнікай. Думаў нават на аўтамеханіка пайсці, але, як бачыце, медыцына пераважыла. Пакуль не шкадую, — дзеліцца Уладзімір. — Увогуле, пры выбары прафесійнага шляху я б раіў у першую чаргу слухаць самога сябе.
* * *
— Кожны працоўны дзень на хуткай дапамозе — непрадказальны і не падобны да іншых. А колькі іх было ўжо — не ўспомніш! Але ёсць выклікі, якія запамінаюцца. Напрыклад, калі ўдаецца ў прамым сэнсе слова вярнуць чалавека з таго свету. Памятаю, выратавалі мужчыну, які трапіў у ДТЗ. Пацярпелы цалкам аднавіўся і нават пайшоў зноў праходзіць медыцынскую камісію на права кіраваць аўтамабілем. Гэта такі моцны водгук ад працы! — не хавае эмоцый урач. — Уразаюцца ў памяць здарэнні з дзецьмі. Быў выпадак, калі бацькі далі аднагадоваму сыну пагуляцца з бутэлькай чыстацелу. Малы выліў усё змесціва на сябе і атрымаў сур'ёзныя хімічныя апёкі. Самагубствы таксама даюцца цяжка. Страшна, калі мімалётная слабасць каштуе жыцця. Я ўвогуле лічу, што з кожнай сітуацыі ёсць выйсце. Галоўнае — добра яго пашукаць.
Хлопец прызнаецца, што прафесія, як ні агароджвайся, прымушае глядзець на звыклы свет па-новаму.
— Складваецца пэўная сістэма каштоўнасцяў. Ты пачынаеш больш цаніць сваё жыццё і жыццё тых, хто побач. А яшчэ вучышся хутка прымаць правільныя рашэнні, — кажа суразмоўнік. — Памятаю, ехалі з таварышам-стаматолагам зімой на сесію ў Віцебск і на нашых вачах спадарожную машыну развярнула і выкінула ў кювет у снег. Аўтамабіль перавярнула на дах. Мы спыніліся і кінуліся да месца ДТЗ. Першай маёй думкай было адкрыць дзверы аўто і паглядзець, што з пасажырамі. Пра сваю бяспеку нават не ўспомніў. Усё скончылася добра, людзі выжылі. Разумееце, у нашай працы часу на роздум проста няма. Кожная секунда на вагу жыцця. У прамым сэнсе гэтага слова.
— У побыце таксама прымаеце ўсе рашэнні хутка і самастойна?
— Мы з жонкай усё робім разам, але апошняе слова застаецца за мной. Напэўна, таму што я старэйшы і больш вопытны, — усміхаецца хлопец. — Увогуле, на працы я станаўлюся «псіхолагам». На «хуткай» без гэтага ніяк. Урачу часта прыходзіцца разрульваць розныя канфліктныя моманты, падтрымліваць у цяжкай сітуацыі сваякоў пацыента. Гэтыя веды дапамагаюць разрульваць і свае невялікія сямейныя спрэчкі.
— Жонка звязаная з медыцынай?
— Дзякуй богу, не! Хопіць нам у сям'і аднаго ўрача! — жартуе Уладзімір. — Марына знайшла сябе ў сферы турыстычных паслуг.
Малады ўрач прызнаецца, што шмат працуе і часу на сям'ю застаецца мала:
— Пакуль ёсць сілы — трэба старацца. Калі хочаш штосьці мець — трэба нечым ахвяраваць. Канешне, усё трэба рабіць з розумам. Мяне часта пытаюць, ці не было жадання пайсці ў прыватны медыцынскі цэнтр? Маўляў, грошы там іншыя. Магу сказаць, што ўсюды ёсць свае плюсы і мінусы. Галоўнае, каб праца была ўвогуле. А ўрач хуткай дапамогі без яе дакладна не застанецца.
* * *
— Тата, ты чаму не патэлефанаваў мне? — пытаецца жанчына гадоў 45 у хворага, які ляжыць на ложку ў душным пакоі. — Чаму не націснуў чырвоную кнопку «sоs»?
— А як трэба? — не разумее пенсіянер. — Я забыўся. Давай патрэніруемся.
82-гадовы мужчына страціў прытомнасць на вуліцы. Як кажуць сваякі, ён рэдка выходзіць з дому адзін, а тут нешта «стукнула ў галаву». Пенсіянера прывёў дадому міліцыянер, хуткую дапамогу выклікала суседка пацыента.
Брыгада праводзіць неабходны агляд хворага.
— У вас знясіленне. У паліклініку паедзеце? — пытаецца Уладзімір у мужчыны.
— Не! Давайце падпішу гэтыя вашыя паперкі на адмову. Мне ўжо лягчэй. Гады бяруць сваё, што тут скажаш... Сынок, а табе самому колькі? — звяртаецца да Уладзіміра пацыент. — Зусім яшчэ дзіця.
* * *
— Калі пагалюся, мне больш за 20 гадоў ніхто ніколі не дае, — ідучы да машыны, кажа Уладзімір. — Таму я да гэтага прывык. Часта пацыенты і іх родныя кажуць: «Вы яшчэ вучыцеся?» Ведаеце, людзі любяць, калі да іх маладыя ўрачы прыязджаюць. Маўляў, у нас яшчэ ёсць працоўны запал. «Вы толькі зайшлі, а ўжо лягчэй стала!» — гавораць некаторыя.
Калі сур'ёзна, то самым галоўным кампанентам паспяховай справы Уладзімір лічыць каманду.
— У чым розніца паміж працай у стацыянары — паліклініцы, бальніцы — і на хуткай дапамозе? Тут ты сам-насам з сітуацыяй, табе няма ў каго прасіць дапамогі, парады. Выдатна, калі з табой працуюць добрыя фельчары. Мне з камандай пашанцавала, — ганарыцца сваімі калегамі Уладзімір. — На нас ляжыць вялікая адказнасць, і мы проста не маем права на памылку.
Хлопец лічыць, што галоўная ўзнагарода для кожнага ўрача — здаровыя людзі.
— Наркотыкі — гэта самае вялікае чалавечае глупства. Не разумею грамадзян, якія свядома зводзяць сябе ў магілу. Але магу сказаць, што такіх выклікаў апошнім часам становіцца меней. Людзі часцей атручваюцца звычайнымі таблеткамі ў гіпердозах. Спайсы таксама знікаюць. А вось тых, хто злоўжывае алкаголем, заўжды хапае. З'явілася мода на глог, сардэчнік, — расказвае Уладзімір.
У сярэднім па Мінску за суткі здараецца каля 3,5 тысячы выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі. На кожную падстанцыю, якіх у сталіцы дзесяць, прыпадае дзесьці 350. Што датычыцца непасрэдна кардыярэанімацыйнай брыгады нашага героя, то ў сярэднім гэта 8—10 выклікаў. У асенне-зімовы перыяд працы становіцца больш.
* * *
— «Спорту» мне хапае на працы. За дзень так вымотваюся, што не да трэнажораў. Калі разоў так дзесяць пабегаеш на пяты паверх з усім медыцынскім абсталяваннем (адзін «чамадан» важыць 12—15 кілаграмаў), дык адразу некалькі кілаграмаў скінуць можна! — дзеліцца ўрач.
Уладзімір упэўнены, што для таго, каб стаць добрым урачом, трэба шмат працаваць над сабой.
— Я стараюся не адставаць ад часу. Медыцына, узяць хоць бы тэхніку, ідзе наперад. Некалькі гадоў таму мы сталі ездзіць на новым аўтамабілі хуткай дапамогі. Такіх у сталіцы ўсяго два. Дык вось, каб на поўную моц выкарыстоўваць усе яго магчымасці (машына прыйшла з медыцынскай апаратурай), трэба быць, як сёння кажуць, у тэме, — расказвае субяседнік. — У нас на падстанцыі перыядычна праводзяцца навуковыя канферэнцыі, семінары, ходзім на курсы павышэння кваліфікацыі.
У красавіку Уладзімір Рагачэўскі стаў найлепшым урачом хуткай медыцынскай дапамогі ў сталіцы. Хлопец перамог у конкурсе прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар».
— Калі шчыра, я не вельмі гарэў жаданнем ісці на гэты конкурс. Да любога публічнага выступлення неабходна рыхтавацца, а ў мяне вольнага часу — проста ў абрэз. Але з такой групай падтрымкі, як у мяне, грэх было не паўдзельнічаць! Каманда сказала: «Мы за цябе ўсё зробім: праспяваем, станцуем, намалюем плакаты. Твая справа маленькая — перамагчы!» Задачу выканаў, — кажа Уладзімір. — Сам конкурс праходзіў у некалькі этапаў. Мы здавалі тэсціраванне, дэманстравалі навыкі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі пацыентаў і валодання спецыяльнай апаратурай, прадстаўлялі на суд журы тэатралізаваныя «візітныя карткі».
— Перамога стала нечаканасцю?
— Я ва ўсім прытрымліваюся думкі: калі нешта рабіць, то трэба рабіць добра. Інакш навошта ўвогуле брацца? — кажа Уладзімір. — Быў упэўнены, што ўвайду ў тройку. А мая каманда верыла, што пераможам! Дзякуй калегам за падтрымку!
Кацярына АСМЫКОВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-asmykovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/urach
[5] https://zviazda.by/be/tags/hutkaya-dapamoga
[6] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[7] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[8] https://zviazda.by/be/tags/prafesiya