28 мая, у Дзень пагранічніка, на «Беларусь 1» адбудзецца прэм'ера трохсерыйнага мастацка-дакументальнага фільма «Векавы рубеж», знятага творчымі сіламі Белтэлерадыёкампаніі да 100-гадовага юбілею Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
«Работа над праектам пачалася яшчэ ў студзені мінулага года, — адзначаюць у медыяхолдынгу. — Здымачнай групе давялося запісаць дзясяткі інтэрв'ю з відавочцамі падзей — ветэранамі пагранічнай службы, кансультантамі і экспертамі, перагледзець мноства матэрыялаў з беларускіх і расійскіх архіваў». Увайшлі ў фільм і эксклюзіўныя кадры з Пагранічнага вострава — гэта невялікі кавалак беларускай зямлі, куды ў 1941 годзе трапіў першы ўдар нямецка-фашысцкіх войскаў і дзе раней ніколі не праводзіліся тэле- і кіназдымкі.
У кожнай серыі, як абяцаюць аўтары праекта — рэжысёр Аляксандр Ігначкоў і спецыяльныя карэспандэнты АТН Аляксандр Харавец, Юрый Шаўчук і Аляксандр Марцінёнак, — гледачы ўбачаць пэўны этап з гісторыі беларускай пагранічнай службы. А яшчэ даведаюцца, напрыклад, колькі секундаў адведзена дзяжурнаму па заставе на выяўленне парушальнікаў мяжы, чаму ахвотныя з усяго свету едуць вучыцца на пагранічнікаў у Мінск.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen