На мінулым тыдні на пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў гаварылі пра фінансаванне: уносілі змяненні і дапаўненні ў раней прынятыя рашэнні. Жыццё не стаіць на месцы, і размеркаванне бюджэтных грошай патрабуе карэкціровак. У прыватнасці, народныя абраннікі вырашылі выдзеліць 200 тысяч рублёў на мадэрнізацыю абсталявання Летняга амфітэатра — галоўнай сцэнічнай пляцоўкі фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».
У ліпені ён пройдзе 27-ы раз. У гэтай зале традыцыйна праводзяць цырымоніі адкрыцця і закрыцця, сольныя выступленні зорак, канцэрты ў рамках Дня Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і гэтак далей.
Як удакладніла «МС» у дырэкцыі фестывалю, з'явілася неабходнасць у частковай замене камплектуючых гукавой лічбавай мікшарнай сістэмы, якая неабходна для высакаякаснага гукавога суправаджэння. Сістэму набылі ў 2007 годзе, і яна ўжо не адпавядае сучасным тэхнічным патрабаванням. Некаторыя камплектуючыя рамонту не падлягаюць. Поўная замена сістэмы каштуе вельмі дорага, таму больш выгадна замяніць састарэлыя камплектуючыя. Гэта дазволіць у далейшым пазбегнуць значных выдаткаў на дадатковыя паслугі па тэхнічным забеспячэнні і правесці фестываль на сучасным прафесійным тэхнічным узроўні...
Улічваючы, што сёлета абласное свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі пройдзе ў Верхнядзвінску, туды пералічаць больш за 727 тысяч рублёў. У райвыканкаме канстатавалі, што да пачатку фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2018» трэба адрамантаваць цэнтр культуры, рэканструяваць раённую бібліятэку, мадэрнізаваць аддзяленне дзённага знаходжання пенсіянераў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Шмат чаго трэба зрабіць і на цэнтральнай плошчы, іншых аб'ектах.
Больш за 2,4 мільёна рублёў прадугледжана для субсідавання жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву, 555 тысяч — на рамонт устаноў аховы здароўя.
У Віцебску ў так званым спальным мікрараёне «Білева-2» неабходна дабудаваць дзіцячы садок і школу. Каб вырашыць пытанне фінансавання, у гарвыканкаме вырашылі ажыццявіць выпуск аблігацыйнай пазыкі на 45 мільёнаў рублёў (на 2018—2020 гады), у тым ліку на 12 мільёнаў рублёў — на бягучы год.
Не забылі і пра ўстановы адукацыі вобласці ў цэлым — каб перад пачаткам новага вучэбнага года яны зрабілі рамонт, выдзеляць 5 мільёнаў рублёў.
Унесены і іншыя карэкціроўкі ў размеркаванне бюджэтных грошай.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc