Помнік адной са знакавых гістарычных фігур краіны быў у чацвер устаноўлены на скрыжаванні гродзенскіх вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага побач са Старым і Новым замкамі. Вышыня помніка з пастаментам — каля 4 метраў. Яго ўстаноўку прымеркавалі да XІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў горадзе над Нёманам 1—2 чэрвеня. Менавіта ў першы дзень фестывалю запланавана ўрачыстае адкрыццё помніка: тут з удзелам сярэднявечных рыцараў чакаецца тэатралізаваны паказ.
Вырабіў помнік з суцэльнага кавалка граніту сталічны скульптар Сяргей Аганаў. Ён стаў пераможцам конкурсу эскізных праектаў, які праводзіўся ў пачатку 2017 года. Заказчык — Гродзенская дыяцэзія БПЦ, усе выдаткі ўзяў на сябе мецэнат.
Давыд Гарадзенскі (каля 1283—1326) — кашталян гарадзенскі, военачальнік і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Ён праславіўся як мужны абаронца Гродна. Па адной з легенд, ён пахаваны каля сцен Каложскай царквы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/pomnik
[3] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/skulptura
[6] https://zviazda.by/be/tags/davyd-garadzenski