25 мая грамадскае аб'яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” дало старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі, сімвалам якой з'яўляюцца сэрца і раскрытыя далоні.
Традыцыйная акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей (рэалізуецца ў перыяд з 25 мая па 5 чэрвеня). Галоўнай яе задачай з'яўляецца аказанне адраснай і шэфскай дапамогі дзіцячым установам, захаванне традыцый міласэрнасці, развіццё добраахвотніцтва.
У гэтыя дні па ўсёй краіне валанцёры руху ”Добрае Сэрца" правядуць больш за 250 дабрачынных мерапрыемстваў для выхаванцаў дзіцячых дамоў, дзяцей з асаблівасцямі развіцця, маленькіх пацыентаў бальніц...
Так, у Дзень абароны дзяцей валанцёрскі атрад “Рука ў руцэ” першаснай арганізацыі ГА “БРСМ” Жамчужненской сярэдняй школы Баранавіцкага раёна арганізуе ў гарадскім сацыяльна-педагагічным цэнтры з дзіцячым прытулкам тэатралізаванае свята з элементамі клоуна- і выяўленчай тэрапіі, уручэннем салодкіх падарункаў. Валанцёры атрада “Люмен” Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы павіншуюць рабят, якія знаходзіцца на лячэнні ў стацыянары гэтай бальніцы. Валанцёры зводнага атрада Ельскай раённай арганізацыі БРСМ (Гомельская вобласць) зладзяць фотасесію “Чароўная гісторыя” для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Валанцёры Гродзенскай раённай арганізацыі БРСМ запросяць выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра наведаць Гродзенскі заапарк.
1 чэрвеня ў Клецку ў радзільным аддзяленні Цэнтральнай раённай бальніцы адбудзецца акцыя БРСМ "Дзеці — кветкі жыцця”, а на Магілёўшчыне ў Горацкім дзіцячым парку валанцёры БРСМ зладзяць у гэты дзень конкурс малюнкаў на асфальце з уручэннем паветраных шароў. У сталіцы валанцёры “Добрага сэрца” арганізуюць у гарадскіх парках дзіцячыя конкурсы і тэатралізаваныя гульнявыя праграмы. Усмешкі дзяцей — найлепшае, што можа радаваць погляд.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/brsm