Мастацтва не жыве ў творчым вакууме: дзеля існавання яму, бы паветра, патрэбныя грошы. Дапамога мецэнатаў — неацэнны ўнёсак у дзейнасць пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў ды іншых творцаў. Удзел у культурным жыцці краіны бяруць і ўстановы, якія, на першы погляд, не маюць да яго наўпроставага дачынення. Так, Банк развіцця з 2015 года ажыццяўляе сацыяльны праект «Культурная спадчына Беларусі», у межах якога з непасрэдным удзелам вядомага беларускага выдавецтва «Чатыры чвэрці» штогод выходзяць адмысловыя кнігі-альбомы, прысвечаныя выбітным з’явам і дзеячам нацыянальнай культуры і мастацтва. Пра мэты і перспектывы праекта распавяла намеснік старшыні праўлення Банка развіцця Наталля Ясінская.
— Першым выданнем праекта «Культурная спадчына Беларусі» стала кніга-альбом «Аляксандр Кішчанка. Летапісец ХХ стагоддзя», прысвечаная творчай дзейнасці народнага мастака Беларусі, уладальніка медаля Францыска Скарыны А. М. Кішчанкi. Прэзентацыя кнігі адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Новае выданне пазнаёміла чытача са шматграннай творчасцю вялікага майстра, які пакінуў глыбокі след у беларускай культуры. На наступны год мы звярнулі ўвагу аўдыторыі на багатую гісторыю сярэднепрыпяцкага Палесся: на старонках «Тураўскай рапсодыі» ў форме лірычнага апавядання, заснаванага на вядомых гістарычных фактах, раскрываецца роля Турава і Тураўшчыны як старажытнай калыскі айчыннай дзяржаўнасці і культуры. Другое выданне серыі прадставілі на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да 5-годдзя Банка развіцця, што падкрэсліла значнасць праекта «Культурная спадчына Беларусі» для кіраўніцтва банка. Напярэдадні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы вырашылі далучыцца да актуальнай тэмы і адлюстраваць гэтую значную падзею ў межах нашага культурнага праекта. Трэцюю кнігу серыі прысвяцілі старажытнай Полацкай зямлі, радзіме ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны і больш як тысячагадовай гісторыі Прыдзвіння. Прэзентацыя кнігі-альбома пад назвай «Сімфонія стагоддзяў» прайшла падчас адкрыцця новага будынка філіяла Банка развіцця ў горадзе Віцебску.
Выданні праекта «Культурная спадчына Беларусі» былі добра прынятыя як чытачамі, так і спецыялістамі ў галіне кніжнай справы. Усе кнігі серыі атрымалі ўзнагароды на рэспубліканскіх і міжнародных кніжных выстаўках. Першы альбом «Аляксандр Кішчанка. Летапісец ХХ стагоддзя» заваяваў «Залаты фаліянт» у намінацыі «АРТ-кніга» 55-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2016», які ладзіўся падчас XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Другі альбом «Тураўская рапсодыя» адзначаны дыпломам І ступені ХІV Міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Надрукавана ў Садружнасці», а таксама дыпломам І ступені 56-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2017» у намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны». Сёлета ў гэтай намінацыі на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы дыплом пераможцы і памятны знаксімвал «Малы залаты фаліянт» атрымала трэцяя кніга серыі «Сімфонія стагоддзяў».
Прызы і ўзнагароды, якія атрымалі кнігі-альбомы серыі «Культурная спадчына Беларусі» — вынік плённага супрацоўніцтва Банка развіцця з выдавецтвам «Чатыры чвэрці». Кіраўніцтва выдавецтва, яго калектыў на працягу ўжо дваццаці пяці гадоў ствараюць і ажыццяўляюць праекты, скіраваныя на адраджэнне нацыянальнай культуры, папулярызацыю мастацтва і літаратуры. Дзякуючы іх намаганням усе кнігі серыі «Культурная спадчына Беларусі» выйшлі ў свет з унікальнымі тэкставымі раздзеламі на беларускай, рускай і англійскай мовах, дапоўненыя маляўнічымі фатаграфіямі, архіўнымі дакументамі, картамі. Каб зрабіць выданні больш інфармацыйнымі, супрацоўнікі выдавецтва праводзяць велізарную навукова-даследчую працу, фатографы выязджаюць на аб’екты, і таму альбомы праекта займаюць годнае месца не толькі ў калекцыях аматараў культуры Беларусі, але і ў яе знатакоў.
— За паўсядзённым клопатам мы не павінны забыць пра тое, без чаго немагчыма ўявіць паўнавартаснае існаванне чалавека, — нацыянальную культуру. Сёння як ніколі важна памятаць гісторыю сваёй краіны і яе вялікіх сыноў, таму мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым. Сёлета прадставім новую кнігу-альбом серыі «Культурная спадчына Беларусі», якая дасць магчымасць любому чытачу за межамі нашай краіны пазнаёміцца з гісторыка-культурнымі і прыроднымі каштоўнасцямі Беларусі, уключанымі ў Сусветную спадчыну ЮНЕСКА.
Цяпер кнігі-альбомы серыі «Культурная спадчына Беларусі» можна знайсці ва ўсіх буйных кнігарнях краіны, да таго ж новыя выданні штогод дасылаюць у дыпламатычныя прадстаўніцтвы, консульскія ўстановы і філіялы міжнародных арганізацый у якасці падарунка.
Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-charnyauskaya
[2] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-svet