Конкурс дзіцячага малюнка «Пасябруй са спортам» традыцыйна праводзіцца ў тры этапы — раённы, абласны і рэспубліканскі. Вучням было прапанавана наглядна прадэманстраваць сваё бачанне спорту. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 182 231 вучань з 2685 школ краіны. 70 работ дайшлі да рэспубліканскага фіналу. З іх у кожнай узроставай групе (1—3 і 4—6 класы) вызначаны тройкі прызёраў.
Месцы на п'едэстале на гэты раз размеркаваліся наступным чынам:
у малодшай узроставай групе:
І месца — Яраслаў Прадзед, малюнак «Стань ярчэйшым»;
ІІ месца — Юлія Дзятлоўская, малюнак «Будучая чэмпіёнка»;
ІІІ месца — Дар'я Шастак, малюнак «Займіся спортам! Стань лепшым!»;
у старшай узроставай групе:
І месца — Андрэй Савоська, малюнак «На шляху да вяршыні»;
ІІ месца — Варвара Сівакова, малюнак «Лёгкая атлетыка — гэта нялёгка»;
ІІІ месца — Мацвей Белавусаў, малюнак «Спорт — гэта мой выбар!».
Тэматычны малюнак або аплікацыя ацэньваліся не прафесіяналамі пэндзля і алоўка, а прадстаўнікамі спартыўнай грамадскасці краіны. «Галоўнымі суддзямі» конкурсу выступілі вядомыя беларускія спартсмены Аляксандра Герасіменя, Меліціна Станюта, чэмпіён і двухразовы сярэбраны прызёр у біятлоне зімовых Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане Юрый Голуб, Марына Арзамасава і Дзмітрый Дашчынскі. Крытэрыямі ацэнкі сталі стыль выканання, сюжэтна-кампазіцыйнае ўвасабленне, якасць афармлення твора — чыста ўмоўныя, бо ацэньваліся ў першую чаргу творчы і індывідуальны падыход да ідэі.
Традыцыйна на цырымонію ўзнагароджвання, якая прайшла ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, былі запрошаны ўсе 70 фіналістаў з усёй Беларусі. Павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчатак прыйшлі Любоў Чаркашына і 6-разовы пераможца Лігі чэмпіёнаў гандбаліст Сяргей Рутэнка. Для дзяцей была арганізавана экскурсійна-забаўляльная праграма і ім уручылі мноства падарункаў ад арганізатараў: ад сапраўдных спартыўных медалёў і кубкаў да адпачынку ў дзіцячым лагеры «Зубраня». А на аснове 70 работ у хуткім часе будуць вырабленыя і размешчаныя па Мінску тэматычныя білборды.
Арганізатарамі конкурсу выступілі: Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства адукацыі Беларусі, тэлеканал «АНТ» і Мінскі гарвыканкам.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/pasyabruy-sa-sportam
[4] https://zviazda.by/be/tags/malyunak
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport