Зрабіць уласнаручна збан, паспрабаваць разбіць керамічную талерку, стрэльнуўшы з сапраўднага лука, альбо распісаць фарфоравыя і керамічныя вырабы. Усе гэта было магчыма мінулай суботай у Ракаве, дзе адбыўся першы фестываль беларускай Гільдыі керамістаў «ТэраКот».
Гэта фестываль мары, дзе ў кожнага будзе магчымасць рэалізаваць самыя розныя творчыя здольнасці, падкрэслівалі арганізатары ў звароце да аўдыторыі. На фэст з’ехаліся керамісты са шматлікіх куткоў Беларусі, якія працуюць у разнастайных матэрыялах і тэхніках. Яны расказвалі, чаму іх тэхніка адметная і як працаваць з тым ці іншым матэрыялам.
— Правядзенне фэсту «ТэраКот» у пэўнай меры было авантурай. Таму што прапанова арганізаваць мерапрыемства нам паступіла не так даўно. Трэба было ўкласціся ў хуткія тэрміны і прыдумаць канцэпцыю, — расказвае арганізатар фестывалю кераміст Вадзім Козіч. — Мы выбралі Ракаў, таму што гэта горад з багатай культурнай гісторыяй. Калісьці там праходзіла мяжа паміж Беларуссю і Польшчай, горад быў багаты, яго жыхары займаліся керамікай. Сёння, на жаль, у Ракаве керамікай не займаюцца. Але зусім блізка Івянец, дзе жывуць нават прадстаўнікі дынастый керамістаў-ганчароў, там цэлыя вуліцы керамістаў!..
Падчас фэсту знайсці сабе занятак маглі ўсе: як аматары актыўнага адпачынку, так і маленькія дзеці разам з бацькамі. Была магчымасць даведацца пра гісторыю традыцыйнай керамікі, зразумець яе тэндэнцыі. Але не менш каштоўная магчымасць камфортна правесці выхадныя разам з сям’ёй. Як адзначаюць арганізатары, акцэнт на сямейны адпачынак вельмі важны, бо тая ж кераміка або ганчарства ў далейшым можа стаць сямейным хобі.
— На нашым фестывалі была спецыяльная валюта — тэракоцікі, — адзначае Вадзім Козіч. — За любую актыўнасць можна было атрымаць гліняную манету і абмяняць яе ў намёце Гільдыі керамістаў на дызайнерскую кераміку майстроў. Нас парадавала, што людзі актыўна бралі ўдзел у інтэрактыўных занятках. Прапаноўваліся самыя розныя майстар-класы, напрыклад, па роспісе кафлі альбо фарфору. Кожны выраб удзельнік майстар-класа мог забіраць з сабой. Абавязкова трэба адзначыць дзяўчын, якія іх праводзілі. Вера Календа і Кацярына Звягінцава спрацавалі прафесійна. Яны проста адпраўлялі гасцей у падарожжа па свеце керамікі. Да іх падыходзілі бесперапынна.
Фестываль прыйшоўся даспадобы як удзельнікам, так і гасцям, пра што сведчаць водгукі ў сацыяльных сетках. Беларусы зацікаўленыя ў такіх мерапрыемствах і просяць арганізатараў не спыняць дзейнасць, каб была магчымасць актыўна і карысна праводзіць час у вольныя дні, а малодое пакаленне ўспрымала традыцыйную культуру і не дазволіла ёй знікнуць.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/repartazh