Юбілей сяброўскай кафедры
28 мая ў тэлеаудыторыі Інстытута журналістыкі БДУ адсвяткавалі 20-годдзе кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі — той самай кафедры, з якой у часопіса “Маладосць” наладжаны вельмі трывалыя і ўзаемавыгодныя — будзем называць рэчы сваімі імёнамі — формы партнёрства і супрацоўніцтва, творчага і делавога.
Маецца на ўвазе рубрыка Cathedra, у якую пішуць выкладчыкі і студэнты, і сумесны конкурс “БрамаМар”, і тое, што студэнты кафедры з першых курсаў становяцца аўтарамі часопіса, а некаторыя ў другой палове навучання маюць патэнцыял стаць рэдактарамі. У якасці прыкладу варта згадаць рэдактара аддзела і аўтара рубрыкі “НеФармат” Святлану Курганаву, якая яшчэ чакае атрымання дыплома, але ўжо “размеркавана” у “Маладосць”. Або Марыю Страх, якая піша ў “Маладосць” як карэспандэнт, а ў сваёй, як кажуць, альма-матэр дарма што студэнтка — з’яўляецца галоўным рэдактарам выдання “Пікнік на абочыне”. Яго выпуск, прысвечаны юбілею кафедры, склалі інтэрв’ю, якія студэнты ўзялі ў выкладчыкаў. Хлопцы і дзяўчаты распавялі, як яны гэта рабілі, як адказна ставіліся да гутарак з мэтрамі і як, даючы волю творчасці, атрымлівалі майстар-класы ад тых, каму яны амаль ужо калегі.
З таго, што не менш уразіла на святочным мерапрыемстве, варта назваць віктарыну, падчас якой прысутным трэба было адказаць на нетрывіяльныя, як было абвешчана, пытанні пра выкладчыкаў кафедры. Яны і праўда нетрывіяльныя: хто ведаў, што Таццяна Дзмітрыеўна Арлова вучылася на агранамічных курсах? Што Людміла Пятроўна Саянкова стажыравалася ў Гарвардзе? Што Арцём Мікалаевіч Кавалеўскі ведае галасы ўсіх птушак? Хто з выкладчыкаў працаваў на метэастанцыі? Хто можа з двух сапсаваных веласіпедаў за вечар скласці адзін спраўны? Хто мае свой сайт?
Яшчэ адна разыначка юбілейнай імпрэзы — віншаванне ад студэнтаў спецыяльнасці “Рэдагаванне”. Увогуле, усе студэнты праявілі ў віншаваннях крэатыўнасць, інакш не быў бы гэта юбілей гэтай кафедры. Але будучыя рэдактары… Шыкоўная, таленавітая перапеўка еўравізійнай “Навсегда” прымусіла гаварыць пра сябе ў калідорах і на лесвіцах, калі ўжо нават і торт быў з’едзены. Звычайны юбілейны салодкі трохпавярховік са свечкамі, якія задзімаліся ўсімі прысутнымі, калі кожны загадаў сваё жаданне. З кожным кавалачкам гэтага пана ў марцыпане трапіла ў прысутныя душы святая вера ва ўласныя сілы і поспехі, і ў тое, што ўсё загаданае збудзецца, калі з асалодаю з’есці кавалак за гэта слаўнае, прыгожае, маляўнічае, урачыстае і ганаровае, плённае і шчаслівае 20-годдзе.
З днём нараджэння, кафедра!
“М”ы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu