Зуб за зуб...
А на дабро — дабром
Да слова «дэфіцыт» сучаснае пакаленне, можна сказаць, глухое, бо цяпер у дэфіцыце хіба што грошы. Калі яны ў чалавека ёсць, значыць, «жыццё ўдалося»: купляй што хочаш, і тавар табе (калі верыць рэкламе) мала што прывязуць (хутка і бясплатна), дык яшчэ і падарунак пакінуць... Карацей, усё як у адной радзільні: маўляў, калі вы тут народзіце двойню, то трэцяе немаўлятка вам дадуць задарма.
А некалі ж дэфіцыт быў амаль на ўсё, у тым ліку — на лекі. Таццяна, мая знаёмая, на ўласнай скуры гэта адчула.
Значыць, забалелі ёй неяк зубы, пайшла на прыём да доктара. Той уважліва ўсё агледзеў і прызнаў, што «чацвёрку» з «пяцёркай» трэба выдаляць, прычым тэрмінова.
Трэба — значыць трэба: доктар зрабіў адпаведны ўкол ды выправіў пацыентку ў калідор — чакаць, пакуль дзясна «замарозіцца».
Таццяна паслухмяна сядзіць — і дзесяць хвілін, і пятнаццаць — побач з такімі ж гаротнікамі... Толку ад уколу ніякага, а медсястра тым часам ужо ў кабінет заве.
— Можа, мне яшчэ крыху пачакаць? — просіцца пацыентка.
— Чаго? З мора пагоды? — пытае памочніца эскулапа. — Гэта вы ўжо дома будзеце.
І вось жанчына ў крэсле. Стаматолаг стукае малаточкам па абранай «пяцёрцы», пытае:
— Адчуваеце?.. Вам баліць?
— Угу, — ківае ў адказ кабета.
— Нічога, зараз вырвем і пройдзе, — супакойвае лекар.
Падчапіў ён зуб — у Тані аж іскры з вачэй! Пацягнуў... І жанчына следам.
— Ды сядзіце ж вы! — загадваюць ёй, — трымайцеся за што-небудзь.
«Пад правай рукой, — Таццяна расказвала, — я адразу ж падлакотнік знайшла. І злева хацела, а там — порткі доктара, яго ногі... А боль... Тады я за іх! Ён — за зуб і... Усё, хвала Госпаду!.. «Жывадзёры, — кажу замест дзякуй, выціраючы слёзы. — Застрэліць мала».
— У вас няма з чаго, — пасміхаецца доктар.
— Затое ёсць чым! — прамовіла ў адказ Таццяна.
...А працавала яна, трэба сказаць, у краме «Паляўнічы і рыбалоў» — стрэльбамі не гандлявала, але ж патроны ў продажы амаль заўсёды былі.
— І вось недзе праз тыдзень пасля гэтай «экзекуцыі», — расказвала жанчына, — стаю я за прылаўкам, нешта кажу чарговаму пакупніку і адчуваю чыйсьці ўпарты позірк. Падымаю вочы, — той стаматолаг! Я ад здзіўлення аж рот адкрыла... І ён, відаць, не чакаў мяне ўбачыць. Але ж пазнаў і, не паверыце, уцёк на ўсякі выпадак!..
Я да яго сама праз тыдзень прыйшла — трэба ж яшчэ адзін зуб выдаляць. Села ў знаёмае крэсла, чую: «Падрыхтуйце патрэбную дозу», — загадвае доктар той самай медсястры і называе нейкія лекі. «Але іх зусім мала», — амаль шэптам заўважае памочніца. «Рабіце, што кажу», — можа, успомніўшы, што ў мяне патроны ёсць, а мо і нешта іншае, настойвае стаматолаг і... Праз некалькі хвілін пасля ўколу я ўжо адчуваю эфект прэпаратаў (папярэднім разам іх, відаць, разбаўлялі ці проста эканомілі), потым, яшчэ крыху пачакаўшы, доктар «чапляе» мой зуб і выдаляе яго амаль без болю!
Вось так, — заключыла Таццяна, — у мяне з'віўся знаёмы лекар, а ў яго (дарэчы, заўзятага паляўнічага) — блат у нашай краме.
Што зробіш, на гэтым — ты мне, я табе — тады шмат што трымалася. Як цяпер — на грашах.
Валерый Гаўрыш, г. Чавусы
Коласаў «пачастунак»
Сярод маіх аднакурснікаў па БДУ, а дакладней па беларуска-рускім аддзяленні філфака, значыўся сын таго самага «Юзіка-шаляніцы» з коласаўскай «Новай зямлі», Віктар Міцкевіч. Але ж ён гэтым сваяцтвам зусім не выхваляўся. Сціплы быў хлопец, даступны, адкрыты, з гумарам. Сядзіць, бывала, на лекцыі, канспект вядзе і ў той жа час нешта ў нататнік заносіць. «Вершы?» — пытаюся. — «Ну, — усміхаецца, — працяг «Новай зямлі».
Карацей, не без здольнасцяў быў і вучыўся добра: залікі, экзамены — усё здаваў паспяхова. Але ж аднойчы і ад яго фартуна адвярнулася: атрымаў пасрэдную адзнаку, на цэлы семестр застаўся без стыпендыі. І добра б з дому нешта перападала, а то...
Марнее, бачым, хлапец, перабіваецца з хлеба на ваду. Гледзячы на гэта, нехта з нашых сказаў: «Слухай, браце, а чаму б табе да дзядзькі не схадзіць, да Якуба Коласа. Ён жа, відаць, чалавек грашавіты. І не чужы табе». — «Сумленне не дазваляе, — прызнаўся Віктар. — Сорамна перад дзядзькам».
Але ж і голад яму не цёткаю быў: прымусіў ён хлопца пайсці на паклон.
Мы ў інтэрнаце засталіся чакаць, з чым жа вернецца.
Бачым, і гадзіна прайшла, і дзве... Урэшце Віктар з'яўляецца. Мы да яго: «Ну як?». А той толькі рукой махнуў: лепш, маўляў, не пытайцеся: уляцела — ого-го! Лайдаком мяне абазваў, расказаў, як самому было, як у людзі выходзіў. Але і адпусціўся... Накарміў — ад пуза, дзвесце рублёў мне даў, ладны кавалак сала, сказаў, каб вучыўся і... заходзіў яшчэ.
Пачуўшы гэта, мы ад душы пасмяяліся, а потым, мусіць, кожны падумаў, што неяк іначай наш Колас паступіць і не мог.
Віктар Несцяровіч, г. Лагойск
Маўчы... За разумнага сыдзеш
...Не, яно нездарма людзі кажуць: хто не быў малады, той не быў дурны. І дур гэты ў кожнага свой. Я, напрыклад, нічога дрэннага ніколі не рабіла. Нават па садах не лазіла — у адрозненне ад іншых дзяцей... Хіба што прастадушнай была, залішне даверлівай. З гадамі, праўда, паразумнела, але ж не настолькі, як хацелася б, бо па цяперашнім часе разумным лічыцца той, хто хітры, а шчыры — дык ужо і прыдуркаваты, яму жывецца цяжэй. Зрэшты, мяркуйце самі.
Скончыла я, значыць, школу, атрымала прафесію — на свой хлеб пайшла. Ды што там — да старшага бухгалтара даслужылася.
(Тут анекдот дарэчы. Маленькі Ізя неяк пытаецца: «Дзядуля, а Карл Маркс быў кім?» — «Эканамістам, унучак». — «Як наша цёця Песя?» — «Не, ну што ты... Наша цёця Песя — старшы эканаміст!»)
Вось і я была ўжо старшым.
А сэнс нашай працы ў чым? Думаеце, зрабіць улік усіх вытворчых працэсаў? Ці падвесці вынікі? Не: у верхнія інстанцыі справаздачу здаць. І паказаць у ёй баланс не столькі паміж прыходам і расходам, колькі тым, што ёсць (рэальна, на самай справе), і тым, што патрабуе начальства. Вызавуць яго ў раён, спусцяць нейкую «дырэктыву», — працэс пасля яе пайшоў ці не пайшоў, а вынік бухгалтэрыя дай. І не абы які, а з выкананнем, перавыкананнем і нават апераджальнымі тэмпамі...
У раёне ад нас іх чакаў найперш Сазонавіч. Сам па сабе спецыяліст ён моцны, але ж кіраваць яму найцяжэй было, бо сярод бухгалтараў, як вядома, адны жанчыны. Значыць, голас на іх не павысь, мацюка не загні, словаў «каза» і «аўца» тады не было. Атрымліваецца, што Сазонавіч усяго і мог, што стукнуць кулаком па стале, аддаць справаздачу «ўзад» на дапрацоўку ды (калі ўжо зусім не даходзіць) дурніцамі абазваць.
І тое, і другое, і трэцяе страшней за вайну было (для тых, хто яе не бачыў)... А таму, — падумала я, — трэба неяк ад начальства падалей.
Гэта называецца — чалавек мяркуе.
А начальніца мая, галоўная бухгалтарка, неяк пытаецца:
— У горад хочаш?..
—?! (Ну яшчэ б...)
— ...Тады справаздачу завязеш. Здасі Сазонавічу.
— ?!
— Не бойся, ён дзевак любіць: на цябе крычаць не павінен.
«А калі і пакрычыць, — у дарозе ўжо думаю я, — то неяк сцярплю... Затое потым па крамах пабегаю — у кожныя дзверы. Можа, дзе на імпарт нарвуся».
У прадчуванні гэтага іду ў кабінет. Самога, бачу, у крэсле няма.
— І сёння ўжо не будзе, — кажа нейкая сумная цётка.
(Сазонавіч — я ўжо ведала — на прыём справаздач бухгалтарак запрашаў з найбліжэйшых гаспадарак).
— А як жа мае паперы? — пытаюся ў жанчыны, прымаючы яе за калегу.
— Можаце мне аддаць.
— Праўда?! — не паверыла шчасцю я. — Вось гэта лафа!.. А мне казалі, што Сазонавіч кроў па кропельцы вып'е, пакуль справаздачу прыме, што яму сам чорт не дагодзіць і раптам... Дзякуй вам!
Цётка ў адказ чамусьці маўчала — нават вачэй не ўзняла.
Ну дык я і ходу — з думкай, што і ў крамах пашчасціць...
Выйшла на Ленін-авеню (гэта цэнтральная вуліца, раней Старабыхаўскай звалі) — зазірнула ва ўсе дзверы там. На дэфіцыт, на жаль, не нарвалася — без пакупак паехала дамоў, пабегла ж у кантору і давай хваліцца там сваёю ўдачай ды шчырай размовай з цёткай.
— Яна ў хустачцы была? Стол ад начальніка справа? — удакладнілі канторскія.
— У хустачцы... Справа...
— Дык хто ж цябе за язык цягнуў? Дурніца! — засмяяліся каляжанкі. — Гэта ж ягоная жонка!
Я знячэўку і села!
...Дзіва ці не, але пасля гэтага ніякіх рэпрэсій не было. Можа, «падзяку» маю цётка тая міма вушэй прапусціла, можа, пакінула сабе — мужу не данесла.
А ён (гэта я з часам убачыла) — зусім і не монстр быў: «людзей не еў», мог нават пажартаваць...
Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou