30 мая ў сталіцы быў пабіты тэмпературны рэкорд стагоддзя. Але нават невыносная спёка не змагла сапсаваць свята 10 тысячам выпускнікоў, якія сабраліся ў "Мінск-Арэне" на рэспубліканскае свята "Апошні званок". Да мінчан далучыліся яшчэ 1200 выпускнікоў з рэгіёнаў — па 100 найлепшых з усіх абласцей, а з Мінскай вобласці — 600 хлопцаў і дзяўчат.
Перад пачаткам свята на пляцоўцы, што прылягае да спартыўна-забаўляльнага комплексу, для выпускнікоў выступалі Віталь Карпанаў і група “Дразды”. Побач разгарнуліся фотазоны, выстаўка ДАІ і спецтэхнікі МНС, дзе выстраілася чарга з ахвотных узняцца на аўтаматычнай лесвіцы на вышыню птушынага палёту. У стракатым людскім моры прадстаўнікоў Гомельшчыны было вельмі лёгка пазнаць па адметных шаліках, як і выпускнікоў Лошніцкай гімназіі Барысаўкага раёна, якія фарсілі ў чырвоных капялюшыках.
Выключна раз у год на нашых вуліцах можна пабачыць школьную форму савецкіх часоў. Застаецца толькі здзіўляцца, адкуль дзяўчаты яе бяруць і хто яе столькі гадоў захоўвае? Выпускніцы 10-й сярэдняй школы Пінска Вольга Невар і Ганна Кахнюк таксама красуюцца ў карычневых сукенках з белымі фартушкамі. Вольга кажа, што спецыяльна пашыла форму да апошняга званка, а Ганна раздабыла яе праз знаёмых. "Тут усё так пазітыўна, столькі моладзі. Калі рэспубліканскі апошні званок стане традыцыяй, будзе проста выдатна. Вось толькі шкада, што давялося прапусціць свой школьны званок апошні: дарога да сталіцы няблізкая, — канстатуюць дзяўчаты. — Але з нашага горада на свята трапілі ўсяго 10 чалавек, і мы — сярод шчасліўчыкаў..."
Ганна збіраецца паступаць у абласны медыцынскі ўніверсітэт, а Вольга — у БДУ на псіхолага. У сваіх сілах выпускніцы ўпэўнены: вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання абнадзейваюць. Праўда, Вользе давялося сваю мару крыху адкарэктаваць: першапачаткова яны збіралася паступаць у Ваенную акадэмію на ваеннага псіхолага, але ў пачатку года стала вядома, што набор дзяўчат не плануецца: “Вельмі шкада, я ішла да гэтага з дзяцінства, абрала ваенна-патрыятычны клас, хацела пайсці па слядах дзядулі, які працаваў у міліцыі…” На ЦТ Вольга будзе здаваць беларускую мову. “Я яе лепш ведаю, яна для яе родная”, — упэўнена кажа дзяўчына.
Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА, які наведаў рэспубліканскі "Апошні званок", выказаў упэўненасць, што большасць выпускнікоў цвёрда ведаюць, куды яны будуць паступаць. Для яго апошні школьны званок празвінеў у далёкім 1981 годзе. "Я заканчваў у Полацку сярэднюю школу № 14. У мяне была канкрэтная мэта — паступіць у педагагічны інстытут на гістарычны факультэт, якую я і ажыццявіў. Цудоўна памятаю той майскі дзень, апошні званок і свой выпускны вечар. Школа — гэта незабыўныя ўражанні. Мы па сёння падтрымліваем стасункі з аднакласнікамі, рэгулярна збіраемся на юбілейныя даты".
Пры гэтым міністр прыгадаў, як у свой час, рыхтуючыся паступаць на гістарычны факультэт, дзе патрабавалася яшчэ і веданне замежнай мовы, да апошняга моманту працягваў наведваць факультатыў па матэматыцы, бо лічыў гэты прадмет вельмі карысным, паколькі той развівае логіку мыслення. "Я б раіў выпускнікам надаваць увагу ўсім прадметам аднолькава, незалежна ад таго, якую спецыяльнасць яны абралі, таму што ў агульнаадукацыйнай школе фарміруецца ўсебакова развітая асоба. Увогуле жыццё іх будзе яшчэ неаднойчы экзаменаваць, і, я спадзяюся, яны ўсе выпрабаванні вытрымаюць з годнасцю”.
Адкрываючы ўрачыстую частку свята, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль ЖАРКО зачытаў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў адрас выпускнікоў.
"Зараз думкі і мары кожнага з вас накіраваныя ў будучыню. Якім яна будзе, шмат у чым залежыць ад выбару прафесійных шляхоў і рэалізацыі свайго прызвання, — гаворыцца ў ім. — Куды б ні вывеў гэты пошук, памятайце: вы патрэбныя сваёй Радзіме. Многае зроблена, каб тут, на роднай зямлі, вы маглі развіць свае таленты, дамагчыся поспехаў, адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. Але аўтарамі ўласнага лёсу застаецца вы. Стараннасць і працавітасць — вось пропускі ў паспяховае жыццё".
А далей адбылося ўшанаванне выпускнікоў у розных намінацыях. Узнагароды ў намінацыі "Талент-2018" выпускнікам уручаў Аляксандр Саладуха. Алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч адзначыў самых спартыўных і моцных духам у намінацыі "Чэмпіён". Былі вызначаны найлепшыя ў катэгорыях "Інтэлект" і "Лідар-2018". "Хвіліна славы" была таксама і ў педагогаў. Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўручыў падзякі найлепшым класным кіраўнікам ад кожнай вобласці і Мінска. Акрамя таго, усе пераможцы ў гэтай намінацыі атрымалі па 10 білетаў у аквапарк для навучэнцаў свайго класа. З'явіліся і першыя ўладальнікі тытула "Супершкола". Яго будуць насіць сярэдняя школа № 7 г. Баранавічы, сярэдняя школа № 31 г. Віцебска, гімназія № 1 г. Гродна, Дзераўнянская сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна, сталічная гімназія № 1 імя Ф.Скарыны, Мазырскі дзяржаўны абласны ліцэй і Кадзінская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. Міністр адукацыі ўручыў кіраўнікам гэтых устаноў таксама сертыфікаты на дзве актыўныя сэнсарныя сістэмы (мультыборды).
Ну а самай вясёлай і доўгачаканай атрымалася заключная частка свята, падчас якой перад выпускнікамі выступілі TEO і Вольга Рыжыкава, групы "NavіBand" і "Тяни-Толкай", дзядька Ваня са сваім музычным калектывам, Саша Нэма, Герман, Алена Ланская, Георгій Калдун і іншыя. Зала задорна падхапіла савецкі хіт “Касіў Ясь канюшыну”. А выхад Аляксандра Саладухі на сцэну ў адну секунду разбіў увесь скепсіс у інтэрнэце і сацыяльных сетках наконт прысутнасці спевака на маладзёжным свяце. Словы песняў “Вінаград і “Здравствуй, чужая милая” усе ведалі напамяць, таму зала завялася літаральна з паўабароту і вельмі прыхільна рэагавала на ўсе жарты, якія сыпаліся з вуснаў спевака. Да таго ж Аляксандр запрасіў выпускнікоў далучыцца да яго на сцэне. Двойчы паўтараць сваю просьбу яму не давялося. З добраахвотнікаў тут жа сфарміравалася група падтрымкі. Напрыканцы спявак пажадаў выпускнікам знайсці месцам под сонцам і сваё каханне ў гэтым жыцці, падзякаваў імправізаванаму шоу-балету “Выпускнік-2018” і свята прадоўжылася…
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/aposhni-zvanok