Мастацтва можа быць не толькі творчым актам майстра, але і сацыяльна адказным учынкам. Гэта засведчыў праект «Любоў дзейнічае», што адбыўся ў галерэі-салоне «Арт Хаос»: яго асноўная мэта — продаж твораў беларускіх мастакоў дзеля дабрачынных патрэб.
Мастакі з задавальненнем пагаджаліся ўдзельнічаць у праекце. На выстаўцы было прадстаўлена каля трыццаці мастацкіх твораў. Некалькі работ прадставіла жонка мастака Рамана Кароткіна, які памёр ад анкалагічнага захворвання.
— З самага адкрыцця галерэі мы практыкуем дабрачынныя акцыі. Толькі спачатку яны былі прадстаўлены ў вузкім фармаце — продаж адной карціны. Далей мы вырашылі арганізаваць больш маштабнае мерапрыемства, — расказвае дырэктар Галерэі-салона «Арт Хаос» Лілія Лукашэнка. — Інфармацыя пра наш праект разляцелася па арт-супольнасці, і майстры тэлефанавалі самі, прапаноўваючы выставіць творы. Да пачатку праекта на сайце былі выстаўленыя работы, і іх можна было забраніраваць. І на момант адкрыцця выстаўкі ўсе прадстаўленыя работы былі выкупленыя. Працэс продажу арганізавалі загадзя, каб ужо на адкрыцці разумець, якую колькасць сродкаў удалося сабраць.
Атрыманыя сродкі будуць накіраваныя двум арганізацыям — Фонду дапамогі дзецям у гонар святога Іаана Рускага, які падтрымлівае дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, і сацыяльнадабрачыннай установе з Гродна «Цэнтр дапамогі жыцця», які аказвае паліятыўную дапамогу людзям з анкалагічнымі захворваннямі.
У праграме ўзялі ўдзел дзеці з асаблівасцямі развіцця, быў паказаны фрагмент спектакля «Маленькі прынц» тэатра «Радасць» пад кіраўніцтвам акцёра Рускага драматычнага тэатра імя А. М. Горкага Аляксандра Ждановіча.
Галерэя і далей збіраецца арганізоўваць дабрачынныя выстаўкі, тым больш што ёсць станоўчы досвед і падтрымка мастакоў.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/naviny