Гэтыя словы я пачуў ад Наталлі Трыгубовіч у час яе аповеду пра ранейшае жыццё аднавяскоўцаў. Экскурс у сярэдзіну мінулага стагоддзя яна праводзіла ў зале музея Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната. Мая суразмоўніца — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, педагог, які добра ведае гісторыю свайго краю.
Гісторыю малой радзімы яна не аддзяляе ад гісторыі ўласнай сям'і, мінулага сваіх бацькоў. Расказваючы аб працаўніках, якія стваралі калектыўную гаспадарку, прыводзіць прыклад сваёй маці — простай работніцы, шчырай жанчыны, умелай гаспадыні. З цеплынёй успамінае: маці з маладосці выпісвала газету «Звязда», цікавілася ўсімі навінамі ў Беларусі і ў свеце. Цяпер матулі ўжо няма, але падпіску працягвае бацька, таксама адданы чытач найстарэйшага беларускага выдання.
— У нашу школу паштальён прыносіць «Звязду» разам з іншымі газетамі. Я з вучнямі заўжды чакаю яе. Для сябе, як для выкладчыка беларускай мовы, для аматара гісторыі, абавязкова знаходжу там шмат новага, карыснага. Наша школа санаторная, таму шукаю ў «Звяздзе» актуальную медыцынскую інфармацыю, дзялюся ёю з вучнямі і калегамі.
Што датычыцца музея, то настаўнікі школы часта карыстаюцца яго экспанатамі для арганізацыі тэматычных гутарак «Рэчы з матчынай хаты». Ручнікі, вышыванае адзенне, сямейныя фотаздымкі, хатнія прылады — для дзятвы нібы масток у мінулае. Звяртаюцца да музейнай калекцыі і рыхтуючы традыцыйныя святкаванні.
Яўген Пясецкі
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/chytach
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[6] https://zviazda.by/be/tags/malaya-radzima
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[8] https://zviazda.by/be/tags/natallya-trygubovich