Двухдзённая навуковая канферэнцыя “Шляхта Вялікага Княства Літоўскага: палітычныя інтарэсы і сацыяльная актыўнасць” адкрыецца 7 чэрвеня на гістарычным факультэце ў Белдзяржуніверсітэце. Яна прысвечана 60-годдзю з дня нараджэння беларускага гісторыка Паўла Лойкі.
Удзельнікамі форуму стануць больш за 60 навукоўцаў з Беларусі, Польшчы і Шатландыі. Рабочымі мовамі канферэнцыі з'яўляюцца беларуская, руская, польская, украінская і англійская. Ад БДУ з дакладамі выступяць каля 30 выкладчыкаў, магістрантаў і аспірантаў: прадстаўнікі гістарычнага, філалагічнага факультэтаў, факультэта міжнародных адносін, Інстытута бізнесу, Ліцэя і РІВШ БДУ. Свае даклады навукоўцы прадставяць у чатырох секцыях: "Асоба П.В. Лойкі і даследаванні шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя”,”Палітычная дзейнасць прадстаўнікоў шляхты ВКЛ “, “Генезіс фінансавых і сацыяльных працэсаў у ВКЛ XV— XVIII стагоддзяў" і “Цэнтр і перыферыя ў гістарычных наратывах ВКЛ”.
Па выніках працы навуковага форуму будзе выдадзены зборнік тэзісаў дакладаў удзельнікаў.
Даведка:
Лойка Павел Алегавіч (12 ліпеня 1958 года — 22 кастрычніка 2010 года). Нарадзіўся ў горадзе Слоніме (Гродзенская вобласць). У 1980 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ, пасля чаго быў прыняты на працу ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР. Кандыдат гістарычных навук. Узначальваў кафедру гісторыі Беларусі старажытнага часу БДУ (у 1994—2006 гадах). Аўтар трох манаграфій, школьных падручнікаў для 7, 10 і 11 класаў, а таксама шэрагу калектыўных навуковых работ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/shlyahta