Як актыўныя беларусы рэалізуюць сацыяльна значныя ідэі? Пра гэта расказвае фотавыстаўка «Праекты ў асобах».
Чатыры гады таму адбылася прэзентацыя першага сезона выстаўкі. За мінулы час людзі ў 23 гарадах нашай краіны пазнаёміліся з 71 гісторыяй поспеху. Сёлета ж фотамастак Юлія Мацкевіч прадставіла гісторыі яшчэ 29 беларусаў, у якіх былі ідэі і смеласць, каб змяніць да лепшага свет вакол сябе.
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла, што яна вельмі рада магчымасці паказаць шырокай грамадскасці людзей, якія пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза паляпшаюць жыццё ў беларускіх гарадах. Спадарыня Віктарын асабліва ўхваліла вучня 9 класа сярэдняй школы № 8 Наваполацка: Данііл Савёнак ініцыяваў устаноўку ліфта ў сваёй школе. Вядома, яму дапамагалі дарослыя, але без настойлівасці і веры ў поспех школьніка нічога б не адбылося. Данііл даў многім вельмі важны ўрок: калі чалавек перасоўваецца ў калясцы, гэта не значыць, што ён чагосьці не можа, проста робіць гэта па-іншаму.
«Тое, што вы бачыце, гэта невялікая частка нашай сумеснай работы з грамадскімі арганізацыямі і органамі мясцовай улады, — адзначыла Андрэа Віктарын. — Наша мэта — агульнымі намаганнямі працаваць на карысць Беларусі, павялічваць дабрабыт людзей. Я спадзяюся, што наша выстава падштурхне іншых людзей стаць больш смелымі ў рэалізацыі сваіх планаў, а мы дапаможам».
Намеснік начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Дзмітрый Ермалюк выказаў падзяку краінам ЕС за фінансаванне праектаў і назваў гэтую выставу тэрыторыяй поспеху. «Паміж Беларуссю і Еўрасаюзам ёсць шмат значных, цікавых і рэалізаваных праектаў, пра якія не заўсёды ведае шырокая грамадскасць», — сказаў Дзмітрый Ермалюк.
У Мінску выстава будзе працаваць да 10 чэрвеня, а потым пачне свой шлях па 13 гарадах нашай краіны.
Выстаўка працуе па 9 снежня 2018 года
- Мiнск — 29 мая — 10 чэрвеня
- Валожын — 12 чэрвеня — 24 чэрвеня
- Браслаў — 26 чэрвеня — 8 лiпеня
- Наваполацк — 10 лiпеня — 22 лiпеня
- Мсцiслаў — 24 лiпеня — 5 жнiўня
- Жыткавiчы — 7 жнiўня — 19 жнiўня
- Бяроза — 21 жнiўня — 2 верасня
- Навагрудак — 4 верасня — 16 верасня
- Шчучын — 18 верасня — 30 верасня
- Гродна — 2 кастрычнiка — 14 кастрычнiка
- Брэст — 16 кастрычнiка — 28 кастрычнiка
- Гомель — 30 кастрычнiка — 11 лiстапада
- Магiлёў — 13 лiстапада — 25 лiстапада
- Вiцебск — 27 лiстапада — 9 снежня
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vystava