Тут заўсёды было такое раздарожжа. Напачатку — мяжа паміж савецкімі і польскімі тэрыторыямі, потым — месца, дзе «злучаліся» Брэсцкая, Мінская і Гомельская вобласці. Аднак сённяшнім статусам горад Мікашэвічы абавязаны гранітнаму кар'еру, на якім пабудавана адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па здабычы каменю.
На каменнай «падушцы»
Калі прыгледзецца да гісторыі гэтай мясціны, стане зразумела, што яе стваралі рабочыя. Упершыню Мікашэвічы — тады яшчэ вёсачка на пару дамоў — згадваюцца ў 1875 годзе. Штуршком да развіцця і росту паслужыла будаўніцтва чыгункі. Яшчэ адну прыступку пасёлак адолеў, калі тут запрацаваў фанерны завод. Да 1939 года пры польскіх гаспадарах на ім выраблялі прадукцыю, якая карысталася попытам за мяжой, напрыклад матэрыялы для тагачасных паветраных апаратаў.
Самай значнай і лёсавырашальнай для горада падзеяй стала выяўленне побач залежаў гранітнага каменю. Фактычна ўсё тут пабудавана на каменнай «падушцы», пра якую геолагі-даследчыкі загаварылі яшчэ ў 60-я гады, але з-за маруднай распрацоўкі дакументацыі здабыча пачалася толькі праз 15 гадоў.
Цяпер з больш чым 12 тысяч жыхароў каля 2,5 тысячы працуюць на прадпрыемстве «Граніт».
— Напачатку прыязджалі рабочыя, каб будаваць завод, потым — каб працаваць на ім. Першыя перасяленцы з'язджаліся з усяго Савецкага Саюза. Напэўна, адсюль і асаблівае стаўленне жыхароў адзін да аднаго, — лічыць старшыня Мікашэвіцкага гарадскога выканаўчага камітэта Галіна Сыцэвіч. — Людзі будаваліся ўсім мірам, жылі побач. Не дзіва, што адбыўся сімбіёз культур. Напрыклад, калі тут ішло будаўніцтва жылля, жыхары не проста чакалі, калі ім выдзеляць кватэру, а пасля працы ішлі дапамагаць будаўнікам, агулам высаджвалі алеі, стваралі кветнікі...
А давайце патанцуем!
Падпарадкаваны Лунінецкаму раёну горад мае жорстка распланаваны бюджэт. Аднак частка работ тут выконваецца за кошт спонсарскай дапамогі — завод выдзяляе гарадскім службам тэхніку і прадукцыю, той жа шчэбень для падсыпкі дарог, а таксама грашовыя сродкі. Такім чынам гарадскія ўлады атрымліваюць дадатковыя магчымасці асфальтавання вуліц, пракладкі тратуарнай пліткі і агульнага добраўпарадкавання.
Цікава, што прадпрыемства фактычна адказвае і за ўвесь культурны адпачынак жыхароў. Палац культуры ў Мікашэвічах пабудаваны за кошт «Граніта» і, па сутнасці, падпарадкоўваецца прадпрыемству. Плошча перад Палацам культуры — гэта цэнтр горада. Прадпрыемства запланавала на гэты год работы па навядзенні тут прыгажосці. Калі ўсё атрымаецца, на плошчы паставяць адкрытую сцэну, фантан і арганізуюць зону адпачынку. Дарэчы, з другога боку будынка знаходзіцца вулічны трэнажорны комплекс, які жыхары таксама атрымалі ў падарунак ад прадпрыемства.
— Калі памятаць, што больш за дзве тысячы чалавек працуюць на «Граніце», атрымліваем значную частку гарадскога насельніцтва. Мы разлічвалі, што жонкі, дзеці, бацькі нашых работнікаў змогуць бавіць тут час — адпачываць, трэніравацца, — каментуе намеснік генеральнага дырэктара РУВП «Граніт» Маргарыта Серавокая.
Прадпрыемства мае восем творчых самадзейных калектываў, а гараджане могуць удзельнічаць у танцавальных, вакальных і тэатральных гуртах, якія створаны на базе Палаца культуры.
— У маім гурце займаецца 90 дзяцей узростам ад пяці да чатырнаццаці гадоў, — расказвае Наталля Тумакова, кіраўнік узорнага калектыву эстрадна-спартыўнага танца «Эдэльвейс». — Уплыў прадпрыемства на дзейнасць гуртоў адчувальны. Як прыклад — харэаграфічны клас, дзе мы з вамі цяпер знаходзімся. Гады тры таму тут усталявалі люстэркі да падлогі, балетныя станкі, кандыцыянеры. Калі дзеці выязджаюць куды-небудзь з канцэртам, транспарт зноў жа аплачвае прадпрыемства.
Акрамя гарадскіх і раённых свят, творчыя калектывы ўдзельнічаюць у міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах. У якасці падзякі за прызавыя месцы для дзяцей арганізуюць бяплатныя ранішнікі, святы, дыскатэкі. Дарослыя артысты і кіраўнікі гуртоў атрымліваюць матэрыяльнае заахвочванне. Жыхары горада, як заўважае кіраўнік творчага калектыву MіkаDаnсе Іван Нямчэня, «лёгкія на прапанову». Напрыклад, сам маладзёжны калектыў MіkаDаnсе ўзнік з кінутага аднойчы жарту. Маладыя бацькі прыводзілі дзяцей на танцавальныя заняткі і чакалі малых тут жа, у калідоры. І аднойчы нехта напаўсур'ёзна прапанаваў: «А давайце патанцуем у суседнім класе?»
І наймальнік, і дэпутат
Буйное прадпрыемства ў многім вызначае лёс невялікага горада. Так, некаторыя прадстаўнікі кіраўнічага звяна абраны дэпутатамі мясцовага Савета. Генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч наогул з'яўляецца «тройчы дэпутатам» — гарадскога, раённага і абласнога Саветаў.
Гэта дазваляе аказваць дапамогу не толькі аб'ектам прадпрыемства, але і тэрыторыі горада, бліжнім населеным пунктам. Раз на месяц кіраўнік прадпрыемства праводзіць прыём па асабістых пытаннях як наймальнік і адначасова як дэпутат. Сёлета, напрыклад, па просьбе жыхароў была ўстаноўлена сотня лавачак і сметніцы каля дамоў, а дзіцячы садок у вёсцы Сінкевічы атрымаў дзякуючы прадпрыемству гульнявы комплекс. Завод забяспечвае жыхароў рабочымі месцамі, сярод супрацоўнікаў шмат сямейных дынастый. Мясцовая моладзь часта вяртаецца пасля вучобы на радзіму, і таму колькасць прыезджых спецыялістаў, наадварот, невялікая. Як правіла, арэнднае жыллё часта патрабуецца для маладых медыкаў, служачых РАНС, РАУС. У калектыўным дагаворы прапісаны шэраг сацыяльных ільгот для работнікаў...
Як відаць, развіццё горада ў многім залежыць ад дабрабыту прадпрыемства. Так што, акрамя пераваг, існуе таксама вялікая адказнасць, бо ад ініцыятывы і кампетэнтнасці кіраўнікоў-дэпутатаў, іх умення слухаць сваіх выбаршчыкаў-падначаленых залежыць камфортнасць жыцця гараджан.
Ужо падрыхтаваўшы матэрыял да друку, падумала: паміж сельскімі, раённымі і гарадскімі Саветамі дэпутатаў, якімі б рознымі яны ні былі, усё ж можна адсачыць падабенства: часцей за ўсё грамадскі абавязак дэпутата нясе на сабе чалавек, які займае кіраўнічую пасаду. З аднаго боку, сітуацыя цалкам заканамерная. Такі народны абраннік ужо мае вопыт арганізацыі працы, умее пралічваць бюджэт, складаць планы развіцця і гэтак далей. І ўсё ж такі падаецца, што работа мясцовых Саветаў была б яшчэ больш эфектыўнай, калі б у ёй шырэй прымалі ўдзел прадстаўнікі шырокараспаўсюджаных пасад і прафесій: настаўнікі, урачы, бібліятэкары, будаўнікі, электрыкі... Такім чынам, навыкі кіраўнікоў маглі б спалучацца з «нізавой» ініцыятывай грамадзян, якія бачаць праблему не «зверху», а «знутры».
Нарэшце, існуе далікатны момант, калі падчас канфлікту з начальнікам на працы чалавек не можа звярнуцца па дапамогу да народнага абранніка, бо кіраўнік і дэпутат — гэта адна асоба. У выпадку, калі б мясцовы Савет складаўся са спецыялістаў розных узроўняў, то і на канфліктную сітуацыю яны глядзелі б па-рознаму.
У кожнай мясцовасці свая спецыфіка, а ў кожнага чалавека — сваё меркаванне. Цікава, а што думаеце наконт гэтага вы, паважаныя чытачы?
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ragneda-yurgel
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/mikashevichy
[5] https://zviazda.by/be/tags/galina-sycevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/granit-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/edelveys-0