Размова ідзе пра літаграфічную серыю малюнкаў іспанскага мастака Сальвадора Далі, якая сярод іншых упершыню прывезена ў Беларусь з Санкт-Пецярбурга.
Тут побач Траянскі конь і Буцэфал Аляксандра Македонскага, вершнік-пікадор і евангельскі Цэнтурыён, Пегас і Адзінарог, Святы Георгій Пераможца і конь Смерці. Нават Марскі канёк ёсць.
Некаторыя вобразы асобнымі часткамі цела нагадваюць жанчын. Мастацтвазнаўцы звязваюць гэта з захапленнем эксцэнтрычнага іспанца працамі Зігмунда Фрэйда. Тайнапіс Сальвадора Далі ўвогуле мае шмат розных прачытанняў.
— Работы Далі напоўнены сімваламі, — кажа старшы захавальнік фондаў гомельскай мастацкай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі Таццяна Барысава. — Тут яго фобіі, напрыклад, знакамітыя конікі, якіх ён баяўся з дзяцінства, альбо мыліцы, выявы якіх сустракаюцца на многіх карцінах. Тут лётаюць матылькі — гэта адно са шматлікіх увасабленняў яго ўлюбёнай жонкі Галы. Дарэчы, складаныя ўзаемаадносіны з ёй зашыфраваны яшчэ ў адной з прадстаўленых на выставе графічных серый — «Трылогіі кахання».
У экспазіцыі можна ўбачыць пяць графічных серый, якія змяшчаюць 61 літаграфію і ксілаграфію. Яны былі атрыманы ад прыватных калекцыянераў і галерэй Еўропы і Амерыкі. Серыя «Кармэн», напрыклад, створана па сусветна вядомай навеле французскага пісьменніка Праспера Мерымэ і аднайменнай оперы Жоржа Бізэ. Сюды ўвайшлі выразныя партрэты галоўных герояў, віды Севільі, горныя пейзажы.
Казачная аповесць Люіса Кэрала «Прыгоды Алісы ў краіне цудаў» пабачыла свет у 1865 годзе, а Сальвадор Далі, сам падобны на аднаго з персанажаў твора, зрабіў свае ілюстрацыі больш чым праз 100 гадоў пасля першай публікацыі. Кнігу з малюнкамі Далі назвалі сустрэчай двух вялікіх сюррэалістаў, тэкст казкі суправаджалі 12 (па ліку частак) работ. У 1984 годзе «Прыгоды Алісы ў краіне цудаў» былі выпушчаны як асобная серыя літаграфій.
Кожны глядач, што адправіцца ў вандраванне па маляўнічай «краіне мрой, летуценняў і міфаў», зможа адкрыць новыя грані творчасці знакамітага майстра.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/salvador-dali
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyyaulenchae-mastactva