Рэспубліканская спартакіяда работнікаў лясной гаспадаркі пройдзе з 15 па 17 чэрвеня ў Віцебску. Яе арганізатарамі выступяць міністэрствы лясной гаспадаркі, спорту і турызму, Беларускі прафесійны саюз работнікаў лесу і прыродакарыстання.
У спартакіядзе прымуць удзел больш за 200 чалавек. Гэта зборныя каманды дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб'яднанняў, зборная каманда Мінска з ліку падпарадкаваных арганізацый Міністэрства лясной гаспадаркі, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
У праграме спаборніцтваў — сем дысцыплін: міні-футбол, валейбол, стральба з лука па аб’ёмных постацях жывёл (3-D стральба), настольны тэніс, лёгкаатлетычны крос, гіравы спорт, плаванне. Пераможцаў спартакіяды чакаюць дыпломы і прызы ад арганізатараў мерапрыемства.
Раней ужо адбыліся спаборніцтвы ў працоўных калектывах арганізацый, у клубах фізічнай культуры і спорту галіны, а таксама абласныя галіновыя спартакіяды.
Сярод асноўных задач рэспубліканскай спартакіяды — далучэнне працаўнікоў да здаровага ладу жыцця, арганізацыя актыўнага адпачынку работнікаў галіны і членаў іх сем'яў, абмен вопытам работы ў галіне фізічнай культуры і масавага спорту, захаванне спартыўных традыцый.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/les