Музей у самалёце АН-26, які адлятаў свой тэрмін, — нагода пабываць у ваенным гарадку Мачулішчы, што недалёка ад Мінска. Зразумела, на тэрыторыю вайсковага падраздзялення проста так не трапіш, таму для ахвотных тут прадугледжана магчымасць арганізаванага наведвання музея па папярэдняй дамоўленасці.
Мне пашанцавала: у маім выпадку экскурсію па самалёце-музеі праводзіў знаўца ваеннай гісторыі і тэхнікі — намеснік камандзіра эскадрыллі падпалкоўнік Андрэй Пучко. Ён паведаў пра баявы шлях падраздзялення, пра экспанаты музея — дакументы і асабістыя рэчы авіятараў, узоры ўзбраення, узнагароды тых, хто вызначыўся у баявых аперацыях і пры ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Амаль пад крыламі самалёта-музея пралегла алея Герояў, дзе на мармуры ўвекавечаны імёны аднапалчан.
А яшчэ пашчасціла пазнаёміцца з цікавым чалавекам. Пажылы мужчына ў цывільным уважліва слухаў нашага экскурсавода, часам уступаючы з ім у дыялог. Гэта быў палкоўнік запасу Ігар Арабей. Уражвала яго веданне армейскага жыцця, манера лаканічна і сцісла выказваць думку. Аказалася, што Ігар Арабей у мінулым прымаў удзел у ваенных аперацыях далёка ад Радзімы. Падчас аднаго з баёў быў цяжка паранены.
— Перавозілі мяне ў шпіталь на Радзіму вось на такім самым самалёце АН-26, — расказаў мой субяседнік. — Хто ведае, можа гэта і ёсць той жа самы мой ратавальнік?
Той ці не — высветліць нам не ўдалося. З таго бою мінула амаль палова стагоддзя, ваенная тэхніка, як і самі вайскоўцы, за гэты час не аднойчы мяняла месца свайго знаходжання. Ігар сёння на пенсіі, але без справы не сядзіць — кіруе музеем памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у маладзечанскай школе № 14.
Сталую прапіску атрымаў у ваенным гарадку былы баявы лайнер АН-26. Пасля свайго апошняга прызямлення самалёт стаў музеем — надзейна захоўвае ў пераабсталяваным салоне памяць пра вайскоўцаў, якія служылі ў падраздзяленні і памнажалі яго баявую славу.
Яўген ПЯСЕЦКІ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-na-trynaccatuyu-0